Пра арганізацыю
 - мэты і задачы
 - рэгіянальныя структуры
 - кіраўнічыя органы
 - дзейнасць у 2000 годзе
 - дзейнасць у 2001 годзе
 - дзейнасць у 2002 годзе
Маніторынг (моўны)
СМІ пра нас
Мы ў СМІ (публікацыі)
Статыстыка
 - перапіс
 - адукацыя
Афіцыйная перапіска
Дакументы
Стратэгія развіцця мовы
Гісторыя Беларусі. Асобы
Газета 'Наша слова'
БНУ
 - канцэпцыя
 - перапіска
СМІ пра БНУ
Беларускі відэаклуб




Да галоўнай Пошта
Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны


-- Стратэгія развіцця мовы --



2.2 Сферы і спосабы ўздзеяння

    Трэба стварыць умовы, якія б забяспечылі магчымасці ўжываць беларускую мову натуральна ва ўсіх сферах жыцця. Дзеля гэтага неабходна выпрацаваць сістэму заахвочвання і падтрымкі для людзей, каб яны карысталіся мовай падчас працы, адпачынку або падчас атрымання паслуг. Заахвочваць трэба арганізацыі, установы, службы сервісу і транспарту, якія аказваюць свае паслугі па-беларуску. Таксама трэба забяспечыць магчымасць людзям ужываць беларускую мову і ў нефармальных сітуацыях. Інакш кажучы, павелічэнне магчымасцяў, хоць і апасродкавана, забяспечваецца развіццём структур падтрымкі. Таму ў дадзеным раздзеле неабходна:
    Прадугледзець не толькі сферы ў якіх варта сканцэнтраваць намаганні дзеля павелічэння колькасці носьбітаў мовы, але і прадугледзець канкрэтныя спосабы ўздзеяння на сітуацыю.
    Варта ўлічваць і тое, што толькі паступовы рух наперад у вызначаных сферах, які будзе накіраваны перш за ўсё на пашырэнне магчымасцяў ужываць беларускую мову, а не штучнае "выцісканне" рускай мовы, можа прынесці пажаданыя перспектывы для беларускай мовы.
    1. Сям'я
    2. Грамадскі сектар
    3. Добраахвотніцкі сектар
    4. Прыватны сектар
    5. Работа і нефармальныя зносіны
    6. Інфармацыйныя тэхналогіі
    7. Электронныя СМІ
    8. Незалежная рэгіянальнаяя прэса
    9. Кнігадрукаванне і распаўсюджванне друкаванай прадукцыі
    10. Рэлігійныя ўстановы
    11. Дзяржаўныя прадпрыемствы і ўстановы
    12. Сілавыя структуры
    13. Дыялектныя арэалы
    14. Органы дзяржаўнага кіравання

1. Сям'я

    Самы трывалы асяродак фунцыянавання мовы - гэта сям'я. Адначасова гэта і найбольш замкнёная сфера для грамадскага ўздзеяння. Але калі здолець змяніць моўныя звычкі ў сям'і, тады вельмі складана, нават у самых неспрыяльных умовах, зруйнаваць гэты асяродак.
    Так, "новыя" гараджане, якія ў пасляваенныя гады, вырваўшыся з-пад калгаснага прыгнёту, траплялі ў горад, імкнуліся як мага хутчэй пазбавіцца мовы, што асацыявалася з вёскаю, беднасцю, галечай і пакутамі. Знешнія абставіны патрабавалі перайсці на "гарадскую" мову (мову заезджага начальства) - рускую. Але канчатковага знікнення ў гарадсіх беларускіх сем'ях беларускай мовы не адбылося. У большасці гарадскіх сем'яў у побыце ўжываецца "прамежкавая" мова - "трасянка". Трэба стварыць ўмовы для заахвочвання вяртання ў сем'і беларускай мовы.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:
    · Вярнуць ва ўжытак спрадвечныя беларускія імёны, па якіх адразу вызначаецца прыналежнасць іх носьбітаў да пэўнай нацыянальнасці. Дзеля гэтага распрацаваць і наладзіць выпуск каляровых улётак-іменнікаў для маладых маці і распаўсюджваць іх праз жаночыя кансультацыі і радзільныя дамы.
    · Стварыць зборнік, цікавы па змесце для ўсіх сямейнікаў для навучання бытавой лексіцы.
    · Стымуляваць пераход на беларускую мову разнастайных сямейных клубаў, курсаў, школ маладых маці.
    · Ствараць беларускамоўныя гурткі па развіцці эстэтычных здольнасцяў у дзяцей малодшага ўзросту.

