Пра арганізацыю
 - мэты і задачы
 - рэгіянальныя структуры
 - кіраўнічыя органы
 - дзейнасць у 2000 годзе
 - дзейнасць у 2001 годзе
Маніторынг (моўны)
СМІ пра нас
Мы ў СМІ (публікацыі)
Статыстыка
 - перапіс
 - адукацыя
Афіцыйная перапіска
Дакументы
Стратэгія развіцця мовы
Гісторыя Беларусі. Асобы
Газета 'Наша слова'
БНУ
 - канцэпцыя
 - перапіска
СМІ пра БНУ
Беларускі відэаклуб



Да галоўнай Пошта
Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны


-- Мы ў СМІ (публікацыі) --



Ніл ГІЛЕВІЧ

ВЯЛІКАЕ БЕЛАРУСКАЕ СЭРЦА
Выпрабаванне на гонар і годнасць

    Чаму ў нас, беларусаў, такі менталітэт, якім мы не можам паганарыцца? У пошуках адказу на гэта пытанне заглянем у гісторыю - на сто, на дзвесце і болей гадоў назад. Параўнаем самапачуванне нашага мужыка (народ быў пераважна сялянскі, мужыцкі) і расійскага. Рускі мужык таксама быў цёмны, прыгнечаны, абяздолены, але ведаў: мы, расіяне, маем свайго цара, І да яго мелі вось такіх і такіх цароў, імператараў; мы мелі вось такіх палкаводцаў і вось такія слынныя ваенныя перамогі; мовай, якою гавару я, мужык, гавораць цары, міністры, генералы, акадэмікі, памешчыкі, святары, чыноўнікі, настаўнікі, купцы, рамеснікі, салдаты.
    Нічога такога не мог сказаць сабе беларускі мужык. Сляпы, "як крот", цёмны, "як тытунь у табакерцы", беларускі мужык сваіх цароў-князёў не знаў-не помніў - сваёй дзяржаўна-гістарычнай памяці яго пазбавілі начыста; перамогаў свайго народа, сваіх палкаводцаў-ваяводаў над ворагамі таксама не знаў-не помніў - быў змушаны запамінаць імёны генералаў чужых ды яшчэ і ганарыцца імі; мовай беларускага мужыка паны-начальнікі, а таксама багатыя і адукаваныя людзі не гаварылі, больш таго - пагарджалі ёю і здзекваліся з яе, - І ён разумеў: хочаш "выйсці ў людзі", займець службовую пасаду, стаць багатым і паважаным - выракайся сваёй мужыцкай, "хамскай" мовы і пераходзь на панскую, на культурную.
    Ну а што значыць ламаць у чалавека, у душы ўсяго народа веру? Ламаць адзін раз, другі, трэці. Ламаць гвалтам, прымусова. Што ў выніку ад чалавека, ад чалавечай душы застаецца? Якое веры ён - у выніку? Крывёй, агнём, гвалтам адарвалі ад паганства - ад Бога-Прыроды, Бога-Зямлі, Бога-Вады, Бога-Паветра, Бога-Агню. Перавярнулі ў хрысціян. Не да канца, не поўнасцю вытравілі паганства - доўгія стагоддзі яно суіснавала з новаю, хрысціянскаю верай. Затым для нас, ліцвінаў, пачаліся уніі - першая, другая, трэцяя. Вялікая частка нашых продкаў, перш за ўсё багатыя паны, сталі каталікамі. Амаль тры чвэрці народу сталі з цягам часу уніятамі, гэта значыць, ні тымі, ні другімі (недаламанымі). У XIX стагоддзі пачалі "ламаць" нанава, адгінаць у другі бок: з уніяцтва гвалтам заганяць у праваслаўе. А гэта ж - тры чвэрці народа! Мільёны людзей! Бальшыню зрабілі зноў праваслаўнымі (а дзе ты дзенешся - пад бізуном, пад нагайкай, пад дулам стрэльбы?). Часціна, прывыкшы, што галоўны святар - у Ватыкане, перайшла ў каталіцтва. Самыя цвёрдыя духам (нямногія) засталіся уніятамі. Некаторыя знайшлі прыстанішча духу свайму ў розных формах пратэстанцтва.
