Пра арганізацыю
 - мэты і задачы
 - рэгіянальныя структуры
 - кіраўнічыя органы
 - дзейнасць у 2001 годзе
 - дзейнасць у 2002 годзе
Маніторынг (моўны)
СМІ пра нас
Мы ў СМІ (публікацыі)
Статыстыка
 - перапіс
 - адукацыя
Афіцыйная перапіска
Дакументы
Стратэгія развіцця мовы
Гісторыя Беларусі. Асобы
Газета 'Наша слова'
БНУ
 - канцэпцыя
 - перапіска
СМІ пра БНУ
Беларускі відэаклуб



Да галоўнай Пошта
Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны


-- ТБМ --



Справаздачны даклад старшыні ТБМ Алега Трусава
(травень 2001-лістапад 2003 гг.)


    Паважаныя дэлегаты і госці з'езда!
    Вітаю вас у сценах гэтага гістарычнага будынка, дзе пануе беларуская мова і гучыць духоўны гімн беларусаў свету "Магутны Божа". Напачатку некалькі слоў пра абсягі Таварыства . Дзякуючы Міністэрству юстыцыі, мы ўпершыню маем дакладныя лічбы па ўсіх рэгіянальных структурах ТБМ. Па стану на першага кастрычніка ў шэрагах ТБМ налічваецца 7 тысяч грамадзян Беларусі і каля 300 замежных грамадзян. Зараз на тэрыторыі Беларусі дзейнічае 109 рэгіянальных арганізацый, прычым 62 з іх стаяць на дзяржаўным уліку ў мясцовых органах улады. Суполкі ТБМ існуюць у Літве, Латвіі, Расіі, Украіне, Польшчы, Германіі, ЗША, Англіі , Канадзе і іншых краінах свету. Сакратарыят выдаў 1656 Пасведчанняў сябра ТБМ.
    Зараз наша арганізацыя ўваходзіць у дзесятку самых вядомых недзяржаўных арганізацый Беларусі і наша дзейнасць шырока асвятляецца ў айчынных і замежных сродках масавай інфармацыі. Мы маем добрыя міжнародныя кантакты з адпаведнымі арганізацыямі Украіны, Польшы і іншых краін. Мы ператварыліся ў праваабарончую арганізацыю, што бароніць лінгвістычныя правы нашых грамадзян, іх неад'емныя правы размаўляць і карыстацца беларускай мовай у розных сферах свайго жыцця і працы.
    Адначасова актывізавалася і наша культурна-асветніцкая дзейнасць. Гэта розныя вечарыны, месячнікі, семінары, сустрэчы з пісменнікамі, конкурсы, выдавецкая дзейнасць. Больш падрабязна аб гэтым распавядзе сп. Дзіцэвіч.
    Трэці накірунак нашай дзейнасці - гэта беларускае кампутарнае забеспячэнне, змаганне за пашырэнне беларускай мовы ў СМІ, у тым ліку ў Інтэрнэце, а таксама распрацоўка канцэпцыі міжнароднага спадарожнікавага беларускага тэлеканала. Інфармацыю на гэту тэму давядзе да прысутных Сяржук Кручкоў.
    Актыўна працавала і наша прэса. 25 сакавіка 2002 года была зарэгістравана другая ўсебеларуская газета ТБМ "Новы Час", якую ўзначаліла Алена Анісім. Сёння ў нас будзе магчымасць паслухаць яе справаздачу, а таксама выступ галоўнага рэдактара "Нашага Слова" Станіслава Судніка. Маючы дзве газеты, а таксама некалькі рэгіянальных бюлетэняў можна паспяхова весці культурна-асветніцкую работу.
    Назіраецца пашырэнне структур ТБМ у рэгіёнах Беларусі. За апошнія два гады стварыліся новыя суполкі ТБМ у Драгічынскім, Брэсцкім, Воранаўскім, Шумілінскім, Шчучынскім, Іўеўскім, Бераставіцкім, Докшыцкім, Гомельскім, Дубровенскім і Мінскім раёнах. Аднак шмат яшчэ ёсць раёнаў на Магілёўшчыне, Брэстчыне і Гомельшчыне, дзе адсутнічаюць нашыя структуры, а тыя што ёсць знаходзяцца ў стане закрыцця. Такая сітуацыя склалася ў Касцюковіцкім, Калінкавічскім і Крычаўскім раёнах. Практычна не працуе Брэстская абласная арганізацыя і мы вырашылі разгледзець гэта пытанне на канферэнцыі дэлегатаў з Берасцейскай вобласці, якая адбудзецца сёння, падчас абеду. Далёка не ўсе нашы структуры здалі сяброўскія складкі яшчэ за мінулы год, не кажучы ўжо пра сёлетні гадавы ўзнёсак.
    За справаздачны перыяд кіраўніцтвам праведзены 6 пасяджэнняў Рэспубліканскай Рады і 33 сакратарыята. Пра фінансавыя справы ТБМ вы пачуеце ў дакладзе Рэвізійнай камісіі.
