Пра арганізацыю
 - мэты і задачы
 - рэгіянальныя структуры
 - кіраўнічыя органы
 - дзейнасць у 2000 годзе
 - дзейнасць у 2001 годзе
 - дзейнасць у 2002 годзе
Маніторынг (моўны)
СМІ пра нас
Мы ў СМІ (публікацыі)
Статыстыка
 - перапіс
 - адукацыя
Афіцыйная перапіска
Дакументы
Стратэгія развіцця мовы
Гісторыя Беларусі. Асобы
Газета 'Наша слова'
БНУ
 - канцэпцыя
 - перапіска
СМІ пра БНУ
Беларускі відэаклуб




Да галоўнай Пошта
Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны


-- Стратэгія развіцця мовы --



1.1 Сфера адукацыі

    У павелічэнні колькасці людзей, якія б выкарыстоўвалі беларускую мову у розных сферах жыцця, вельмі важнае месца займае сістэма адукацыі розных узроўняў. Важна забяспечыць непарыўнаць беларускамоўнага навучальнага працэсу на працягу ўсяго перыяду навучання: ад садка і да універсітэта. Для гэтага трэба мабілізаваць усе структуры, якія павінны забяспечваць непарыўнасць працэсу.
    Абсалютна неабходна наладзіць сістэму падтрымкі і ўзаемадзеяння паміж галоўнымі ўдзельнікамі працэсу папулярызацыі беларускай мовы (беларускімі школамі, бацькоўскімі камітэтамі і інш.), каб яны не заставаліся сам-насам са сваімі праблемамі
    Павінна быць забяспечана магчымасць навучання дзяцей і моладзі розным прадметам на беларускай мове у межах адукацыйнай сістэмы уключаючы:
дашкольнае выхаванне; сярэднюю адукацыю; пазашкольнае выхаванне; спецыяльную адукацыю; вышэйшую адукацыю.

А. Дашкольнае выхаванне
    Забеспячэнне эфектыўнай і даступнай падрыхтоўкі праз беларускую мову з'яўляецца вельмі важным як у працы з дзецьмі, якія размаўляюць на беларускай мове, так і з дзецьмі, якія вучацца размаўляць па-беларуску. Гэты перыяд з'яўляецца найбольш важным для закладкі падмурка, які павінен стаць гарантыяй таго, што дзеці будуць свабодна валодаць беларускай мовай на працягу ўсяго жыцця.
    Не ўсе бацькі выбіраюць так званыя беларускія садкі, але калі мы хочам аднаўлення статуса мовы ў грамадстве, мы павінны выпрацоўваць пазітыўныя адносіны бацькоў да ведання іх дзецьмі беларускай мовы.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:
    · Заахвочваць персанал беларускамоўных садкоў трымацца беларускай мовы ў выхаваўчым працэсе. Дзеля гэтага з дапамогай бацькоўскіх камітэтаў ствараць фонды дадатковай матэрыяльнай патрымкі, уключаць персанал у сферу адукацыйных праектаў, што забяспечваюць іх прафесійны рост.
    · Ствараць сярод бацькоў камітэты з мэтай зацікаўлення ў выхаванні сваіх дзяцей у беларускамоўным асяроддзі.
    · Уключаць беларускамоўныя садкі ў сферу міжнародных адукацыйных праектаў, спрыяць наданню беларускамоўнаму дашкольнаму выхаванню статуса элітнасці.
    · Бесперапынна быць у кантакце і працаваць з дзяржаўнымі ўстановамі, адказнымі за дашкольнае выхаванне, з мэтай пашырэння сеткі беларускамоўных садкоў і іх падтрымкі.