    У 20-30-я гады XX стагоддзя на тэрыторыі акупаванай Заходняй Беларусі сотні тысяч праваслаўных беларусаў былі вымушаны прыняць каталіцызм і запісацца ў палякі - каб пачувацца людзьмі, каб жыць больш-менш па-людску, іначай - застанешся бяспраўным быдлам, перспектыва была толькі такая. Ва ўсходняй, савецкай Беларусі тым часам вытраўлялі Бога ў душах людзей наогул - і падчыстую. Амаль усіх жыхароў рэспублікі зрабілі атэістамі, дакладней - бязбожнікамі. Веру дзядоў-прадзедаў забаранілі, права звяртацца да Бога, да Ісуса Хрыста, пазбавілі. Ваш Бог - Ленін (пазней Сталін). І зноў жа ўсё гэта - гвалтам, сілай, прымусам. Зрэшты, яшчэ раз учыніць такую экзекуцыю над душой беларуса было ўжо не так і цяжка. Па той прычыне, што яе ламалі ўжо шмат разоў, што ў душы беларуса, у яго крыві, у генах працягвалі жыць і паганства, і праваслаўе, і каталіцызм, і уніяцтва, і пратэстанцтва, і зноў праваслаўе. 1 нішто - трывала, адно выцяснялася другім, адно напластоўвалася на другое, усё - там, у падсвядомасці - перамяшалася, збэрсалася, пераплялося. Ніякай стабільнасці і пэўнасці!
    Дык што ж за дзіва, што такая ламаная-пераламаная, растурзаная і змучаная душа адраклася ад усякае веры наогул? І ці трэба здзіўляцца, што іменна мы, беларусы, на ўсёй тэрыторыі былога СССР аказаліся самымі-самымі савецкімі, самымі-самымі ідэйна перадавымі, самымі-самымі этнічна абезаблічанымі, дэнацыяналізаванымі? Ды давядзем ужо гэтую градацыю да канца і скажам як ёсць - чаго ўжо тут баяцца праўды: самымі-самымі халуістымі і жабрачыстымі. Так і глядзім на свет і на людзей вачыма - ці халуя-лёкая (каму ўслужыць?), ці жабрака-папрасімца (у каго вым; міласціну?).
    Усюды, дзе ў гісторыі народа здаралася падобная трагедыя, місію маральнага аздараўлення народных мас, вываду іх з духоўнага заняпаду, з нацыянальнага анабіёзу брала на сябе інтэлігенцыя - навуковая, творчая, канфесійная, культасветніцкая, тэхнічная, чыноўная, вайсковая... Толькі інтэлігенцыя зможа ажыццявіць такую гістарычную місію і ў сучаснай сённяшняй Беларусі. Зможа - калі вызваліцца ад ганебнай халуістасці сама. Час выпрабавання на гонар і годнасць прабіў. Для нас, панове інтэлігенты, для нас! Ну не для тых жа няшчасных, змардаваных вясковых жанчын, што і сёння, як паўвека і назад, свету не бачаць за кучамі гною на фермах, слізгаюць у дзіравых гумовых ботах па гразі і думаюць: а за што купіць хоць бы гумавікі дзецям, каб у школу адправіць? 3 нас будучыня спытае, панове інтэлігенты, з нас. Але пакуль што - зноў і зноў, і тут і там, чуецца: я - музыкант, палітыка мяне не цікавіць; я -- спартсмен, мяне цікавіць спорт і толькі спорт. Нават пісьменнік заяўляе: я пішу мастацкія творы, а на палітыку мне начхаць! Сумна і брыдка на душы ад такіх публічных прызнанняў. Прабачце, панове, але сёння ў нашай сітуацыі начхаць на палітыку, на тое, што адбываецца ў грамадска-палітычным жыцці - значыць начхаць на лёс Беларусі. Будзе яна ці не будзе - начхаць! Зробяць яе "заходнім краем Расіі - ну і хай робяць: начхаць! Мы - творцы чыстага, высокага, вечнага...
