![]() |
-- Дзейнасць у 2001 годзе -- Справаздачны даклад
Старшыні ТБМ Алега Трусава за 2001 год Пра дзейнасць Таварыства ўлучна да траўня 2001 года гаварылася ў справаздачы на VII з'ездзе. Таму я больш падрабязна спынюся на працы ў пасляз'ездаўскі перыяд. Напачатку некалькі слоў пра абсягі Таварыства. Мне вельмі хацелася б сёння назваць хоць больш-менш дакладную лічбу агульнай колькасці нашых шэрагаў. Але, на вялікі жаль, мы яе не маем, таму што ўлік у такой вялікай грамадскай арганізацыі патрабуе значных высілкаў, і падтрымліваць тут належны парадак можна толькі супольна з кіраўнікамі арганізацыяў. Таму я звяртаюся да Вас з просьбай кожны год спраўджваць свае спісы сяброў з нашымі, акуратна весці ўлік выбыўшых (па-магчымасці, адзначыць, куды?) і прынятых, паведамляць пра гэтыя змены ў сакратарыят. У першую чаргу гэта адносіцца да навучальных устаноў. Каб не пагубляць нашу моладзь трэба, я ў гэтым перакананы, параіць выпускнікам пасля заканчэння школы ці ВНУ далучацца да суполак Таварыства па месцы далейшай вучобы ці працы альбо быць ініцыятарамі стварэння новых структур. За 2001 год нашыя шэрагі значна выраслі. Прынята 685 сяброў, якія ўліліся ва ўжо створаныя арганізацыі. Безумоўна, такому росту спрыяла выбарчая кампанія, але і пасля яе амаль на кожным сакратарыяце разглядаліся новыя заявы, далучаліся новыя сябры, у асноўным моладзь. Пасведчанні новага ўзору атрымалі 1330 чалавек. На канец гэтага года мы маем структуры ТБМ - абласныя, раённыя і гарадскія арганізацыі, а таксама суполкі - у 75 раёнах краіны. На жаль, 43 рэгіёны застаюцца па-за нашым уплывам. Вымушаны яшчэ раз звярнуць Вашую ўвагу на працу па рэгістрацыі структур у мясцовых органах улады. Мы ўжо даўно спыніліся на лічбе 58, а далей - ані з месца. Блізу паловы арганізацыяў не стаяць на ўліку у сваіх раёнах. А гэта азначае, што яны бяспраўныя і не могуць уплываць на падзеі, што адбываюцца ў грамадскім жыцці. Тут відавочныя і недастатковая праца сакратарыята, і пасіўнасць кіраўнікоў арганізацый. Таму давайце дамовімся, што з наступнага года трэба ўдзяліць асаблівую ўвагу структурызацыі Таварыства. Я прапаную адлюстраваць гэта ў плане працы кожнай арганізацыі. За справаздачны перыяд кіраўніцтвам праведзена 5 паседжанняў Рэспубліканскай Рады і 21 - сакратарыята. Але самых вялікіх высілкаў каштаваў для ўсіх нас VII з'езд (20 траўня), які застанецца ў гісторыі як з'езд, на якім была прынята Дэкларацыя аб беларускай мове. Пасля з'езда пачалася штодзённая будзённая праца, нягледзячы на летнюю адпускную кампанію. Коратка спынюся на асноўных пунктах нашага плана, прынятага 1 чэрвеня 2001 г. На працягу года праведзена пэўная праца па распрацоўцы Стратэгіі развіцця беларускай мовы ў ХХІ стагоддзі. Узначальвае гэтую працу, як вядома, Сяргей Запрудскі. Створаны рабочыя групы, на якіх ябмяркоўваліся прапановы і меркаванні сяброў групы, чытачоў "Нашага слова" і выпрацоўваўся праект Стратэгіі, які быў апублікаваны ў двух нумарах газеты - № 14 за 4.04.01 і № 15 за 11.04.01. Акрамя гэтага "Наша слова" 25 сакавіка змясціла на сваіх старонках альтэрнатыўны варыянт праекта Стратэгіі Станіслава Судніка. Цікавыя прапановы ў сваіх публікацыях выказалі Людміла Дзіцэвіч і Леанід Лыч. Яны будуць выкарыстаны ў далейшай працы па ўдасканаленні праекта. Сёмы з'езд ТБМ ухваліў ідэю стварэння Стратэгіі. Аднак рашэнне з'езда абмеркаваць наяўныя праекты ў суполках да 1 кастрычніка засталося на паперы. Сакратарыят даслаў лісты ўсім старшыням раённых і гарадскіх арганізацый ТБМ з просьбай выканаць гэтае рашэнне