Сяргей Кручкоў
намеснік старшыні ТБМ
Садаклад:
"Беларуская мова ў інфармацыйнай прасторы"
Урады ўсіх цывілізаваных краін свету прыкладаюць вялікія, каб мовы этнасаў, якія жывуць у гэтых дзяржавах былі паўнавартасна прадстаўлены ў інфармацыйнай прасторы. На жаль, гэтага не скажаш пра Беларусь, нягледзячы на тое, што Арганізацыя Аб'яднаных Нацый пастаянна звяртае ўвагу ўрадаў краін на гэтую праблему. Так ў 40 артыкуле Сусветнай дэкларацыі лігвістычных правоў, прынятай у Барселоне 8 чэрвеня 1996 г., сказана, што кожная моўная супольнасць мае права мець у распараджэнні абсталяванне, якое выкарыстоўваецца ў сродках масавай інфармацыі і камунікацыі, адаптаванае для моўнай сістэмы, а таксама праграмнае забеспячэнне на сваёй мове з тым, каб цалкам выкарыстоўваць патэныял перадавых тэхналогіяў для свабоднага выражэння думак, адукацыі, камунікацыі, выдавецкай дзейнасці, перакладаў і апрацоўкі інфармацыі, а таксама для распаўсюду культуры ў цэлым.
Мне неаднаразова прыходзілася даводзіць думку, што без паўнавартаснай падтрымкі беларускай мовы ў інфармацыйных тэхналогіях беларусы рызыкуюць стаць непісьменнай нацыяй, нават калі мову змогуць захаваць непасрэдныя носьбіты, бо ў век інфармацыйных тэхналогій мова цалкам згубіць свае ўталітарныя фунцыі.
Тое назіраецца ўжо цяпер. Да прыкладу, з пачатку 2003 года ўлік ў пенсійным фондзе Рэспублікі Беларусь прераведзены на камп'ютэрную апрацоўку дадзеных. Большасць з дэлегатаў з'езда пэўна ўжо маюць рускамоўныя пластыкавыя страхавыя пасведчанні, выдадзеныя гэтым фондам. Тыя, хто патрабавалі беларускамоўны варыянт пасведчання, атрымалі яго на звычыйнай паперчыне. Але ўсёроўна ўлік у пенсійным фондзе вядзецца выключна па-руску. Рэч у тым, што па словах кіраўніцтва фонда ў Беларусі дагэтуль не прынятыя стандарты для беларускіх літар "і", "ў" і знака апострафа ў электроннай сферы. Падобная сітуацыя і ў банкаўскім сектары. Пластыкавыя карткі спажыўцам выдаюцца на рускай або англійскай мовах. Беларуская ж мова ў праграмах, якія выкарыстоўваюць банкі, не падтрымліваецца. Тое ж чакае і большасць айчынных таваравытворцаў, якія па рашэнні Дзяржстандарта з пачатку 2004 года павінны будуць змяшчаць на ўпакоўках інфармацыю для спажыўца на беларускай мове, сутыкнуцца з праблемай адсутнасці праграмы праверкі арфаграфіі беларускамоўных тэкстаў. З гэтай жа прычыны выдаткі тых выдавецтваў, газет і часопісаў, якія друкуюць па-беларуску значна вышэйшыя. Фактычна створаны ўмовы, калі беларуская мова ў сваёй краіне прайграе ў канкурэнтнай барацьбе.
На жаль, уладныя структуры Беларусі, ад якіх залежыць стварэнне ўмоваў для паўнавартаснага функцыянавання беларускай мовы ў век інфарматызацыі не зацікаўлены ў вырашэнні надзённых пытанняў. Лічу, што Таварыства беларускай мовы разам са сваімі партнёрамі і аднадумцамі можа і павінна на бліжэйшыя гады ўзяць на сябе ініцыятыву развязання большасці самых актуальных праблемаў у інфармацыйнай сферы. А менавіта:
1. Закончыць працу па стварэнні праграмы праверкі арфаграфіі беларускамоўных тэкстаў, якая б мела два правапісных варыянты беларускай мовы. Спадзяюся, што гісторыя сама вызначыць, якім шляхам будзе развівацца беларуская мова. Дарэчы, украінскім кіраўніцтвам для стварэння падобнай праграмы ў свой час было выдаткавана сума ў памеры каля 100.000 долараў ЗША. Бо ў нашых суседзяў гэтая праблема была своечасова асэнсавана, і стварэнню праграмы праграмы праверкі арфаграфіі быў нададзены статус дзяржаўнай важнасці. А ў нас, распрацаваная некалькі гадоў таму на кафедры матэматычнага забеспячэння аўтаматызаваных сістэм кіравання БДУ рабочая версія такой праграмы дагэтуль не даведзена да масавага карыстальніка з-за свядомага тармажэння з боку чынавенства. Таму сябры ТБМ на грамадскіх пачатках мусяць ствараць такую праграму наноў.
