![]() |
-- Стратэгія развіцця мовы -- Быццё любой мовы не ў малой ступені вызначаецца стаўленнем да яе з боку яе носьбітаў і ўсяго грамадства ў цэлым. Толькі "вялікія" мовы могуць быць у пэўным сэнсе "індыферэнтнымі" да таго, як яны ацэньваюцца моўнымі калектывамі, у якіх яны ўжываюцца. Што ж да "малых" і, асабліва, загрожаных моў, то адносіны да іх маюць вялікае значэнне: яны могуць захоўвацца і паспяхова развівацца толькі пры ўмове станоўчага стаўлення да іх у грамадстве. 3.1 На адносіны да розных моў уплываюць розныя акалічнасці: А. Ступень ужывальнасці мовы ў грамадстве Са значнай доляй верагоднасці можна прадказаць, што да мовы, якая рэальна пануе доўгі час у самых розных жыццёвых сферах наўрад сфарміруецца ўстойлівае негатыўнае стаўленне, якое будуць падзяляць шырокія слаі грамадства. Паколькі, напрыклад нейкая мова шырока ўжываецца ў грамадстве, паколькі без яе ведання і выкарыстання цяжка абысціся ў жыцці, пастолькі гэтая мова з'яўляецца "мовай хлеба", пастолькі яна карысная (між тым, далёка нямногія людзі будуць свядома дзейнічаць насуперак уласнай карысці). Зыходзячы з гэтага трэба ўсяляк спрыяць пашырэнню ўжывання беларускай мовы ў грамадстве (гэтаму напрамку прысвечаны раздзел Забеспячэнне магчымасцяў для ўжывання беларускай мовы) Б. Трывалы імідж мовы і яе носьбітаў у грамадстве Сярод рысаў, якія могуць вызначаць імідж розных моў, можна назваць наступныя: 1. "прэстыжная"; прыдатная да выканання самых розных і, асабліва, высокіх функцый у грамадстве (дзяржаўнае кіраванне, адукацыя, СМІ, бізнес, індустрыя адпачынку), такая, пры дапамозе якой можна атрымаць высокааплатную працу. 2. "непрэстыжная"; прыдатная да выканання, пераважна, ніжэйшых функцый у грамадстве (побытавыя зносіны, сельскагаспадарчая вытворчасць), такая, якая не патрабуецца, каб атрымаць высокааплатную працу. 3. "багатая", "развітая", "дасканалая" (з развітай сістэмай для розных сітуацый). 4. "бедная", "неразвітая", "недасканалая" (якая становіцца ў працэсе станаўлення). Можна меркаваць, што, быўшы ўвесь час параўноўванай з рускай, беларуская мова хутчэй атрымлівае характарыстыкі негатыўнага характару: яна "непрэстыжная" і, хутчэй, "недастаткова развітая" і "недасканалая". (У дадзеным выпадку ідзецца не столькі пра рэальную "недаразвітасць" ці "недасканаласць" беларускай мовы, колькі пра вобразы якія могуць сфарміравацца, напрыклад, у камп'ютарнага карыстальніка, які ні разу не сутыкаўся з беларускай мовай у камп'ютары, або ў студэнта ўніверсітэта, які падчас вучобы не можа карыстацца вялікім англійска- ці нямецка-беларускім слоўнікамі, паколькі іх проста не існуе ў прыродзе.) У цэлым на трывалы імідж мовы вельмі цяжка ўплываць, бо ён знаходзіцца па-за сферамі уплыву Таварыства, аднак рэзервы для працы ёсць і тут. Трэба імкнуцца да таго, каб беларуская мова асацыявалася не толькі і з традыцыяй ці нацыянальнай ідэнтычнасцю, колькі з сучасным інфарматызаваным светам. У прапагандысцкай дзейнасці варта адыходзіць ад ляманту і плачу, трэба імкнуцца пазбягаць замацавання за беларускамоўнымі псіхалагічна вельмі невыгоднага вобразу выключна пакрыўджаных, абнядоленых. Паколькі рэальна правы беларускамоўных людзей спрэс парушаюцца, то не