2. Грамадскі сектар
    З моманту ўзнаўлення беларускай дзяржаўнасці ў 1991 годзе распачалося будаўніцтва грамадскіх арганізацый і адначасова супрацьдзеянне ім з боку дзяржаўнага апарату. Таму ўзнікла неабходнасць сумеснай працы і каардынацыі дзеянняў недзяржаўнага сектару. Як форма супрацоўніцтва ўзнікла Асамблея няўрадавых арганізацый Беларусі. Трэба адзначыць, што рабочай мовай пасяджэнняў Асамблеі стала беларуская. Большасць лідэраў НА ў стасунках паміж сабой выбіраюць беларускую мову, але рабочая мова персаналу і валанцёраў няўрадавых арганізацыяў, а таксама мова перапіскі, як правіла, руская.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:
    · Распрацоўка дапаможнікаў для грамадскіх арганізацый з выкарыстаннем дзелавой лексікі.
    · Арганізацыя курсаў для валанцёраў НА па вядзенні справаводства і дзелавой перапіскі па-беларуску.
    · Распрацоўка і распаўсюд праграм па праверцы арфаграфіі беларускіх тэкстаў.
    · Развіццё партнёрства з рускамоўнымі НА ў сферы садзейнічання перакладам дзелавой інфармацыі на беларускую мову.
    Як вынік ўзнаўлення незалежнасці краіны ў беларускім грамадстве за апошнія 10 гадоў значна павысіўся статус і профіль беларускай мовы. Для значнай часткі рускамоўных грамадзян беларуская мова з'яўляецца прыкметай незалежнасці і імкненнем да будаўніцтва свабоднай і дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці. У працы грамадскія арганізацыі, рабочай мовай якіх з'яўляецца беларуская, з рускамоўнымі кліентамі павінны кіравацца ў сваёй дзейнасці практыкай заахвочвання тых, хто спрабуе выкладаць свае думкі па-беларуску, лаяльна ставіцца да выпадковых памылак. Не варта думаць, што пераход на "зручную" для кліента мову чымсьці палегчыць працу. Лепш будзе прапанаваць кліенту гаварыць па-руску, але саму паслугу аказваць па-беларуску. Варта ведаць, што прытрымліванне гэтай моўнай схемы ўпэўнівае кліента ў прынцыповасці пазіцыі грамадскай арганізацыі не толькі ў пытаннях мовы, але і ў цвёрдасці пазіцый арганізацыі ў пытаннях, па якіх непасрэдна звяртаецца грамадзянін. І наадварот: "флюгерная" пазіцыя выклікае насцярогу ў пасіўных носьбітаў беларускай мовы (якімі з'яўляецца абсалютная большасць грамадзян Беларусі). Але самай памылковай моўнай схемай з'яўляецца "агрэсіўная беларускамоўнасць", калі рускамоўны наведнік падвяргаецца прапагандысцкаму ўздзеянню і настойлівым патрабаванням карыстацца беларускай мовай. Толькі ўважлівая і эфектыўная праца і высокі ўзровень аказання грамадскіх паслуг, якія выконваюцца па-беларуску, паўплывае на далейшае жаданне грамадзян вывучаць і ведаць беларускую мову і карыстацца ёй як мовай, што дае больш шырокія магчымасці ў грамадскім жыцці.

