Пра арганізацыю
 - мэты і задачы
 - рэгіянальныя структуры
 - кіраўнічыя органы
 - дзейнасць у 2001 годзе
 - дзейнасць у 2002 годзе
Маніторынг (моўны)
СМІ пра нас
Мы ў СМІ (публікацыі)
Статыстыка
 - перапіс
 - адукацыя
Афіцыйная перапіска
Дакументы
Стратэгія развіцця мовы
Гісторыя Беларусі. Асобы
Газета 'Наша слова'
БНУ
 - канцэпцыя
 - перапіска
СМІ пра БНУ
Беларускі відэаклуб



Да галоўнай Пошта
Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны


-- БНУ - канцэпцыя --



Праект

З нашай гісторыі

    Першымі цэнтрамі беларускай адукацыі сталі старажытныя гарады Беларусі Полацак і Тураў. Дзейнасць Еўфрасінні Полацкай ды Кірылы Тураўскага ўзняла Беларусь на ўзровень перадавых еўрапейскіх краінаў, паказала ўсяму свету, што ў цэнтры Еўропы пачала фармавацца новая этнічная і палітычная супольнасць. У 13 - 15 ст. ст. да вышэйзгаданых адукацыйных цэнтраў далучыліся Наваградак (разам з славутым Лаўрышэўскім манастыром), Вільня (новая беларуская сталіца) і Смаленск (найбуйны асяродак беларускага летапісання). У 15-16 ст.ст. беларусы навучаліся таксама ў еўрапейскіх універсітэтах і станавіліся навукоўцамі еўрапейскага ўзроўню.
    У 16 стагоддзі ў Беларусі існавалі школы еўрапейскага ўзроўню адукацыі. У 1579 годзе ў Вільні быў адкрыты універсітэт пад назвай Акадэмія, дзе атрымоўвалі вышэйшую адукацыю юнакі з Беларусі. Спачатку універсітэт меў 3 факультэты. Студэнты ўсіх факультэтаў вывучалі беларускую мову. Ва ўніверсітэт прымаліся выхаванцы сярэдніх школаў Беларусі, дастаткова падрыхтаваныя да ўспрыняцця дысцыплінаў, што вывучаліся ва ўсёй Еўропе. У Беларусі ў 16 - 18 стагоддзях існавала шырокая сетка сярэдніх школ, сярод якіх асабліва вылучаліся іезуіцкія калегіі і піярскія вучылішчы. У канцы 18 стагоддзя ўва ўніверсітэце былі адчыненыя фізічны і медыцынскі факультэты. Свой унёсак у развіццё вышэйшае адукацыі Беларусі зрабіла полацкая іезуіцкая акадэмія, адчыненная ў 1812 годзе, а таксама Горы-Горацкі земляробчы інстытут. Аднак царскі рэжым зачыніў усе гэтыя вышэйшыя навучальныя ўстановы з-за рэвалюцыйных поглядаў студэнтаў і часткі прафесуры.
    Тым не менш традыцыі нацыянальнай вышэйшае адукацыі захаваліся. У 1918 годзе ў Менску быў адкрыты Педагагічны інстытут, а ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі прыняў рашэнне аб адкрыцці Беларускага нацыянальнага універсітэту. І нарэшце ў 1921 годзе ў БССР пачаў сваю дзейнасць Беларускі дзяржаўны універсітэт, дзе распачалася падрыхтоўка нацыянальных навуковых ды педагагічных кадраў. Для жыхароў Заходняй Беларусі значную ролю адыграў таксама Пражскі ўніверсітэт, дзе мела магчымасць навучацца таленавітая беларуская моладзь.
    Канец 20-х пачатак 30-х гадоў нашага стагоддзя былі адметныя тым, што пачаўся паспяхова пераход да выкладання ўсіх дысцыплін (якія вучыліся ў ВНУ) на беларускай мове. Разам з гэтым выявілася надзвычайная актыўнасць педагогаў і навукоўцаў у выданні беларускамоўных падручнікаў. Аднак сталінскія рэпрэсіі канца 30-х гадоў цалкам разбурылі беларускую адметнасць вышэйшай школы. Пераважная большасць нацыянальна сведамых выкладчыкаў была рэпрэсавана. Працэс знішчэння нацыянальнай вышэйшай школы давершыла другая сусветная вайна. Дастаткова згадаць, што ў 50-70 г.г. 20 стагоддзя працэнт беларусаў сярод выкладчыкаў нашых ВНУ, асабліва сярод дацэнтаў і прафесараў, быў меншы за 50%. Таму беларуская мова фактычна была забароненая для ўжытку ў ВНУ, а яе носьбіты пераследваліся. Варта згадаць спробу беларускіх студэнтаў філфака БДУ дамагчыся выкладання па-беларуску некаторых дысцыплінаў і што з гэтым атрымалася/ Больш чым на 50 гадоў было гвалтоўна спынена выкладанне ў ВНУ па-беларуску, не выдаваліся і беларускія падручнікі.
    Працэс вяртання менавіта да нацыянальнай сістэмы вышэйшай адукацыі ўзнавіўся ў пачатку 90-х гадоў (пасля абвяшчэння беларускай мовы дзяржаўнай). Негледзячы на адсутнасць дзяржаўнай праграмы, ён пашыраўся і меў свае поспехі. Але ўсё зноў было скасавана, на гэты раз у выніку рэферэндуму 1995 года і змянення ўнутранай палітыкі Рэспублікі Беларусь.