    Дык чаго ж крыўдзіцца на тых, хто пра нашу раўнадушнасць і халуйства гаворыць праўду? Чаго абурацца і гневацца? Чаго абараняць мундзір, якога няма (кароль голы)? Пакуль сваім маўчаннем мы пасабляем чужакам і манкуртам рабіць тое, што нашым народам робяць, ні пашаны, ні гонару мы не заслугоўваем.

    Пытанне святарам
    Святары, як вядома, вучаць людзей толькі добраму - галоўнае, жыць сумленна, па запаветах Хрыста, з Богам у душы. "Надо жить так, чтобы быть достонным своего человеческого назначення", - сказаў, выступаючы па Беларускім тэлебачанні, полацкі епіскап.
    Чалавечае назначэнне... Высокае і бязмежна абъёмнае паняцце! Дык вось цікава: а шанаваць і любіць мову краіны, дзе ты нарадзіўся і жывеш, мову народа, да якога ты належыш, - гэта ў "чалавечае назначэнне" ўваходзіць ці не? Ці можна І не шанаваць сваю родную мову - і ад гэтага твая чалавечая годнасць не пацерпіць і грэху перад Богам не будзе?
    Успамінаю, што мне вядома з гісторыі нацыянальнага адраджэння іншых славянскіх народаў. Напрыклад, балгарскага. 1762 год. Краіна больш трох з палавінай стагоддзяў у ярме асманскай няволі. Вялікі родалюбец і абаронца балгаршчыны, першы ідэолаг нацыянальнага адраджэння айцец Паісій Хілендарскі завяршыў кнігу "Гісторыя славянабалгарская", у самым пачатку якой у "Прадмове да тых, што жадаюць прачытаць І пачуць напісанае ў гэтай гісторыйцы" гаворыць: "0 неразумны юродзівы! Ты чаму саромеешся называцца балгарынам і не чытаеш і не гаворыш на сваёй мове!". У Балгарыі гэтыя радкі ведае кожны вучань пачатковай школы, з імі ў сэрцы пачынаюць вучыцца і выходзіць у жыццё ўсе балгарскія дзеці. Пад гэтым заклікам айца Паісія на працягу дзесяцігоддзяў ішло абуджэнне і яднанне балгараў для барацьбы; за вызваленне. Не было ніводнага праваслаўнага храма ці манастыра, які б не быў асяродкам-агменем нацыянальнага балгарскага адраджэння. Ніводнага! Кожны святар лічыў сваім найпершым абавязкам, - будзіць патрыятычныя пачуцці і выхоўваць любоў да роднай мовы, да нацыянальных традыцый, абрадаў і звычаяў. І гэта дало плён: балгарскі народ не страціў ні роднае мовы, ні сваёй духоўнай культуры, ні сваёй гістарычнай памяці - нічога з таго, што вызначае ў свеце яго ўласнае аблічча.
    Дык, можа, пара і ў праваслаўных храмах Беларусі ўголас і штодня гаварыць аб гэтым? Звяртацца да прыхаджан з павучаннем накшталт таго, з якім звяртаўся да сваіх сучаснікаў айцец Паісій? Пытанне ж датычыць лёсу нацыі! Хіба не пільны абавязак беларускіх святароў - гаварыць прыхаджанам сваім, што ёсць для чалавека родная мова, што ёсць мова для народа і краіны, як важна ў жыцці шанаваць мову зямлі, на якой ты нарадзіўся і вырас або на якую ты перасяліўся і якая стала табе другой радзімай? Хіба не абавязак святара - напамінаць, пастаянна напамінаць вернікам, што мова народу дадзена Богам і таму яе трэба добра ведаць і ўсюды карыстацца ёю, не баючыся і не саромеючыся, што ў самім Святым Пісанні вуснамі апостала Паўла сказана: "Бо калі я малюся на чужой мове, дык хоць дух мой і моліцца, але розум мой застаецца без плоду"? Хіба не абавязак святара - настаўляць моладзь, каб яна ўваходзіла ў жыццё з роднай мовай у сэрцы, каб ішла вучыцца ў школы з беларускай мовай выкладання, каб цягнулася душой да беларускай кнігі, беларускага часопіса і газеты, да беларускай песні і беларускага тэатра, увогуле - да беларускага слова? Хто ж, калі не святар блаславіць на ўсё гэта юныя душы, дбаючы аб тым, каб узгадаваць іх патрыётамі Бацькаўшчыны, а не Іванамі, што не помняць свайго роду і племя?