Б. Сярэдняя адукацыя
Усе без выключэння навучэнцы сярэдніх навучальных устаноў павінны атрымліваць адукацыю на беларускай мове, каб пасля заканчэння школы яны маглі свабодна валодаць мовай ва ўсіх сферах жыцця. Дзеля гэтага павінна павышацца доля прадметаў, выкладанне якіх будзе весціся на беларускай мове. Павінна праводзіцца падтрымка настаўнікаў, якія выкладаюць па-беларуску.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:
    · Распрацаваць сістэму дапамогі беларускамоўным школам і схему іх супрацоўніцтва паміж сабой.
    · Наладжваць сувязі з бацькоўскімі камітэтамі, дзе бацькі зацікаўлены ў адукацыі іх дзяцей на беларускай мове, дапамагчы наладзіць каардынацыю дзеянняў паміж рознымі бацькоўскімі камітэтамі, спрыяць стварэнню аб'яднанняў бацькоўскіх камітэтаў беларускамоўных школ і класаў.
    · Садзейнічаць уключэнню школ з беларускай мовай навучання ў міжнародныя адукацыйныя праекты.
    · Дамагацца ад Міністэрства адукацыі павышанага статусу сярэдніх беларускамоўных навучальных устаноў з наданнем ім статусу ліцэяў або гімназій. Спрыяць станаўленню беларускамоўнай адукацыі як элітарнай.
    · Абараняць правы грамадзян, якія жадаюць даць свайму дзіцяці адукацыю па-беларуску. Дамагацца праз Канстытуцыйны суд зняцця ўсіх фармальных абмежаванняў, якія дазваляюць мясцовым органам адукацыі пазбягаць выканання дзеючага заканадаўства. (У тым ліку гл. раздзел: "Органы дзяржаўнага кіравання і юрыдычная база".)

В. Пазашкольнае выхаванне
    Вызначальным у выбары мовы зносін вельмі часта становіцца мова пазашкольных адукацыйных устаноў. Гэта гурткі, секцыі, клубы для дзяцей, дзе яны маюць магчымасць атрымаць дадатковыя навыкі і веды ў гуманітарных сферах.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:
    · Заахвочваць персанал пазашкольных навучальных устаноў, клубаў, палацаў дзяцей і моладзі, спартыўных секцый ствараць групы для беларускамоўных навучэнцаў.
    · Спрыяць уключэнню тых устаноў, што прытрымліваюцца ў сваёй дзейнасці беларускай мовы, у міжнародныя адукацыйныя і гуманітарныя праекты.
    · Тлумачыць бацькам перавагі атрымання пазашкольных ведаў на беларускай мове, матывуючы больш гарманічным выхаваннем і далейшай прыстасаванасцю да шматмоўнага асяроддзя, а таксама больш хуткай адаптацыяй да вывучэння іншых моў у будучыні.
    · Заахвочваць персанал у працэсе выхавання трымацца беларускай мовы. Дзеля гэтага спрыяць прафесійнаму росту праз далучэнне да міжнародных адукацыйных праграм і трэнінгаў.

Г. Спецыяльная адукацыя
    Найважнейшымі галінамі спецыяльнай адукацыі для функцыянавання мовы ёсць адукацыйныя ўстановы (каледжы, курсы і да т.п.), што рыхтуюць спецыялістаў у сферы гандлю, аказання паслуг, транспарту і г.д. Абавязковым чыннікам спецыяльнай адукацыі мусіць быць веданне будучымі спецыялістамі прафесійнай лексікі.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:
    · Разам з зацікаўленымі спецыялістамі распрацоўваць дапаможнікі для навучання прафесійнай лексіцы ў сферы аказання паслуг.
    · Дамагацца праз групы ціску ўвядзення ў навучальныя праграмы абавязковага курса беларускай прафесійнай лексікі.
    · Распрацаваць слоўнікі-дапаможнікі для вадзіцеляў, якія маглі б карыстацца імі, аб'яўляючы назвы прыпынкаў.

Д. Вышэйшая адукацыя
    Вышэйшая адукацыя забяспечвае грамадства высокаадукаванымі спецыялістамі, і вельмі важна, каб будучыя спецыялісты валодалі беларускай мовай і маглі прымяніць яе на працоўных месцах. Для гэтага павінны быць пашыраны ўжытак беларускай мовы ў межах навучальнага працэсу

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:
    · Шляхам правядзення адмысловых кампаній замацаваць у грамадскай свядомасці ненатуральнасць такой з'явы, калі ў незалежнай краіне адсутнічае магчымасць атрымання вышэйшай адукацыі на мове карэннай нацыянальнасці краіны.
    · У найбліжэйшы час дамагчыся адкрыцця беларускамоўных плыняў ва ўсіх ВНУ Беларусі, з гэтай мэтай распачаць кампанію ціску на Міністэрства адукацыі, кіраўніцтва ВНУ, прадстаўнічыя органы ўлады краіны;
    · Паралельна, незалежна ад дзяржавы, ствараць магчымасці атрымання вышэйшай адукацыі пры дапамозе інфармацыйных тэхналогій. (Больш падрабязна гл. раздзел Інфармацыйныя тэхналогіі).

Уверх
НазадДалей