3. Добраахвотніцкі сектар
    Далейшае развіццё грамадзянскай супольнасці непазбежна вядзе да пашырэння добраахвотніцкага сектару, асабліва ў сферы апекавання над хворымі, дзецьмі і моладдзю, працы з людзьмі з канкрэтнымі патрэбамі і ў кансультатыўных паслугах. Таму патрэбна павелічэнне магчымасцяў для ўжывання беларускай мовы, якія зыходзяць ад добраахвотніцкага сектару.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:
    · Арганізаваць беларускамоўны валанцёрскі рух.
    · Заахвочваць добраахвотніцкія арганізацыі і дапамагаць ім пашыраць ужыванне беларускай мовы.
    · Назіраць за працэсам прыняцця моўных схемаў у добраахвотніцкім сектары.
    · Працаваць з прадстаўнічымі органамі ў добраахвотніцкім сектары дзеля садзеяння беларускай мове і палягчэння яе ўжывання ў гэтым сектары.

4. Прыватны сектар
А. Дробны бізнес.
    Вельмі важна, каб прыватны бізнес заўважыў выгоды ад ужывання беларускай мовы, і, як вынік, ён стане больш схільным да пашырэння функцый беларускай мовы ў гэтай сферы.
    Найбольш спрыяльная атмасфера для фунцыянавання мовы склалася ў сферы дробнага бізнесу, бо мова спажыўца, як правіла, становіцца і мовай таго, хто аказвае паслугі.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:
    · Варта паказаць выгоды ад візуальнага афармлення тавараў і месцаў аказання паслуг з абавязковым выкарыстаннем беларускай мовы.
    · Матываваць выкарыстанне ў візуальным афармленні беларускай мовы (гэта пашырае кола кліентаў).

Б. Буйны бізнес.
    Іншае становішча склалася ў сферы сярэдняга і буйнога бізнесу. У сувязі з надзвычай вялікай залежнасцю гэтых сегментаў прыватнага бізнесу ад дзяржаўнага кантролю і рэгулявання, а таксама ад таго, што большасць спажыўцоў з'яўляюцца рускамоўнымі, неабходна працаваць у наступных накірунках.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:
    · Матываваць выкарыстанне беларускай мовы ў органах дзяржаўнага рэгулявання (падатковых інспекцыях, службах кантролю, дзяржаўным апараце - гл. раздзел Органы дзяржаўнага кіравання і юрыдычная база);
    · У супрацоўніцтве са згуртаваннямі і таварыствамі спажыўцоў дамагацца выкарыстання беларускай мовы;
    · На замежных рынках праз беларускія дыяспары ствараць спрыяльны фон для тых вытворцаў, што карыстаюцца мовай пры афармленні тавараў як на ўнутраным, так і на знешніх рынках;
    · Cтымуляваць выкарыстанне беларускай мовы пры афармленні тавараў і аказанні паслуг шляхам распаўсюджвання інфармацыі пра наяўнасць такіх тавараў і паслуг;
    · Матываваць выкарыстанне беларускай мовы ў сферах сярэдняга і буйнога бізнесу, шляхам дэманстрацыі пашырэння сферы збыту прадукцыі з выкарыстаннем беларускай мовы.
    · Працаваць з грамадскай думкай, паказваючы, што выкарыстанне беларускай мовы пры афармленні тавараў або аказанні паслуг з'яўляецца не толькі імкненнем для пашырэння рынкаў збыту, але і жэстам павагі да беларускага грамадства ў цэлым.
    Грамадскія структуры, што падзяляюць палажэнні гэтай Стратэгіі, імкнуцца праводзіць конкурсы і апытанні на лепшага прадстаўніка сярэдняга і буйнога бізнесу ў сваіх рэгіёнах, якія арганізавалі бізнес з выкарыстаннем беларускай мовы.

5. Работа і нефармальныя зносіны
    Беларуская мова павінна квітнець ва ўсіх сферах грамадства і тады яна стане здольнай да самастойнага выжывання. Таму трэба забяспечыць, каб людзям былі даступныя магчымасці ўжываць мову ва ўсіх стасунках адзін з адным, а таксама ў працэсе адпачынку і працы.