    Бо неяк жа дзіўна, нават больш чым дзіўна атрымліваецца: у любой славянскай краіне святары асноўных, канфесій - найпершыя абаронцы і заступнікі нацыянальных святыняў - мовы, духоўнай спадчыны і гістарычнай памяці народа, найпершыя сябры дзеячаў нацыянальнай культуры і асветы, паплечнікі іх у вялікай справе патрыятычнага выхавання грамадзян. Д ў нас? А што ж у нас? Паплечнікамі і сябрамі каго з'яўляюцца святары ў Беларусі? Ці Божая воля не на ўсіх славян аднолькава распрасцёрта? Ці Божая воля ад беларусаў схавана і замест усталявання ў грамадстве яе - праводзіцца самая што ні ёсць звычайная хітрая палітыка?
    У такім разе пакарання за грахі трэба баяцца нетолькі прыхаджанам.

    Што было і нашым лёсам
    Маскоўскі дэмакратычны друк зноў і зноў вяртаецца да тэмы рэпрэсій і чалавечых страт, панесеных краінай, у якой і мы, беларусы, да 1991 года жылі. Зноў і зноў называюцца лічбы, ад астранамічных маштабаў якіх душу надоўга апаноўвае цяжкае, гнятлівае пачуццё, блізкае да роспачы. "Разве можно забыть 21 миллион человек, расстрелянных, уничтоженных, и бесследно в бесчисленных лагерях ГУЛАГа, превратившйхся в лагерную пыль? А 10 миллионов раскулаченных н сосланных крестьян? Миллионы невинно загубленных человеческих жизней! И ещё десятки миллионов не вернувшихся с войны. В России привыкли к тому, что люди уходят н не возращаются, уходят навсегда. Привыкли смирились, будто есть что-то более ценное, чем жизнь человека".
    Прывыклі ў Расіі, прывыклі і ў Беларусі. У раўнадушнасці да лёсу чалавека выхавалі і нас. Колькі з гэтых пералічаных дзесяткаў мільёнаў чалавечых жыццяў прыпадае на Беларусь? Два з палавінай? Тры з палавінай? Ці ўсе чатыры? Нават дакладных лічбаў няма... Чалавек - як казяўка, як мошка: што яго лічыць і з ім лічыцца? Прыстукнуў - і ўсё. І ні следу: ні табе магілы, ні пліты ці абяліска, ні нават крыжа драўлянага.
    Так рабілі Сталін і яго памагатыя. Гітлер і яго людажэрцы рабілі больш цывілізавана і больш прагматычна: мільёны людзей умярцвілі газам і затым спальвалі ў крэматорыях; попел ішоў на ўгнаенне (каб лепш расло), а загадзя адрэзаныя жаночыя валасы - на дыванкі-рагожкі пад ногі: вельмі трывалыя, моцныя атрымліваліся рагожкі!
    Гэта - вынікі... Мільёны загубленых па людаедскай прыхамаш жыццяў - гэта вынікі. Жахлівыя, але лагічныя вынікі станаўлення і развіцця дыктатарскіх рэжымаў. Паслядоўнага ажыццяўлення антыдэмакратычнай, антычалавечай волі дэспатаў, тыранаў, садыстаў. Пачынаецца ўсё з сацыяльнай дэмагогіі, з абяцання дабрабыту і светлага раю на зямлі, а канчаецца - ГУЛАГам і Асвенцымам, Курапатамі і Трасцянцом, Калымой і Бухенвальдам.