абыйсціся без рэзкіх ацэнак, якія могуць спрыяць развіццю і замацаванню за беларускамоўнымі людзьмі непажаданых асацыяцый; увогуле ж пратэсты трэба дазіраваць з сцвярджальнымі заявамі і ні ў якім разе нельга ўпадаць у істэрыку. Паколькі рэальным выбарам меншых народаў у свеце становіцца двухмоўе і трохмоўе, то ад прапаганды аднамоўя, якое Таварыства дагэтуль абагаўляла, трэба перайсці да актыўнай прапаганды двухмоўя і трохмоўя. Значная частка беларускамоўных людзей з'яўляецца папраўдзе як мінімум двухмоўнымі, і ў гэтым сэнсе беларускамоўныя людзі лепш адпавядаюць імператыву сучаснасці, згодна з якім шматмоўе не мае альтэрнатывы. З другога боку, рускамоўныя людзі Беларусі занадта часта аднамоўныя. Чалавек, які валодае беларускай мовай, верагодна, больш падрыхтаваны ў моўным плане ў цэлым, і гэту акалічнасць варта выкарыстоўваць у прапагандзе. Трэба дабівацца таго, каб валоданне беларускай мовай стала кваліфікацыйнай умовай для атрымання розных рабочых месцаў, звязаных з грамадскай сферай. (Больш падрабязна гэты напрамак асэнсоўваецца ў раздзеле Юрыдычная падтрымка/забеспячэнне мовы) Акрамя таго, клопатам Таварыства мае быць садзеянне падрыхтоўцы разнастайных беларускамоўных падручнікаў, перакладной літаратуры (не толькі і нават не столькі мастацкай!), слоўнікаў, а таксама зняцце ці, прынамсі, памякчэнне напружання, якое існуе ў сувязі з існаваннем у межах беларускай мовы дзвюх правапісных традыцый. Важным інструментам паляпшэння стаўлення да беларускай мовы з'яўляецца паляпшэнне яе іміджу ў друкаванай навукова-папулярнай літаратуры. В. "Бягучы" імідж мовы і яе носьбітаў у грамадстве Тут маюцца на ўвазе характарыстыкі, якія тая або іншая мова можа атрымліваць у больш-менш шырокіх колах грамадства ў сувязі з якімі-небудзь зменамі ў правядзенні моўнай палітыкі. Напрыклад, дзякуючы недастаткова прафесійнай дзейнасці выканальнікаў Закона аб мовах 1990 года і прапагандзе сілаў, настаўленых да беларускай мовы агрэсіўна, у першай палове 90-ых гадоў сярод пэўнай, дэмакратычна арыентаванай, часткі грамадства мог скласціся вобраз беларускай мовы як "мовы, якая гвалтам навязваецца дзяржавай і недастаткова адукаванымі людзьмі". Пры тым, што ва ўмовах Беларусі з яе доўгай традыцыяй падаўлення асобы вобраз "навязванай дзяржавай мовы" можа быць карысны ("простыя" людзі маюць тэндэнцыю абагаўляць уладу і, значыць, успрымаць усё, што ад яе зыходзіць, як "божы дар"), цяпер, у сувязі са з'яўленнем у Беларусі парасткаў цывільнага грамадства, з'явіліся і сілы, якія ўспрымаюць пашырэнне беларускай мовы пры дапамозе сродкаў дзяржаўнага рэгулявання не інакш як "перажытак таталітарызму". Грубыя, недастаткова прадуманыя захады дзеля пашырэння беларускай мовы могуць атрымліваць вельмі непажаданы розгалас у грамадстве, што можна назіраць на прыкладзе таго, што некаторыя дзеянні актывістаў ТБМ у першай палове 90-ых спрычыніліся да з'яўлення ярлыкоў тыпу: актывісты ТБМ - гэта "граждане в галифе", а ТБМ - гэта "языковая полиция". Выснова: Трэба спрыяць паляпшэнню іміджу ТБМ як арганізацыі высокаадукаваных, культурных, дэмакратычна настроеных, актыўных людзей, якія выконваюць важныя для беларускага грамадства задачы. ![]() Назад Далей
|
|||