з'езда. Адгукнуліся на нашыя запыты да 1 снежня Мазырская раённая, Міёрская, Лідская раённая, Бярозаўская, Баранавіцкая, Наваполацкая і Дзятлаўская структуры. Але па сутнасці просьбы выказаліся толькі сябры ТБМ з Наваполацку і Віктар Сырыца з Баранавіч. Таму сёння я прашу радных падаць у прэзідыум свае пісьмовыя прапановы, меркаванне да апублікаваных праектаў Стратэгіі, каб рабочая група магла працягваць працу па ўдасканаленні праекта Стратэгіі, рабіць наступныя крокі. ТБМ у асобе намесніка старшыні Сяржука Кручкова стала ініцыятарам беларусізацыі кампутарнага забеспячэння. Пасля вывучэння стану гэтага пытання ў нашай краіне і вопыту Украіны па забеспячэнні кампутарнымі праграмамі на ўкраінскай мове, кіраўнікі Таварыства звярнуліся да Прэзідэнта НАН РБ сп.Мясніковіча і да старшыні Палаты прадстаўнікоў сп.Вайтовіча з прапановамі аб падтрымцы беларускай мовы ў кампутарных праграмах і атрымалі станоўчы адказ і поўнае разуменне. Трэцяга снежня адбылася рабочая сустрэча ў Інстытуце кібернэтыкі, у якой удзельнічаў намеснік дырэктара інстытута па навуковай частцы, а таксама прадстаўнікі Таварыства Яновіч, Кручкоў, Запрудскі, Кошчанка. Бакі пагадзіліся на тым, што гэтая праблема можа быць вырашана толькі на дзяржаўным узроўні, бо паўстае пытанне фінансавання, нарматыўнасці праграмных прадуктаў, каб яны адпавядалі нормам сучаснай беларускай мовы. На сёння ідзе пошук шляхоў распрацоўкі беларускамоўных кампутарных праграм. Таварыства пастаянна звяртаецца з запытамі ў розныя дзяржаўныя ўстановы па праблемах мовы. Гэтая перапіска друкуецца ў "Нашым слове". Таму я толькі спынюся на выніках нашых пастаянных наступаў на Міністэрства адукацыі і падуладных яму структур. Мы атрымалі афіцыйны ліст аб адкрыцці ў Менску беларускамоўнай гімназіі на базе СШ № 23. У жніўні месяцы Міністэрства адукацыі зацвердзіла Праграму дадатковых мер па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў сістэме адукацыі. Ходзяць чуткі, што Прэзідэнт ужо выказаўся пра стварэнне БНУ. І нам трэба вызначыцца, што рабіць далей, каб гэтая справа не заглохла. Мы планавалі курсы і семінары. Зараз у Менскупрацуе група па вывучэнні беларускай мовы. У ёй, у асноўным, займаюцца пачаткоўцы. Кіраўнік курсаў - Станіслава Філіповіч. Па заканчэнні курсаў слухачам будзе выдавацца Пасведчанне аб заканчэнні. Узор Пасведчання распрацаваны. З наступнага года пачне працаваць і другая група, якую павядзе Валянціна Раманцэвіч. Добры разгон набраў семінар "Я магу жыць лепей". Заняткі праводзяцца як у Мінску, так і па краіне. Нашы інструктары Людміла Дзіцэвіч, Антаніна Хатэнка, Аляксей Хадыка, Сяржук Кручкоў выязджалі ў Бярозу, Наваполацк, Глыбокае (2 разы), Пінск, Верхнядзвінск, Белаазёрск. Пайшоў добры розгалос, і цікавасць да гэтага семінара ўзрастае, асабліва ў раёнах. Усяго праведзена за год 28 заняткаў. У 2001 годзе паспяхова працаваў семінар "Ключавыя вузлы нашай гісторыі". Праведзена 5 заняткаў з удзелам Анатоля Грыцкевіча, Уладзіміра Арлова і маім асабіста. Напрыканцы гэтага года ў сядзібе Таварыства пачаліся заняткі на курсах па навучанні беларускай вышыўцы і бісерапляценню, ініцыятарам і кіраўніком якіх з'яўляецца Алена Кірэева. Багатым быў 2001 год на святы, вечарыны, якія ладзіліся Таварыствам. 