А. Мова на працоўным месцы
    Неабходна мэтанакіравана праводзіць работу дзеля ўнясення беларускай мовы на кожнае працоўнае месца.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:
    · Ствараць беларускамоўныя календары (насценныя, настольныя, кішэнныя).
    · Працаваць з вытворцамі арганізацыйных нататнікаў (арганайзераў), заахвочваючы іх выкарыстоўваць беларускую мову на старонках нататнікаў (матывуючы тым, што павялічыцца колькасць спажыўцоў менавіта такіх нататнікаў).
    · Найбольшыя намаганні прыкласці ў сферы стварэння беларускамоўных абалонак для сучасных кампутарных праграм (гл. раздзел Інфармацыйныя тэхналогіі).

Б. Сфера нефармальных зносін

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:
    · Найбольш перспектыўным для стварэння магчымасцяў штодзённага карыстання беларускай мовай у нефармальных зносінах мусяць стаць спеўныя кавярні (KARAOKE). Стварэнне такіх кавярняў зможа значна палегчыць зносіны паміж людзьмі і паспрыяе адраджэнню беларускай песні, а таксама будзе спрыяць яе папулярызацыі. Для больш зручнага распаўсюду KARAOKE-тэхналогіяў варта стварыць у сеціве адмысловы спеўны сайт і на бясплатнай аснове распаўсюджваць музычныя творы.
    · Неабходна стымуляваць прадпрымальнікаў на стварэнне беларускамоўных кавярняў і клубаў па інтарэсах (INTERNET-клубы, клубы заўзятараў), на аснове якіх маглі б фарміравацца ўстойлівыя беларускамоўныя асяродкі;
    · Праводзіць з арганізатарамі спартыўных клубаў працу, арыентаваную на стварэнне беларускамоўных спартыўных груп.
    · Стварыць фірму "Беларускія сваты" ("Беларускі маршалак"), якая б аб'яднала людзей, што добра ўмеюць весці рэй на вяселлях або іншых падобных урачыстасцях.

6. Інфармацыйныя тэхналогіі
    Неабходна распачаць працу над распрацоўкай больш прывабнага іміджу беларускай мовы ў сферы новых тэхналогій, што не дазволіць стаць мове непатрэбнай ва ўмовах сучаснага жыцця
    Абмежаванні доступу беларускамоўным грамадзянам да СМІ і пастаянны ўціск на незалежныя выданні актывізаваў дзейнасць носьбітаў беларускай мовы ў сферы асваення інфармацыйных тэхналогій. Неабходна надалей матываваць пашырэнне рэсурсаў на беларускай мове ў сеціве (INTERNET).

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:
    · Неабходна развіваць сецевыя парталы па беларуску, у тым ліку ў даследчых і вышэйшых навучальных установах.
    · Стымуляваць далучэнне да сеціва беларускамоўных школ і беларускамоўных карыстальнікаў.
    Стрымвальным фактарам для развіцця інфармацыйных тэхналогіяў з'яўляецца амаль поўная адсутнасць беларускамоўных абалонак у сучасных кампутарных праграмах. Таму:
    · Неабходна распачаць працу ў фармаванні каманд праграмістаў для напісання праграмных абалонак і далейшага ўдасканалення існуючых праграм па праверцы беларускай арфаграфіі.

Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі.
    У сувязі з тым, што сістэма вышэйшай адукацыі ў краіне амаль выключна рускамоўная і што, нягледзячы на патрабаванні грамадскасці, улады краіны так і не стварылі ніводнай беларускамоўнай ВНУ, неабходна прыкладаць намаганні незалежна ад волі кіраўніцтва краіны ў наступных кірунках:

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:
    · З дапамогай міжнародных адукацыйных праграм і фондаў стварыць сецевы партал дыстанцыйнага навучання і тым самым стварыць умовы для атрымання вышэйшай адукацыі па-беларуску з атрыманнем дыплома аднаго з еўрапейскіх ВНУ.
    · Да стварэння партала прыцягнуць вядучых навукоўцаў і выкладчыкаў Беларусі.
    · Для пашырэння кола студэнтаў неабходна стымуляваць стварэнне курсаў па сецевых тэхналогіях, матывуючы стварэнне сецевых клубаў і павелічэнне магчымасцяў доступу да сеціва ў рэгіёнах Беларусі.