    Тыраны людзей не шкадуюць. Нідзе і ніколі. У тым ліку, і можа асабліва, на вайне. Перамога над Германіяй, пішуць ваенныя гісторыкі, абышлася Савецкаму Саюзу ў 27 мільёнаў чалавек. А калі б людзей хоць трохі шкадавалі, калі б перамагалі не колькасцю, а ўменнем, - страты маглі б быць у некалькі разоў меншыя. Але пра гэта ў Маскве не думалі, пра гэта думалі ў Берліне. Больш за паўвека святкуем Дзень Перамогі, пахваляемся, ганарымся. Адолелі супастата! Але якою цаною, Божа, якою цаною! Перамога выматала з народа ўсе духі да астатку, ператварыла яго ў дыстрофіка, выпатрашыла людскія і матэрыяльныя рэсурсы краіны так, што яна на дзесяткі гадоў апынулася ў эканамічным заняпадзе (чаго варты адзін факт, што Савецкі Саюз трыццаць гадоў узапар купляў хлеб за мяжой, маючы такія прасторы чарназёмаў!). Выйсці з эканамічнай катастрофы неставала сіл. Лепшыя людзі загінулі - у ГУЛАГу і на ванне. Лепшыя ацалелыя - спіліся: ад гора, ад усведамлення, што рабілася і робіцца ў дзяржаве, хто ёй кіруе і куды яна ідзе. Да таго ж - гвалтоўная асіміляцыя, вынішчэнне нацыянальных традыцый, нацыянальных культур, нацыянальных. моў. Як сродак і спосаб асіміляцыі - гвалтоўная дыфузія разнааблічных этнасаў (мардоўцаў - у Беларусь, беларусаў - у Мардовію і г.д.), утварэнне масавых патокаў людзей-маргіналаў, людзей без сацыяльных, культурных і духоўных каранёў. Мараль грамадства дэградзіравала, апускалася ўсё ніжэй і ніжэй. Бо - адкуль, з якіх крыніц чэрпаць духоўныя сілы? На якой глебе маральнасць будзе трымацца?
    І вось... І вось не бачна, каб мы, беларусы, пра ўсё пра гэта сур'ёзна і заклапочана думалі. Каб мы думалі пра свой лёс, азіраючыся на гісторыю дзяржавы, якая нас калісьці прыгрэбла і ў якую нас хочуць загнаць зноў. Няйначай як нейкае пракляцце на нас звалілася і не сыходзіць: не хочам жыць на сваёй уласнай зямлі гаспадарамі, не хочам каваць сваю чалавечую долю самі! Гэта ўжо нешта такое, чаго людства свету зразумець не можа. Калі і наша сённяшняя моладзь не будзе пра гэта думаць і з вялікім болем і з вялікім гневам - тады... Тады, як казаў некалі мой дзед Мікалай, - усе: спіткі-з'едкі - выбачайце, дзеткі!..
    Да таго часу, пакуль...
    Да таго часу, пакуль імёны людзей, што стварылі Беларускую Народную Рэспубліку і абвясцілі яе незалежнасць, не зоймуць годнае іх памяці месца ва ўсіх чытанках, хрэстаматыях і падручніках па гісторыі Беларусі, пакуль у назвах вуліц і плошчаў іхнімі імёнамі не будуць заменены выклятыя Богам імёны кнорыных, ландэраў, мясніковых і іншых ворагаў незалежнай Беларусі і беларускай мовы, пакуль на беларускай зямлі помнікі чужакам і запраданцам, ненавіснікам беларушчыны, не будуць заменены помнікамі вялікім сынам І палымяным патрыётам Беларусі, пакуль партрэты Ластоўскага, Лёсіка, Смоліча, Некрашэвіча, Ігнатоўскага і многіх-многіх іншых выдатных дзеячаў Беларускага Адраджэння не стануць красавацца ў кожнай школе і кожным Доме культуры, пакуль беларуская мова не зойме наканаванага ёй Богам пануючага становішча на роднай зямлі, ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, навукі і асветы, пакуль беларускія нацыянальныя сімвалы - бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня не стануць сімваламі беларускай дзяржавы - прызнанай усім светам суверэннай, незалежнай дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь, да таго часу не супакоіцца ВЯЛІКАЕ БЕЛАРУСКАЕ СЭРЦА, не аціхне і не ашляхне ў ім свяшчэнны бунтоўны гнеў супроць палітыкі запраданства і каланізатарства, і нічога добрага, ніякай згоды-лагоды ворагі беларушчыны на беларускай зямлі не прычакаюць.
Уверх