![]() |
-- Пра арганізацыю --
Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны ўтварылася ў 1989 годзе. Сябрамі кіруючага органа - Рэспубліканскай рады ТБМ у свой час з'яўляліся прадстаўнікі беларускай эліты, вядучыя навукоўцы, пісьменнікі: Максім Танк, Барыс Сачанка, Фёдар Янкоўскі, Васіль Быкаў, Янка Брыль, Міхаіл Дзямчук, Анатоль Бутэвіч, Тамара Саўчук, Яўген Вайтовіч, Зянон Пазьняк, Юрый Хадыка, Алег Лойка, Адам Мальдзіс, Артур Вольскі, Анатоль Клышка, Вячаслаў Адамчык. Сёння ў складзе Рэспубліканскай рады вядомыя дзеячы навукі, мастацтва і культуры: Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Генадзь Цыхун, Радзім Гарэцкі, Васіль Зуёнак, Леанід Лыч, Уладзімір Содаль і іншыя.
Мэтай дзейнасці Таварыства з'яўляецца наданне беларускай мове рэальнага дзяржаўнага статуса і абарона правоў беларускамоўнага насельніцтва краіны. Таварыства беларускай мовы арганізавала і прымняла ўдзел у наступных мерапрыемствах: - у падрыхтоўцы Закона "Аб мовах у Беларускай ССР", арганізацыі кантролю за выкананнем Закона (1990); - праведзена навукова практычная канферэнцыыя "Мова нацыі - мова дзяржавы" (1990); - у стварэнні "Дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Рэспубліцы Беларусь" (1991); - выдадзена больш за 20 кніг мастацкай, навуковай, навукова-папулярнай, асветніцкай літаратуры: "Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва" М.Шчакаціхіна, "Пачаткі роднае мовы" В.Раманцэвіч, "Геаграфія Беларусі" А.Смоліча, тэрміналагічныя слоўнікі па фізіцы, вышэйшай матэматыцы, зоапаразіталогіі, батаніцы і інш (1990 - 1995); - праведзена сумесна з Міністэрствам адукацыі дзве Нацыянальныя канферэнцыі па праблемах беларускай тэрміналогіі (1994, 1995 г.г.); - выдае штотыднёвую газету "Наша слова" накладам 5600 асобнікаў. Выдадзена на верасень 2001 г. 523 нумары. (1990-2001). - удзельнічала ў кантролі за ходам перапісу насельніцтва. Зафіксавана больш за 120 парушэнняў (1999). - разам з Незалежнымі прафсаюзамі праводзіла дабрачынныя акцыі з мэтай падтрымкі маламаёмасных сем'яў. Падчас гэтых акцый было перададзена бязвыплатна больш за 500 асобнікаў кніг па беларускай гісторыі (1999). - пры ўдзеле ТБМ года ў Беларускім універсітэце культуры праведзена навукова-практычная канферэнцыя "Універсітэты Ельскіх" (7 кастрычніка 1999). - праведзены два конкурсы: "Беларусь маімі вачыма" (усяго 56 работ, 10 пераможцаў) і "Беларусь - наш дом у ХХІ стагоддзі" (ўдзельнічалі дзеці ад 6 да 16 гадоў - усяго 600 работ) (1999); - разам з Архівам Найноўшай Гісторыі правядзены конкурс "Паўсядзённае жыццё ў Беларусі: 1945-1965" (1999); - разам з Таварыствам беларускіх школ праведены конкурс на лепшую беларускую вясковую школу "Захаванне нацыянальнай гістарычнай спадчыны і культурнай спадчыны. У конкурсе прынялі ўдзел 50 вясковых школ з усіх рэгіёнаў Беларусі (2000); - падрыхтавана і выдадзена кніга "Аняменне: з хронікі знішчэння беларускай мовы", у якую ўвайшлі артыкулы, даследаванні, дакументальныя матэрыялы, дзе асвятляецца палітыка дзяржаўнага апарату па выцісканні беларускай мовы з ужытку на Беларусі ў другой палове 1990-х гг. (люты 2000); - праведзена навукова-практычная канферэнцыя "Закон аб мовах - вынікі і перспектывы"(26 лютага 2000); - правядзена навукова-практычнай канферэнцыя "Беларуская тапаніміка: гісторыя і сучаснасць" (2000); - разам з Цэнтрам па правах чалавека праведзена "Нацыянальная ідэя: шляхі кансалідацыі грамадства" (25 лютага 2001); - рэгулярна ў абарону беларускамоўнага навучання ў Менску і іншых абласных гарадах ладзяцца пікеты, у тым ліку: у падтрымку стварэння Беларускага нацыянальнага універсітэта, абароны ад закрыцця газеты "Наша Ніва" і Беларускага гуманітарнага ліцэя, супраць дыскрымінацыі беларускай мовы ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі (1996-2001); - праведзены конкурс сярод школьнікаў і студэнтаў г. Менска "Ведайце свой горад" (сакавік - верасень 2000); - у рамках праграм падтрымкі беларускамоўных класаў, школ, ВНУ выдадзена бязвыплатна каля 10 тысяч асобнікаў кніг для рэгіянальных структур і суполак ТБМ, а таксама для вясковых, школьных і раёных бібліятэк (1999 - 2000); - створаны Кніжны клуб ТБМ, які рэгулярна ладзіць сустрэчы грамадзянаў з беларускімі пісьменнікамі. - наладжана праца грамадскай бібліятэкі старажытнай беларускай кнігі, фонд якой складае звыш 600 асобнікаў рэдкіх і ўнікальных беларускіх кніг (1999 - 2001); - пры Таварыстве створана і працуе ініцыятыўная група па арганізацыі Беларускага нацыянальнага універсітэта, у склад якой уваходзяць 68 найаўтарытэтнейшых дзеячоў беларускай навукі і культуры. Распрацавана канцэпцыя БНУ (2000 - 2001). - працягваецца збор подпісаў пад патрабаваннем забяспечыць кантытуцыйнае права атрымліваць вышэйшую адукацыю на беларускай мовеі стварэннем Беларускага нацыянальнага універсітэта. На верасень 2001 года сабрана больш 50000 подпісаў (1999 - 2001); - праводзіцца маніторынг лінгвістычных правоў грамадзян краіны. - створана рабочая група ў складзе 23 чалавек, яка вядзе планамерную працу па распрацоўцы грамадскай стратэгіі абароны і развіцця беларускай мовы ў ХХІ стагоддзі (2000-2001 г.). Канцэпцыя Стартэгіі была разгледжана на чарговым VII з'ездзе ТБМ (20 траўня 2001 г.). Пры ТБМ дзейнічае 8 камісій: арганізацыйная, адукацыйная, тэрміналагічная, па культуры мовы і ўдасканаленні правапісу, па тапаніміцы і гістарычнай сімволіцы, па зрокавым і гукавым афармленні жыццёвага асяроддзя, па сувязях за межамі краіны, выдавецкая. Структуры ТБМ працуюць ў 76 населеных пунктах Беларусі, а таксама ў Маскве, Іркуцку, Вільні, Пецярбурзе, Рызе. На кастрычнік 2001 года арганізацыя мае ў сваіх шэрагах каля 9 тысяч актыўных сяброў. |
|||