![]() |
-- Стратэгія развіцця мовы -- 3.3 ЗМЕНА ЗВЫЧАК МОЎНАГА ЎЖЫВАННЯ
Больш шырокаму ўжыванню беларускай мовы трэба садзейнічаць праз паглыбленне даверу з боку беларускамоўных людзей да такога ўжывання. Не сакрэт, што існуе вялікае разыходжанне паміж колькасцю людзей, якія валодаюць беларускай мовай, і колькасцю людзей, якія рэальна карыстаюцца ёй у самых розных жыццёвых сітуацыях (першых намнога больш, чым другіх). Традыцыя неўжывання беларускай мовы мае асабліва глыбокія і трывалыя карані ў гарадскім асяроддзі. Да неўжывальнасці беларускай мовы ў пэўных сітуацыях і сферах спрычыніліся дзве акалічнасці: 1. Некаторыя жыццёвыя сферы маюць вельмі нетрывалую традыцыю выкарыстання беларускай мовы або й не маюць яе зусім (вышэйшая адукацыя, даследчыцкая дзейнасць у галіне тэхнічных навук, судаводства, сучасны бізнес, заканадаўства, буйная камерцыя. дыпламатыя, вайсковая справа, банкаўская справа і інш.). На сёння гэтыя сферы слаба прыстасаваны для выкарыстання ў іх беларускай мовы. У іх працуе ніжэйшая за сярэднюю колькасць людзей, што ведаюць беларускую мову; не вядзецца справаводства па-беларуску; не існуе "базавых" беларускамоўных матэрыялаў, якія шырока ўжываюцца ў гэтых сферах, і г.д. 2. Спадзеючыся пераважна на паспяховае правядзенне беларусізацыі "зверху" з дапамогай моўнага закона і адміністрацыйных захадаў, многія носьбіты беларускай мовы, у тым ліку і актывісты ТБМ, не лічаць патрэбным карыстацца ў многіх "праблемных" сферах і сітуацыях беларускай мовай, чым сярод іншага не стымулююць пашырэння беларускай мовы ў гэтых сферах. Адпаведна, паглыбленню даверу да беларускамоўнага ўжывання трэба садзейнічаць з двух бакоў: праз прыстасаванне розных жыццёвых сфераў да беларускамоўных зносін (пра гэта гаворка вядзецца ў раздзеле "Забеспячэнне магчымасцяў для выкарыстання мовы") і праз стымуляванне беларускамоўных людзей да як мага больш шырокага ўжывання беларускай мовы ў самых розных сферах жыцця. Існуе пільная патрэба значна пашырыць ужыванне беларускай мовы за кошт яе "схаваных" носьбітаў, змяніць моўныя звычкі людзей. якія валодаюць беларускай мовай. ![]() Назад Далей
|
|||