Сучасныя перадумовы

    Паводле перапісу насельніцтва 1999 года каля 81% грамадзян Беларусі назвалі сябе беларусамі па нацыянальнасці, а прыкладна 37% (амаль 4 млн. нашых суайчыннікаў!) у якасці мовы паўсядзённых зносін назвалі беларускую. Разам з гэтым каля трэці школьнікаўнавучаюцца зараз менавіта ў беларускамоўных сярэдніх школах і класах.
    У артыкуле 50 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пазначана: "Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносінаў. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання".
    На жаль, гэты артыкул нашага Галоўнага закону не дзейнічае ў поўным аб'ёме, бо на Беларусі няма ніводнай вышэйшай навучальнай установы, дзе б усе студэнты навучаліся на роднай, а разам з тым і дзяржаўнай беларускай мове і дзе б вытрымліваўся адпаведны моўны рэжым. Тыя нешматлікія фармальныя беларускамоўныя плыні, што засталіся на некаторых гуманітарных факультэтах некалькіх ВНУ у разлік браць нельга, бо поўнае выкладанне па-беларуску ўсіх дысцыплін (асабліва замежных моў) там адсутнічае.
    У сувязі з гэтым ТБМ імя Ф. Скарыны цягам апошніх трох гадоў патрабуе ад кіраўніцтва краіны адкрыцця ў Мінску новага Беларускага Нацыянальнага універсітэту (далей БНУ), у якім усе дысцыпліны без выключэння выкладаліся б па-беларуску, а таксама на дзяржаўнай беларускай мове дзейнічала б уся сістэма справаводства (уключна з бухгалтэрыяй) з філіяламі ў тых вялікіх беларускіх гарадах, дзе жыве болей за 100 тыс. жыхароў і дзе адсутнічаюць іншыя ВНУ.
    На сёння ТБМ мае каля 15 000 подпісаў грамадзян Беларусі ды іншых краін з патрабаваннем адкрыць на Беларусі вышэйзгаданую навучальную ўстанову, у якой усе дысцыпліны (у тым ліку й замежныя мовы) будуць выкладацца на дзяржаўнай беларускае мове. У нашай дзяржаве ёсць дастатковая колькасць дактароў і кандыдатаў навук, прафесараў і дацэнтаў, каб цалкам укамплектаваць усе факультэты БНУ высокапрафесійнымі, беларускамоўнымі кадрамі.
    На жаль, звароты ТБМ да кіраўнікоў беларускае дзяржавы А. Лукашэнкі ды С. Лінга засталіся дасюль без адказу і таму было вырашана ўзнавіць збор подпісаў жыхароў нашае краіны з патрабаваннем адкрыцця БНУ. А напрыканцы мінулага году пры ТБМ была зарганізаваная ініцыятыўная група па стварэнні БНУ.
    У адпаведнасці з рашэннем лістападаўскае Рады ТБМ і з асабістымі пажаданнямі ў склад ініцыятыўнае групы зараз уваходзяць больш за 50 асобаў. Сярод іх акадэмікі Радзім Гарэцкі ды Сямён Шарэцкі, член-карэспандэнт НАН, былы прарэктар БДУ Станіслаў Шушкевіч, дактары навук ды прафесары Алесь Астроўскі, Анатоль Грыцкевіч, Мікола Крукоўскі, Уладзімер Кулажанка, Алесь Краўцэвіч, Леанід Лыч, Адам Мальдзіс, Генадзь Цыхун, Генадзь Пятроўскі, вядомыя беларускія пісьменнікі Ніл Гілевіч, Вольга Іпатава, Васіль Зуёнак, старшыня ТБШ Алесь Лозка, кіраўнік Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтру імя Ф. Скарыны Любоў Канаплянік, былы пасол Беларусі ў Германіі, дацэнт Пятро Садоўскі ды іншыя вядомыя на Беларусі выкладчыкі ВНУ з Менску, Гродна, Брэсту, Віцебску ды Горак. Удзельнікі групы ўжо распрацавалі праект Статута БНУ.