7. Электронныя СМІ.
    Найбольшую занепакоенасць выклікае адсутнасць беларускамоўных электронных сродкаў масавай інфармацыі. Ад гэтага церпяць не толькі беларускамоўныя грамадзяне ў Беларусі, але і беларускія дыяспары ва ўсім свеце (асабліва вялікія па колькасці ў краінах СНД).

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:
    Для забеспячэння магчымасці карыстаца тэлебачаннем неабходна распрацаваць канцэпцыю і заснаваць беларускамоўны спадарожнікавы канал. Пры яго стварэнні карыстацца наступнымі прынцыпамі:
    · З-за цяперашніх неспрыяльных палітычных умоў размясціць студыю па-за межамі Беларусі, што зробіць немагчымым закрыццё канала недэмакратычнымі кіраўнікамі дзяржавы;
    · Рабіць даступнай тэлетрансляцыю і праз сеціва, забяспечыць кантакт з беларускамоўнымі тэлегледачамі з усяго свету;
    · Стымуляваць і дапамагаць ініцыятывам, накіраваным на пераклад здабыткаў сусветнай кінематаграфіі на беларускую мову.
    У сувязі з тым, што на тэрыторыі Беларусі дазволена трансляцыя вялікай колькасці тэлевізійных каналаў Расійскай Федэрацыі, што вядуць трансляцыі на рускай мове (ад 2 да 7 у залежнасці ад рэгіёна Беларусі), якія цалкам забяспечваюць патрэбы рускамоўнага насельніцтва краіны, а таксама з прычыны залежнасці Нацыянальнага беларускага тэлеканала ад уладных структур неабходна дамагацца праз групы ціску (гл. раздзел. "Органы дзяржаўнага кіравання і юрыдычная база"):

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:
    · Рэарганізацыі дзяржаўнага тэлеканала ў грамадскае тэлебачанне, якое б забяспечвала інтарэсы ўсяго беларускага грамадства, а не толькі невялікай групы палітыкаў, што знаходзяцца ва ўладзе.
    · Пераводу работы ўсіх беларускіх каналаў і рэгіянальных тэлестудый на беларускую мову вяшчання;
    · Размяшчэння рэкламы на расійскіх каналах, што транслюецца для беларускіх спажыўцоў, толькі на беларускай мове.

8. Незалежная рэгіянальная прэса
    Апошнім часам актыўна развіваецца незалежная рэгіянальная прэса. Але беларускамоўная прэса пакуль што не мае дастатковага патэнцыяла каб перавесці сваю працу на прафесійны ўзровень. Як правіла, камерцыйна- паспяховай з'яўляецца рускамоўная прэса, якая ў меншай ступені падвержана ўціску з боку мясцовых уладаў.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:
    Неабходна распрацаваць доўгатэрміновую праграму падтрымкі беларускамоўнай прэсы ў якой прадугледзець:
    · Навучанне мясцовых журналістаў і рэдактараў выданняў умовам працы ў рынкавых умовах.
    · Стварэнне цэнтраў прававой дапамогі і кансультавання для рэгіянальных выданняў.
    · Распрацоўка механізмаў кампенсацыі страт і падвышэння канкурэнтназдольнасці незалежных выданняў у параўнанні з газетамі, што падрымліваюцца дзяржавай.
    · Спрыянне забеспячэнню газет аргтэхнікай і стварэнне некалькіх грамадскіх друкарняў з мэтай пазбегнуць практыкі адмаўлення дзяржаўнымі друкарнямі выконваць дамовы па палітычных і іншых прычынах.