2. Аб'яднаць намаганні ўсіх зацікаўленых асоб і структур па стварэнні нацыянальнага электроннага корпуса. Такі корпус будзе карысным у шматлікіх даследваннях па розных накірунках: у лексікаграфіі, штучным інтэлекце, моўным сінтэзе і распазнаванні, літаратуразнаўстве і ва ўсіх накірунках лінгвістыкі. Напрыклад, толькі ў лексікаграфіі методыкі, заснаваныя на корпусным падыходзе, дадуць магчымасць даследваць лінгвістычныя і па-за лінгвістычныя асацыяцыі асобных слоў. Раней складальнікі слоўнікаў абмяжоўваліся вызначэннем магчымага значэння слова. Цяпер яны могуць таксама даваць інфармацыю аб найбольш распаўсюджаных значэннях, частотнасці слоў і кантэксце, дзе словы і значэнні з'яўляюцца найбольш звыклымі. Тое ж тычыцца і граматычных структур. Фактычна ўсе еўрапейскія мовы маюць свае корпусы. Нядаўна ва Украіне была аб'яўлена дзяржаўная праграма па стварэнні корпуса. Ствараюцца паралельныя і параўнальныя корпусы для балгарскай, чэшскай, эстонскай, вугорскай, румынскай і славенскай моваў. Самы распрацаваны са славянскіх чэшскі корпус фундуюць вядучыя чэшскія банкі. У нашыя дні большая частка сур'ёзных даследванняў у галіне корпуснай лінгвістыкі сканцэнтравана ў Велікабрытаніі і скандынаўскіх краінах. Брытанскі нацыянальны корпус - самы вялікі і распрацаваны (больш за 100 000 000 тэгаваных словаформаў). Амерыканскі нацыянальны корпус (будзе ўтрымліваць 100 мільёнаў (анатаваных) тэгаваных словаформаў). Удзельнічаюць універсітэты (Берклі, Нью-Йоркскі і інш.). Спонсары - буйнейшыя кампаніі: Microsoft, Sony і інш. - усяго 24 кампаніі. Удзельнічае ў працы некалькі тысячаў чалавек. Кожны спонсар выдзяляе ад 27.000 долараў да 40.000 (на тры гады). Створана лічбавая бібліятэка. Прычым згодна з заканадаўствам ЗША ўсе буйнейшыя выдавецтвы абавязаны перадаваць тэксты распрацоўшчыкам корпуса. У сувязі з гэтым варта ўзгадаць рэакцыю Міністэрства інфармцыі Беларусі на зварот удзельнікаў "круглага стала" "Беларуская мова. Інтэрнет і камп'ютэр", які праводзіўся пад эгідай ЮНЕСКО 20 траўня 2002 года. На просьбу арганізаваць цэнтр па архівацыі электронных тэкстаў на беларускай мове, якія ствараюцца ў дзяржаўных выдавецтвах (гэта б значна паскорыла працэс стварэння нацыянальнага корпуса) паважаная дзяржаўная ўстанова заявіла, што на сённяшні момант не існуе механізма перадачы тэкстаў выдавецтвамі, і для стварэння такога цэнтра неабходны дадатковыя фінансавыя сродкі, якіх міністэрства не мае. Пакзальна, што адзін былы беларускі студэнт з Аўстрыі стварыў у Інтэрнеце рэсурс "Беларуская палічка" на якім змешчаны тысячы тэкстаў на беларускай мове, здолеў коштам уласнай стыпендыі вырашыць фінансавы бок справы і знайсці механізмы перадачы яму тэкстаў прыватнымі выдавецтвамі.
