Пра арганізацыю
 - мэты і задачы
 - рэгіянальныя структуры
 - кіраўнічыя органы
 - дзейнасць у 2001 годзе
 - дзейнасць у 2002 годзе
Маніторынг (моўны)
СМІ пра нас
Мы ў СМІ (публікацыі)
Статыстыка
 - перапіс
 - адукацыя
Афіцыйная перапіска
Дакументы
Стратэгія развіцця мовы
Гісторыя Беларусі. Асобы
Газета 'Наша слова'
БНУ
 - канцэпцыя
 - перапіска
СМІ пра БНУ
Беларускі відэаклуб



Да галоўнай Пошта
Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны


-- ТБМ --



Ствараць нацыянальную прастору


    У лістападзе 1948 году дваццацітрохгадовы эмігрант з Глыбоччыны Кастусь Качан, сёння вядомы як пісьменнік Кастусь Акула, апынуўшыся ў Канадзе, амаль адразу ж па прыездзе парупіўся знайсці аднадумцаў - беларусаў і заснаваў "Згуртаванне беларусаў Канады", якое паспяхова працуе і па сённяшні дзень і якое шмат зрабіла дзеля таго, каб нашыя землякі не растварыліся ў чужым свеце і не перасталі адчувалі сябе беларусамі. Гэтаму маладому хлопцу ніхто не аддаваў ніякіх загадаў і нічога не раіў - ён сам, яго сэрца падказала яму, што можна зрабіць ў тых колішніх умовах.. Сам жа Кастусь Акула і сёння пастаянна дапамагае выданню кніг на Беларусі, апякуецца незалежнымі выданнямі на сваёй радзіме, якія выходзяць насуперак пераследам.
    Узгадваючы гэтыя факты, можна было б, з аднаго боку, замаркоціцца ад думкі, што мы ўжо каторы раз , нібы адкінутыя магутнай хваляй варожасці і непрыймальнасці ўсяго беларускага, зноў і зноў пачынаем ці працягваем адбудоўваць усё зруйнаванае. З другога боку, тут можна гаварыць аб упартасці беларускага духу і яго нязломным жаданні ў рэшце рэшт адбудаваць свой нацыянальны Дом ці дапамагчы яго адбудове ўсюды, на любым кавалачку зямлі, за які зачэпіцца сведамы беларус.
    ..Так, не выпадае сядзець і маўчаць, калі нашай краіне рэальна пагражае небяспека страты сваёй самастойнасці, калі ўжо даволі выразна вымалёўваюцца абрысы новай ідэалогіі - сумесі неасавецкасці і аўтарытарнага русіфікатарства, якія, аднак, выдаюцца за пошукі нечага новага. Нам трэба больш смела і рашуча гаварыць аб тым, што ў нас даўно ёсць адзіна патрэбная для ўсіх нас ідэалогія, дэкляраваная ўсяму свету Ўстаўнымі граматамі Беларускай Народнай Рэспублікі. Яе не трэба вынаходзіць, бо такую ж самую паспяхова ператвараюць у жыццё усе нашыя суседзі , бо ў яе, гэтую агульначалавечую ідэалогію ўваходзяць і правы чалавека, і дэмакратычныя пераўтварэнні, і захаванне незалежнасці сваёй краіны пры добрасуседскіх адносінах з іншымі. Вось чаму мне прадстаўляецца надзвычай важным узмацніць у нашай пастаяннай працы прапаганду ідэй БНР, гістарычных сімвалаў нашага народу - гербу "Пагоня" і бел-чырвона-белага сцягу, а таксама падтрымку ўсіх парасткаў беларускай аўтакефальнай царквы. Гэта тыя інстытуцыі, без аднаўлення якіх не будзе аднаўлення і сапраўднай, не зрусіфікаванай Беларусі, у якой мы відавочна бачым зараз наступствы колькі стагоддзяў уводзімага ў яе кроў віруса...
    Яшчэ я хацела б гаварыць аб тым, што нам абавязкова трэба ўтрымаць, захаваць тры, на мой погляд, самыя важныя для нацыянальнай справы арганізацыі. Гэта - Саюз беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы і Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына."
    Аб Саюзе беларускіх пісьменнікаў я хацела б гаварыць асобна. Не сакрэт, што ён неаднародны, як і ўсё наша грамадства. У ім ёсць і нацыянальныя, але не дэмакратычныя пісьменнікі, ёсць і тыя, хто не з"яўляецца ні нацыянальным, ні дэмакратычным. Тое ж і ў нашым грамадстве. Але большасць нашага саюза - гэта людзі, якія нясуць на сабе цяжар і нацыянальнай, і дэмакратычнай ідэі. І менавіта яны падвяргаюцца самаму шалёнаму ўціску, да якога, нажаль, часам далучаюцца і так званыя дэмакратычныя выданні з іх здзекліва - паблажлівым, а то і проста раўнадушным стаўленнем да нацыяналльных пісьменнікаў, да іхніх твораў. Думаю, што тут не трэба казаць аб тым, што ўяўляе наша літаратура ў лепшых яе праяўленнях. Для таго каб яе ведаць , яе трэба як мінімум чытаць. Вось чаму нас сёння не пускаюць у выданні, якія фінансуюцца дзяржавай . І вось чаму я шчыра ўдзячная Таварыству беларускай мовы і асабіста яго старшыні Алегу Трусаву за пастаянную і моцную падтрымку СБП ў часы майго старшынёўства, калі пры стварэнні "холдынгу" супраць нас выступалі як дзяржаўныя структуры, так і асобныя ашуканыя гэтай "артылерыйскай кананадай" калегі.Таму я заклікаю вас падтрымліваць беларускіх пісьменнікаў, запрашаць іх да сябе, сустракацца з імі, чытаць іхнія творы. Яны ў большасці напісаныя гарачай любоўю да Беларусі, а яна так патрэбная нам усім, як патрэбная ахоўная энергетыка продкаў, якую яны назапасілі ў слоўных багаццях, што называюцца нацыянальнай мовай.
    Таму хачу падтрымаць Людмілу Дзіцэвіч ў ейным закліку меней плакаць ды жаліцца адзін аднаму, а болей працаваць і рабіць нейкія канкрэтныя справы - хай самыя маленькія, але штодня і з любоўю .
    Тыя ж нашы эмігранты, якія прыехалі ў чужыя краіны і былі без жытла і без падтрымкі, збіралі - па даляру, па цэнтах - грошы на будаўніцтва беларускіх цэркваў і цэнтраў, самі будавалі іх, упрыгожвалі разьбой і вышыўкамі - усім, што маглі зрабіць іх працавітыя рукі.
    Дык няўжо тут, на сваёй зямлі, мы будзем пачуваць сябе нейкімі зломкамі, няўжо мы ўсёй грамадой не здолеем утрымаць і абараніць сваю мову, сваю культуру і літаратуру?
    Спашлюся на свой вопыт. Гістарычны раман, нават на самую цяжкую і невядомую амаль усяму грамадству тэму пачынаецца з адной старонкі. Цяжка, але кожны дзень трэба брацца за працу, і тады з"яўляюцца ўсё новыя і новыя старонкі. Ідзе час, і твор набірае сілу, стварае вакол сябе прастору творчай задумы.
    Давайце ж разам, без сварак і звадак, якія так шкодзяць нам усім, пастаянна ствараць нашу агульную нацыянальную прастору!

Вольга Іпатава
12 кастрычніка 2003 г.