Прынцыпы стварэння БНУ і яго структура

    Удзельнікі ініцыятыўнае групы выказаліся за стварэнне менавіта новай навучальнае ўстановы з улікам дэмакратычнага вопыту лепшых універсітэтаў Еўропы ды ЗША, а таксама станоўчага вопыту беларускіх ВНУ.     Беларуская мова, як мова выкладання і навучання, -- прынцыповая сутнасць БНУ. Выкладчыкі ды студэнты свядома, без усялякага адміністрацыўнага прымусу выбіраць беларускую мову навучання, як адну з самых буйных ды распрацаваных славянскіх моваў. Разам з гэтым высокая якасць падрыхтоўкі спецыялістаў застаецца асноўнай мэтай арганізацыі навучальнага працэссу.     Асаблівасцю БНУ з'яўляецца таксама і шырока апрабаваны ў свеце падыход да атрымання адукацыі,, які грунтуецца на прынцыпах акадэмічнай свабоды. Мяркуецца, што будзе вызначана толькі пэўнае кола дысцыплін, якія ёсць абавязковыя. Разам з мінімумам прадметаў па канкрэтнай спецыяльнасці нам ўяўляецца абавязковымі для вывучэння адна з заходнееўрапейскіх моваў (англійская, французкая, нямецкая і г.д.), а таксама адна з славянскіх моваў (польская, чэшская, баўгарская, украінская, руская і г.д.).     Студэнты кожнага факультэта будуць вывучаць таксама шырокі курс беларусазнаўства і гісторыю свае асноўнае спецыяльнасці, якая павінна грунтавацца на мясцовых беларускіх і агульнаеўрапейскіх прыкладах. Сучасныя беларускія студэнты (хімікі, біёлагі ці фізікі) не ведаюць, як гэтыя навукі развіваліся на тэрыторыі Беларусі, не ведаюць і пра сваіх найбольш дасведчаных у вышэйзгаданых навуках землякоў. Уяўляецца неабходным скасаваць гэты значны для агульнай адукаванасці недахоп.     Плануецца, што абавязковыя дысцыпліны будуць вывучацца ў першай палове дня. Другая палова будзе адведзена для вывучэння свабодна выбраных студэнтамі дысцыплін. Тут магчымы больш паглыбленыя спецыяльныя курсы, вывучэнне другой заходнееўрапейскай мовы, латыні, гісторыі рэлігіі і г.д.     Падмуркам практычнай падрыхтоўкі студэнтаў БНУ з'яўляюцца НАН Беларусі, Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны, Нацыянальная бібліятэка, Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальны архіў. БНУ мусіць шчыльна супрацоўнічаць з адзіным у Беларусі цалкам беларускамоўным гуманітарным ліцэем імя Якуба Коласа, лепшыя выхаванцы якога будуць аўтаматычна залічацца ў шэрагі студэнтаў БНУ.     Рэктар БНУ абіраецца таемным галасаваннем Вучонае рады ўніверсітэта. Ва ўніверсітэце дзейнічаюць еўрапейскія нормы памеру працы для выкладчыкаў і 10-бальная сістэма адзнакі ведаў студэнтаў.     