3. Дамагчыся ўключэння слоўнікавай падтрымкі беларускай мовы ў праграмы аптычнага распазнаванне тэкстаў. Гэта дазволіць у дзесяткі разоў паскорыць працу па пераводзе створаных у дакамп'ютэрны час тэкстаў на беларускай мове з папяровых носьбітаў у электронны фармат.
4. Распачаць працу па стварэнні даведачнай сістэмы беларускай мовы з пераводам ўсіх слоўнікавых крыніц ў электронны фармат, што магло б дазволіць не тольку праверку арфаграфіі, але і прадаставіць функцыі навучання і ўдасканальвання ведаў у беларускай мове.
5. Запатрабаваць ад адказных дзяржаўных устаноў укараніць распрацаваныя ў БДУ сістэмы машыннага перакладу з беларускай і на беларускую мову. Гэта дазволіць у дзесяткі разоў спрасціць пераклад падручнікаў і дапаможнікаў для вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, на недахоп якіх так часта наракаюць чыноўнікі ад адукацыі; арганізаваць, урэшце, прыняцце законаў парламентам адразу на дзвюх дзяржаўных мовах, а не толькі па-руску.
Ужо зараз над вырашэннем пастаўленых задачаў працуюць дзесяткі людзей ў Таварыстве беларускай мовы, Інстытуце мовазнаўства НАН Беларусі, у Скарынаўскім цэнтры. Калі мы ў бліжэйшыя гады здолеем развязаць гэтыя актуальныя праблемы, тады будзе створана дзейсная мадэль беларускай мовы, адэкватная і роўнааб'ёмная яе жывому арганізму, даступная для назірання, вывучэння, змянення і прымянення. А галоўнае -беларусы і наша мова не згубяцца ў сучасным інфармацыйным свеце. Прыходзіцца толькі шкадаваць пра тое, што робіцца гэта не па дзяржаўнай праграме, як ў іншых краінах, дзе ўрады дбаюць пра мовы сваіх народаў, а энтузіястамі, якія разумеюць важнасць справы.
Менавіта з прычыны адмоўнага стаўлення цяперашніх уладаў да роднай мовы мы сёння пазбаўлены магчымасці спажываць інфармацыю па-беларуску і ў такім надзвычай важным інфармацыйным сегменце, як тэлебачанне. У інфармацыйнай прасторы тэлебачанню належыць вядучая роля. Вядома, што яно з'яўляецца моцным сродкам, які ўплывае на фармаванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці, папулярызацыі роднай мовы. У сувязі з гэтым, варта адзначыць што, пачынаючы з 1994 года змяншаецца колькасць і ўдзельная вага тэлевізійнага вяшчання на беларускай мове. 93% тэлетрансляцый ў краіне ажыццяўляюцца на рускай мове. Нацыянальная тэлерадыёкампанія Беларусі мэтанакіравана скарачае час вяшчання на беларускай мове. І нават праграмы навінаў сёлета з верасня транслююцца амаль цалкам па-руску. На чарговы запыт ТБМ намеснік старшыні БТ спадар Мартыненка ў сваім лісце ад 16 верасня 2003 года здзекліва заяўляе, што паводле вынікаў апытання праведзенага лабараторыяй "Новак", "вяшчанне на беларускай мове пажадана для спецыялізаваных праграм і для вузкай аўдыторыі (напрыклад дзіцячыя перадачы)". Кабельныя аператары на Беларусі, як правіла, рэтранслююць тэлеканалы Расійскай Федэрацыі і некаторыя міжнародныя спадарожнікавыя каналы на англійскай, нямецкай, французкай і польскай мовах. Варта адзначыць, што ўзровень валодання замежнымі мовамі, асабліва сярод прадстаўнікоў старэйшага пакалення, вельмі нізкі, што зніжае глядацкую цікавасць да гэтых інфармацыйных рэсурсаў. Фактычна, сучасны беларус, які жыве ў цэнтры Еўропы, знаходзіцца ў міжнароднай і ўнутранай інфармацыйнай ізаляцыі. Тая сістэма тэлевізійнага інфармацыйнага вяшчання ў Беларусі, якая склалася на сённяшні дзень навязвае неакаланіальныя погляды, стварае атмасферу ўнутранай культурнай