    За апошні час рабочая група дапрацавала тэкст Стратэгіі развіцця беларускай мовы, прыняты на мінулым з'ездзе. Дазвольце выказаць шчырую падзяку сп. сп. Сымону Борысу і Вользе Кузьміч, якія давялі гэтыя тэксты да працоўнага стану і падрыхтавалі яго да друку. Сёння кіраўнікі абласных структур ТБМ атрымаюць дыскеты з тэкстамі Стратэгіі для штодзённай працы.
    Галоўным накірункам дзейнасці арганізацыі з'яўляецца пашырэнне сферы ўжытку беларускай мовы, праца па наданні ёй рэальнага статусу дзяржаўнай.
    У 2002 годзе прапановы ТБМ былі ўлічаны пры падрыхтоўцы новай рэдакцыі закона "Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь". Дзякуючы гэтаму, у артыкуле 5 Закона запісана, што "дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару мовы навучання і выхавання і стварае адпаведныя ўмовы для рэалізацыі гэтага права. Навучанню беларускай мове, выданню літаратуры і вучэбных дапаможнікаў на беларускай мове аказваецца дзяржаўная падтрымка". А паводле артыкула 32 "Сістэма вышэйшай адукацыі забяспечвае грамадзянам магчымасць навучання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь шляхам стварэння ў ВНУ беларускамоўных і рускамоўных груп (патокаў)". Такая заканадаўчая база стала добрым грунтам у нашай працы па пашырэнні беларускамоўная адукацыйнай прасторы. Мы звярнуліся ва ўсе аддзелы адукацыі краіны, вышэйшыя навучальныя ўстановы з пытаннямі аб тым, як выконваецца імі існае заканадаўства. Як вынік - адкрыццё з 1 верасня 2002 года беларускамоўнай гімназіі на базе 23 СШ, спроба адкрыцця беларускамоўнага класа ў Магілёўскай нацыянальнай гімназіі, стварэнне студэнцкай беларускамоўнай групы ў Мінскім медыцынскім інстытуце.
    Звяртаем Вашую ўвагу і на тое, што ў пераважнай большасці беларускамоўных школ не вытрымліваецца моўны рэжым. Частка прадметаў (а часам пераважная большасць іх), нават у вясковых школах, выкладаецца не на беларускай мове. У гарадской мясцовасці працуе толькі 51 беларускамоўная школа (з іх 7 у Мінску). У 118 раённых цэнтрах Беларусі ўсяго 44 школы з беларускай мовай навучання. Гэта сведчыць пра тое, што ў большасці гарадоў краіны не забяспечваецца канстытуцыйнае права выбару мовы навучання і выхавання (артыкул 50 Канстытуцыі). Дэкларуемая ўпраўленнямі адукацыі гатоўнасць навучаць дзяцей па-беларуску ў рускамоўных школах на практыцы пусты гук.
    Варта адзначыць, што прынятая 27 жніўня 2001 г. Пастанова № 48 Міністэрства адукацыі пад назовам "Праграма дадатковых мер па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў сістэме адукацыі" практычна не выконваецца. Упэўнены, што гэтая Пастанова прымалася папярэднім кіраўніцтвам Міністэрства невыпадкова. Яе з'яўленне было выклікана зніжэннем колькасці вучняў, якія навучаліся па-беларуску, з 30% у 1999/2000 навучальным годзе да 29% у 2000/2001 г. Згодна з класіфікацыяй ЮНЭСКО лічыцца, што калі на роднай мове гаворыць меней за 30% дзяцей і моладзі, то мова знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Сёлета зніжэнне колькасці дзяцей, якія навучаюцца па-беларуску, дасягнула рэкордна нізкай адзнакі - 26,3%.
    У 2002 годзе не змаглі працягнуць адукацыю на беларускай мове 23276 выпускнікоў беларускамоўных школ (27,1% ад агульнай колькасці выпускнікоў). Сёлета адбыўся самы вялікі беларускамоўны выпуск - 24688 вучняў, гэта 28,2% ад агульнай колькасці выпускнікоў, для якіх сапраўдная беларускамоўная адукацыя на гэтым закончыцца. А Міністэрства адукацыі, яго галоўнае ўпраўленне вышэйшай і сярэдняй адукацыі, рэктары ВНУ не спяшаецца выконваць артыкул V вышэйзгаданай Пастановы.
    Таварыства пастаянна патрабуе ад уладных структур пашырэння беларускамоўнага вяшчання на радыё і тэлебачанні, дапамагае грамадзянам краіны адстаяць свае канстытуцыйныя правы на атрыманне адукацыі ў роднай мове, імгненна рэагуе на самыя розныя праявы вынішчэння і дыскрымінацыі роднага слова. З нагоды закрыцця на радыё беларускамоўнай перадачы "Голас душы" з Чырвонага касцёла, адмены ў школах экзамена па беларускай літаратуры, пераследу Саюза беларускіх пісьменнікаў і шмат іншага - былі прынятыя адпаведныя заявы, звароты, заклікі. Дзякуючы актыўнасці сяброў ТБМ, за кароткі час ў аўтаматызаваную службу (088) дакладнага часу па Мінску была вернута беларуская мова. Зараз мы можам пачуць і прагноз надвор'я па-беларуску, калі набярэм адпаведны нумар тэлефона. Мы можам пачуць абвесткі па-беларуску ў аўтобусе № 100 на праспекце імя Францішка Скарыны і іншых гарадскіх транспартных сродках. Мелі станоўчы вынік нашы лісты кіраўніцтву Польшчы аб захаванні беларускай службы "Радыё Палонія".