24 сакавіка мы святкавалі выхад у свет 500-га нумару "Нашага слова". Шырока адзначалі 150-я ўгодкі Янкі Лучыны. Ушанаванне ягонай памяці адбылося на паседжанні нашай Рады. У дзень народзінаў былі ўскладзеныя кветкі на магілу пісьменніка. Падрыхтаваныя і апублікаваныя ў "Нашым слове" юбілейныя артыкулы Ўладзіміра Содаля і Генадзя Тумаша. З ініцыятывы Таварыства Міністэрства сувязі вырабіла адмысловыя канверты з выявай Янкі Лучыны і з выявай Цёткі; 125-я ўгодкі якой прыпадаюць на гэты год. З нагоды юбілею паэткі была наладжана вечарына ў кінатэатры "Змена" і паездка на радзіму Цёткі ў Шчучынскі раён. Выпушчаны кішэнны каляндарык на 2001-2002 год з выявай Пашкевічанкі па карціне Аляксея Марачкіна "Нас кавалі ў пламені…". Зусім нядаўна мы забралі з друкарні 2-тысячны наклад кішэннага каляндарыка да 110-х угодкаў Максіма Багдановіча. Пад нашым грыфам у выдавецтве "Тэхналогія" пабачыла свет брашура "Беларускія імёны". Вельмі своечасовае выданне. Дзякуючы яму Сяржук Кручкоў назваў сваю дачушку Ружана. Павіншуем яго з народзінамі дачкі! Калі ўжо зайшла гаворка пра друкаваную прадукцыю, то трэба згадаць і новае выданне Статута ТБМ, і каляровы буклет, рыхтуецца да выдання Дэкларацыя аб беларускай мове. 8 снежня ў памяшканні бібліятэкі Янкі Купалы праведзена вечарына "У вянок памяці Максіма", якую ладзіла Менская гарадская арганізацыя, а 9 снежня моладзевае крыло Таварыства запрасіла студэнтаў у кінатэатр "Зьмена" на сваю арыгінальную імпрэзу з нагоды народзінаў паэта. Незвычайная, па-праўдзе, гістарычная вечарына адбылася 4 кастрычніка ў Чырвоным касцёле, дзе мы адзначылі юбілей нашага шаноўнага сябра, народнага паэта Ніла Гілевіча. Публікацыі з гэтай нагоды былі змешчаныя ў шэрагу нумароў "Нашага слова". Сакратарыят падрыхтаваў і накіраваў віншаванні на адрас "Чырвонай змены", радыё "Рацыя", Коласаўскага тэатра, Азяранскай школы Рагачоўскага раёна, якая спраўляе свае 210-я ўгодкі, а таксама з нагоды юбілеяў Анатоля Вярцінскага, Марыі Захарэвіч і шмат іншых. У іх ліку - чыноўнікі дзяржаўных ведамстваў і арганізацый. У скарбонку нашай асветніцкай дзейнасці можна далучыць праведзены конкурс "Ці ведаеце Вы горад Менск?" У ім удзельнічалі навучэнцы 24 менскай гімназіі, студэнты Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага інстытута, Беларускага універсітэта культуры, Інстытута кіравання. Конкурсу папярэднічаў шэраг сустрэч удзельнікаў з гісторыкамі Кастусём Тарасавым і Алегам Трусавым. Студэнты паказалі неблагія веды і былі прэміраваныя падпіскай на "Наша слова", а пераможцы - атрымалі кнігі, аўдыё- і відэакасеты. Цягам году Таварыства беларускай мовы як, дарэчы, раней - на слыху ў грамадскасці. Мы прынялі актыўны ўдзел у выбарчых кампаніях гэтага году, у працы Кангрэса Дэмакратычных сілаў, выступалі з Заявамі, Зваротамі. Да прыкладу: - супраць закрыцця Светлагорскага беларускамоўнага ліцэя - супраць закрыцця беларускамоўнай газеты "Пагоня" - з нагоды спекуляцыяў вакол моўнага пытання ў дзяржаўных СМІ падчас прэзідэнцкай кампаніі - з нагоды ўвядзення палітінфармацыяў у навучальных установах - да будучых кандыдатаў у прэзідэнты - пратэст супраць антыбеларускага па сваёй сутнасці праекта "Закона аб адукацыі". Кожны год Таварыства дапамагае хворым дзецям. І хоць нашыя магчымасці абмежаваныя, перадаем ім кнігі, паштоўкі. Турбуе нас і гаротны стан Менскага заасада. Жывёлы галадаюць, не стае яды. Мы ўзялі пад сваю апеку беларускага драпежніка - рысь. На працягу года тры разы пералічылі грошы на харчаванне, усяго 55 тысяч рублёў. А Мікола Лавіцкі, адказны апякун рысі, напісаў адпаведны артыкул у "Народную волю". Чытачы "Раніцы" і "Бярозкі" даведаліся пра гэта з публікацый Уладзіміра Содаля. Можа гэтыя клопаты і дробязныя. Але ж з маленькіх цаглінак будуецца дом - спадзяемся, што гэта Дом Беларускі. 13 снежня адбылася сустрэча з Х.Вікам |
|||