9. Кнігадрукаванне і распаўсюджанне друкаванай прадукцыі
    Не з-за спаду попыта на беларускамоўную кнігу, а з-за адмысловай палітыкі ў гэтай сферы сённяшняга дзяржаўнага кіраўніцтва адбыўся рэзкі спад вытворчасці беларускамоўнай кнігі. Праз сістэму дзяржаўнага гандлю беларуская кніга фактычна не трапляе ў рэгіёны Беларусі. Разбурыўшы сістэму недзяржаўнага выдання, таксама і па ідэалагічных прычынах, не выдаюцца лепшыя творы беларускай літаратуры.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:
    · Садзейнічаць пабудове сістэмы грамадскага кнігадрукавання, якой будзе значна лягчэй супрацьстаяць націску чынавенства на беларускую кнігу.
    · Ствараць сецевыя (INTERNET) крамы для распаўсюджання беларускай кнігі не толькі ў межах Беларусі, але і сярод беларускіх дыяспар і кафедраў славістык ва ўсім свеце.
    · Праз міжнародныя праграмы забяспечыць садзейнічанне перакладу твораў сусветнавядомых аўтараў на беларускую мову, так і твораў беларускіх пісьменнікаў на іншыя мовы.
    · Ствараць "электронныя друкарні", якія б меліся выпускаць кніжную прадукцыю на кампакт-дысках у фармаце "электроннай кнігі" і такім чынам распачаць праект "Ненадрукаваная кніга" для тых аўтараў, якія не маюць фінансавых магчымасцяў для распаўсюджвання сваіх твораў у друкаваным выглядзе.

10. Рэлігійныя ўстановы
    У свой час поліканфесійнасць беларускага грамадства адмоўна ўплывала на захаванне незалежнасці беларускай дзяржавы. Вельмі часта ў гісторыі Беларусі суседнія краіны скарыстоўвалі розныя веравызнанні і нізкую нацыянальную свядомасць насельніцтва для распальвання міжканфесійнай напружнасці. Але за савецкім часам уздеянне рэлігійных канфесіяў на грамадства значна аслабла. Зараз назіраецца актывізацыя духоўнага і рэлігійнага жыцця ў Беларусі. І менаваіта на гэтым гістарычным этапе беларуская мова ў міжканфесійным жыцці павінна адыграць сваю аб'ядноўваючую ролю.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:
    · Выкарыстоўваючы існуючыя міжканфесійныя суадносіны матываваць выкарыстанне беларускай мовы падчас рэлігійных службаў.
    · Праводзіць працу з вышэйшымі духоўнымі асобамі і пастарствам па выкарыстанні беларускай мовы для розных катэгорый прыхаджан у залежнасці ад запатрабаванасці (як правіла прыхаджане маладога веку абіраюць беларускую мову).
    · Актыўна асвятляць з'явы выкарыстання беларускай мовы ў храмах праз сродкі масавай інфармацыі.
    · Матываваць увядзенне службы па-беларуску як галоўнага чынніка яднання і захавання міжканфесійнай талерантнасці.

11. Дзяржаўныя прадпрыемствы і ўстановы
    Улічваючы, што большая частка насельніцтва працуе на прадпрыемствах дзяржаўнай формы ўласнасці неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на працу ў гэтай сферы. Кожны працуючы мусіць без перашкод карыстацца беларускай мовай.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:
    · Дамагацца ад любой службовай асобы забяспечанага заканадаўствам права атрымліваць на запыт ці зварот па-беларуску адказу на беларускай мове.
    · Звяртаць увагу кіраўнікоў прадпрыемстваў і устаноў на недапушчальнасць ігнаравання беларускай мовы падчас афармлення афіцыйных папер (загадаў, распараджэнняў, прапускоў), паколькі паўсюдна працуюць беларускамоўныя людзі, чые моўныя правы павінны задавальняцца. Незабеспячэнне неабходнымі інструкцыйнымі матэрыяламі на мовах, якімі карыстаюцца работнікі, можа станавіцца прычынай парушэнняў правілаў тэхнікі бяспекі. (гл. раздзел Органы дзяржаўнага кіравання і юрыдычная база).