    Актыўна працуе і бібліятэка ТБМ, якая мае звыш 1500 адзінак беларускіх кніг, з іх каля 150 кніг рарытэтныя, бо былі надрукаваны ў 1900-1930 гг. Каля 220 адзінак з кнігазбора бібліятэкі ТБМ маюць дароўныя подпісы і аўтографы ранейшых ды сучасных аўтараў.
    Сёння дарэчы ўзгадаць і нашых сталых сяброў-дабрадзеяў, якія падтрымліваюць ТБМ матэрыяльна і запрошаны на з'езд у якасці дэлегатаў і гасцей. Гэта Васіль Петруковіч, Іван Жытко, Фелікс Шкірманкоў, Антон Фурс, Марыя Сафро, Анатоль Скрэчка, Міхась Скобла, Надзея Барт-Юрэвіч, Валер Палсцюк, Іна Казлоўская і шмат іншых.
    Адным з новых накірункаў дзейнасці ў 2002 годзе стала праца па стварэнні камп'ютэрнай праграмы для праверкі арфаграфіі ў руска-беларускіх перакладах, а таксама пошукі шляхоў стварэння падарожнікавага тэлебачання на беларускай мове.
    ТБМ разам з Саюзам пісьменнікаў Беларусі прымала актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні Міжнароднага сімпозіума "Разнастайнасць моў і культур у кантэксце глабалізацыі". У падрыхтоўчы да сімпозіума перыяд мы правялі тры "круглых сталы" па наступных тэмах: "Аб нацыянальнай тоеснасці мовы ў рэкламе і маркетынгу"; "Беларуская мова. Інтэрнэт і кампутар"; "Мова і адукацыя. Падручнікі, методыкі і дапаможнікі".
    Зараз ТБМ плённа супрацоўнічае з Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь. У выніку гэтага супрацоўніцтва Камітэт па стандартызацыі, метралогіі і сэртыфікацыі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь уключыў у новыя беларускія стандарты ўжыванне дзяржаўнай беларускай мовы пры маркіроўцы тавараў як абавязковай, чаго раней не было. Па нашай прапанове адпаведная Камісія Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі падрыхтавала змены ў існуючы "Закон аб мовах", але ў парадак дня восеньскай сесіі ён пакуль не ўключаны.
    Нельга не сказаць і пра распаўсюд беларускай мовы ў царкве. За апошнія два гады выйшлі грунтоўныя пераклады Бібліі на беларускую мову айца Чарняўскага і Васіля Сёмухі. Вельмі актыўную пазіцыю ў гэтым пытанні ў апошнія часы заняў рыма-каталіцкі касцёл, дзе зараз наша мова актыўна выкарыстоўваецца ў богаслужбе і справаводстве. Трэба таксама адзначыць дзейнасць праваслаўнага братства "Трох віленскіх пакутнікаў", пратэстантскай царквы "Благадаць", беларускіх татараў-мусульман, якія лічаць сваёй роднай мовай беларускую. З усімі вышэйзгаданымі канфесіямі ў сяброў ТБМ маюцца добрыя стасункі і ўзаемапавага.
    Усе беларускае грамадства ўзрушыла вестка аб закрыцці Нацыянальнага гумагнітарнага ліцэя, які з'яўляецца адной з лепшых навучальных устаноў Беларусі. Мы актыўна падтрымліваем імкненні ліцэістаў і іх бацькоў навучацца па-беларуску і таму прымаем на з'ездзе адпаведную заяву. Відаць, варта новаму кіраўніцтву ТБМ разгледзіць пытанне аб адкрыцці на базе ліцэя з верасня 2003 года Беларускага народнага універсітэта з беларускай мовай навучання пакуль на грамадскіх пачатках. Такім чынам наша талентавітая моладзь зможа атрымаць і вышэйшую адукацыю на роднай мове, якую потым замацуе ў лепшых універсітэтах Еўропы.
    Нельга не згадаць і сітуацыю, што склалася на беларускай чыгунцы і Беларускім тэлебачанні. Спробы вывесці амаль цалкам беларускую мову з ужытку ў вышэйзгаданых дзяржаўных установах павінны атрымаць рашучы адпор.
    Дарагія сябры! Мы падрыхтавалі праекты заявы і звароту з'езда ТБМ да грамадства і жыхароў Беларусі. Спадзяюся, што Вы возьмеце актыўны ўдзел у іх разглядзе і прыняцці.
    Дзякую за ўвагу.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.