Папярэдне прыйшлі да згоды ў тым, што БНУ павінен складацца з наступных факультэтаў: юрыдычны, філасофскі, эканамічны, прыродазнаўчы, гісторыка-лінгвістычны, фізіка-матэматычны. Колькасць студэнтаў мусіць быць абмежаванаю да 3-3,5 тысячаў чалавек. Галоўная мэта універсітэту - падрыхтоўка кадраў для беларускай нацыянальнае эліты ў наступным стагоддзі. Мяркуецца, што выпускнікі БНУ павінны стаць кіраўнікамі ў розных сферах палітыкі, культуры, адукацыі ды гаспадаркі незалежнай дэмакратычнай Беларусі.     Юрыдычны факультэт будзе мець аддзяленні міжнароднага, грамадзянскага ды адміністратыўнага права. Сярод прапанаваных кафедраў трэба вылучыць кафедру міжнароднага марскога і паветранага права, а таксама кафедру міжнароднага экалагічнага права.     Філасофскі факультэт папярэдне складаецца з двух аддзяленняў: культуралогіі і тэалогіі. Прычым аддзяленне тэалогіі можна размясціць у старажытным Пінску, дзе пашыраная дзейнасць розных канфесіяў і нават маецца адпаведны будынак былога іезуіцкага калегіўма 17 ст.     Эканамічны факультэт акрамя аддзялення банкаўска-фінансавай справы мусіць мець кафедру дэмаграфіі, бо, на жаль, Беларусь зараз мае адмоўнае сальда нараджальнасці.     Прыродазнаўчы факультэт утрымлівае два буйных аддзялення: хіміка-біялагічнае і геолага-геаграфічнае. У перспектыве да іх далучыцца і экалагічнае з выхадам на чарнобыльскую праблему.     На гісторыка-лінгвістычным факультэце плануецца мець тры аддзяленні: гістарычнае, музейна-архіўнае і лінгвістычнае. Тут будуць рыхтавацца прафесійныя перакладчыкі, літаратурныя крытыкі і журналісты, рэдактары іды спецыялісты выдавецкай справы.     Сярод найважнейшых кафедраў трэба адзначыць кафедры вайсковай гісторыі Беларусі, гісторыі архітэктуры і дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, а таксама кафедры балцкіх, славянскіх і ўсходніх моваў (арабская, кітайская, фарсі, турэцкая і японская мовы). Частка лінгвістычнага аддзялення з кафедраў балтыйскіх і славянскіх моваў можа месціцца ў Лідзе, горадзе, блізкім да Польшчы і Летувы.     Фізіка-матэматычны факультэт мае на мэце распрацоўваць розныя тэарэтычныя накірункі сучаснай навукі. Студэнты гэтага факультэту будуць праходзіць доўгатэрміновыя стажыроўкі ў лепшых універсітах Еўропы і ЗША, а таму мусяць вольна валодаць англійскай мовай.     Паколькі выкладаць дысцыпліны будуць высокакваліфікаваныя выкладчыкі, БНУ стане таксама навукова-метадычным цэнтрам падрыхтоўкі нацыянальных беларускамоўных падручнікаў для вышэйшай школы.     Прапануецца надаць БНУ імя Францішка Багушэвіча, вядомага беларускага пісьменніка, юрыста, публіцыста, чалавека, які ўпершыню слову "беларус" надаў палітычнае і нацыянальнае вызначэнне.
Уверх