12. Сілавыя структуры
    Паколькі ў Беларусі існуе абавязковая вайсковая павіннасць і законапаслухмяны грамадзянін не мае права пазбегнуць выканання свайго абавязка перад Радзімай, трэба разглядаць вайсковае жыццё, як неад'емную частку грамадскага жыцця. Для любой арміі свету мовай афіцыйных зносін у войску з'яўляецца мова тытульнай нацыі. На сённяшні дзень прахаджэнне вайсковай службы для беларускамоўных грамадзян з'яўляецца праблематычным, бо перавод службы на беларускую мову (хаця б некаторых падраздзяленняў) знаходзіцца ў кампетэнцыі Міністэрства абароны. Але грамадскасць павінна прыкласці намаганні для забеспячэння беларускамоўным грамадзянам права праходжання службы на роднай мове.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:
    · Садзейнічаць перакладу агульнавайскавых статутаў на беларускую мову.
    · Ладзіць сумесна з вайсковымі спецыялістамі канферэнцыі і семінары з мэтай удакладнення і ўзгаднення вайсковай тэрміналогіі.
    · Спрыяць правядзенню конкурсаў шыхтовых беларускіх песень.
    · Матываваць перавод на беларускую мову жыцця элітных вайсковых падраздзяленняў узброеных сілаў.
    · Аказваць метадычную дапамогу па беларускай мове вайсковым выданням.
    · Падтрымліваць перавод працэсу навучання ў вайсковых ВНУ на беларускую мову.
    · Дамагацца ад кіраўніцтва Міністэрства абароны распрацоўкі праграмы па пераводу большасці падраздзяленняў на беларускую мову;

13. Дыялектныя арэалы
    Без сілкавання літаратурнай беларускай мовы дыялектнымі зваротамі і словамі немагчыма перспектыўнае развіццё.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:
    · Стымуляваць узнікненне ў рэгіёнах беларусі краязнаўчых асяродкаў, спрыяючых збіранню і захаванню дыялетнай мовы;
    · Распрацаваць праграму стварэння і падтрымання краязнаўчых мастацка-літаратурных часопісаў.

14. Органы дзяржаўнага кіравання і юрыдычная база
    Неабходна выкарыстоўваць дзеючае заканадаўства з мэтай пашырэння ўжывання беларускай мовы ва ўсіх сферах, асабліва:
    · у візуальным афармленні грамадскага карыстання (крамах, вакзалах, шыльдах, надпісах, указальніках і да т.п.);
    · у гукавым афармленні (абвестках у грамадскіх месцах: у грамадскім транспарце, на вакзалах, аэрапортах, стадыёнах і г.д.);
    · пры афармленні ўпаковак тавараў, этыкетках;
    · у сферы рэкламы (радыё, газеты, тэлебачанне).
    Існуючая заканадаўчая база дазваляе пазбягаць выкарыстання беларускай мовы, але ёсць і механізмы грамадскага ўздзеяння ў гэтых сферах. Варта лічыць, што ігнараванне беларускай мовы ў названых сферах з'яўляецца стварэннем перашкод і абмежаванняў у карыстанні дзяржаўнай мовай (арт. 1722 Адміністратыўнага кодэкса).

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:
    · Распрацаваць метадычны дапаможнік з парадамі юрыстаў, як адстойваць свае моўным правы.
    · Рэгулярна ладзіць ва ўсіх рэгіёнах краіны семінары, трэнінгі лідэраў грамадскіх арганізацый, канферэнцыі з мэтай азнаямлення з правамі грамадзян у моўнай сферы і метадамі ўціску (лабіравання) на ўлады па забеспячэнні функцыянавання беларускай мовы.
    · Прынцыпова не пакідаць ніводнага факта ігнаравання беларускай мовы ў адзначаных сферах (татальнае рэагаванне).
    · Калі на ўлады не ўздзейнічаюць ні якія разумныя аргументы, варта пераходзіць да грамадскіх акцыяў: збор подпісаў пад патрабаваннем, наладжванне пікетаў, мітынгаў.
    Мэтанакіраваная і паслядоўная грамадская дзейнасць заўсёды прымушае ўлады схіліцца да выканання патрабаванняў грамадскасці.


Уверх
НазадДалей