акупацыі, фармуе сярод грамадства светапогляды, якія выгадныя уладам суседняй краіны, або тутэйшым русіфікатарам і "інтэгратарам". Але пэўна прыспеў час, калі нам варта дамагацца не толькі змянення інфармацыйнай палітыкі дзяржаўных элетронных СМІ і бясконца выпрошваць у іх нейкія квоты вяшчання на беларускай мове, але і заняцца стварэннем альтэрнатыўнай беларускамоўнай тэлевізійнай прасторы. Навукова-тэхнічны прагрэс у сферы інфармацыйных тэхналогіяў дазваляе нам цалкам скарыстаць сваё права, якое замацавана ў артыкуле 8 Сусветнай дэкларацыі лігвістычных правоў дзе сказана, што: "Кожная моўная супольнасць мае права арганізоўваць свае ўласныя рэсурсы і кіраваць імі з мэтай забеспячэння выкарыстання сваёй мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця". На жаль, ва ўмовах дзяржаўнай манаполіі на стварэнне вяшчальных арганізацый, на тэхнічныя сродкі распаўсюду тэлевізійнага сігналу па тэрыторыі краіны, а таксама практыкі татальнага дзяржаўнага кантролю за зместам тэлевізійных праграм і іх "фільтрацыі" па моўнай прыкмеце, пэўна адзіным выйсцем для беларусаў можа стацца стварэнне па-за межамі Беларусі Міжнароднага беларускага спадарожнікавага канала. Тым больш, што гэта ніяк не супярэчыць міжнародным дакументам, а рэалізуе наша права зафіксаванае ў артыкуле 37 Сусветнай дэкларацыі лігвістычных правоў атрымліваць праз сродкі масавай інфармацыі паглыбленыя веды аб сваёй культурнай спадчыне (гісторыі і геаграфіі, літаратуры і д.т.) і максімальна магчымую інфармацыю аб любой іншай культуры, з якой жадаюць азнаёміцца члены (моўнай-аўт.) супольнасці. У бліжэйшыя два гады варта зрабіць усе неабходныя захады, каб рэалізаваць гэты праект. Трэба звярнуцца не толькі да еўрапейскіх і сусветных структур, якія маглі б паспрыяць рэалізацыі беларускамоўнага тэлевяшчання (а пэўныя крокі Таварыствам беларускай мовы ў гэтым накірунку зробленыя), а таксама аб'яднаць намаганні ўсіх беларускіх сілаў як унутры краіны, так і беларускай дыяспары ў замежжы. Прыклад іншых народаў сведчыць пра рэальнасць здзяйснення гэтага праекта ўласнымі сіламі. Нават на прасторах СНД ёсць узоры паспяховай рэалізацыі праектаў спадарожнікавага тэлевяшчання. Ужо некалькі гадоў вяшчае тэлеканал "АджараTV", перадачы якога можна прымаць і на тэрыторыі Беларусі. Прадстаўнікі 600 тысячнага аджарскага народа змаглі дамагчыся свайго. Упэўнены, што і 10-ці мілённы беларускі народ таксама ў стане мець сваё тэлебачанне на сваёй роднай мове незалежна ад жаданняў сёняшніх тэле-русіфікатараў. Такі інфармацыйны рэсурс зможа аб'яднаць беларусаў па ўсім свеце, актыўна папулярызаваць родную мову і культуру як ў Беларусі, так і ў замежжы. Я думаю, што рэалізацыі ідэі беларускамоўнага тэлевяшчання не перашкодзяць і міфы, якія распаўсюджваюць некаторыя рускамоўныя палітыкі тутэйшага паходжання, пра тое беларусы вельмі бедныя не тэхнакратычныя, і, маўляў, не змогуць сабе дазволіць купіць "талерку". Магу супакоіць і паведаміць, што ўжо зараз каля 10% насельніцтва мае магчымасць глядзець спадарожнікавыя каналы, праўда пакуль усе небеларускія. А узровень "тэхнакратычнасці" беларусаў можа прадэманстраваць той факт, што ўжо зараз "бедныя" беларусы апярэдзілі прыкладам літоўцаў па колькасці не надта танных сотавых тэлефонаў на душу насельніцтва. А які можа ўзнікнуць "талерачны" бум, калі ў 73,6% грамадзянаў Беларусі з'явіцца магчымасць глядзець сваё на сваёй роднай мове?