Пра арганізацыю
 - мэты і задачы
 - рэгіянальныя структуры
 - кіраўнічыя органы
 - дзейнасць у 2000 годзе
 - дзейнасць у 2001 годзе
 - дзейнасць у 2002 годзе
Маніторынг (моўны)
СМІ пра нас
Мы ў СМІ (публікацыі)
Статыстыка
 - перапіс
 - адукацыя
Афіцыйная перапіска
Дакументы
Стратэгія развіцця мовы
Гісторыя Беларусі. Асобы
Газета 'Наша слова'
БНУ
 - канцэпцыя
 - перапіска
СМІ пра БНУ
Беларускі відэаклуб




Да галоўнай Пошта
Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны


-- Афіцыйная перапіска --




3 лістапада 2003 г. № _______

Спадару А.М. Радзько
Міністру адукацыі Рэспублікі Беларусь
220010, г. Мінск, вул. Савецкая, 9



Паважаны Аляксандр Міхайлавіч!

    Як вядома са сродкаў масавай інфармацыі, у Беларускім дзяржаўным універсітэце ажыццяўляецца выдача студэнцкіх білетаў новага ўзору. Нас вельмі здзіўляе і непакоіць той факт, што на бланках білетаў, зацверджаных Міністэрствам адукацыі, звесткі пра студэнтаў і іншая інфармацыя друкуецца выключна на рускай мове. Думаецца, што адміністрацыя БДУ робіць гэта з уласнай ініцыятывы, а не са згоды студэнтаў. З гэтай нагоды мы зрабілі запыт (копія дадаецца). У адказ на наш ліст першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта прафесар А.А. Яноўскі патлумачыў, што цяжкасць выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы пры вырабе электронных дакументаў мае чыста тэхналагічны характар і выклікана тым, што сучасныя сеткавыя аперацыйныя сістэмы і сістэмы кіравання базамі дадзеных, распрацаваныя за мяжой, дрэнна адаптаваныя для выкарыстання беларускага алфавіту. А для дапрацоўкі праграманага забеспячэння, якое выкарыстоўваецца падчас вырабу студэнцкіх білетаў і яго суправаджэння, нібыта неабходна выдзяленне дадатковых фінансавых сродкаў.
    Не можам з гэтым пагадзіцца, таму што менавіта ў БДУ на кафедры матэматычнага забеспячэння аўтаматызаваных сістэм кіравання пад кіраўніцтвам прафесара І.В. Соўпеля некалькі гадоў таму распрацаваны эфектыўныя прамысловыя сістэмы аўтаматычнай апрацоўкі тэкставых дакументаў, а менавіта:
    - карэктар тэкстаў беларускай мовы, адпавядаючы Microsoft Word;
    - сістэма аўтаматычнага рэферавання тэкстаў беларускай і рускай моў;
    - сістэма беларуска-рускага і руска-беларускага машыннага перакладу.
    На жаль, гэтыя сістэмы не ўкараняюцца як у самім БДУ, так і па ўсёй краіне. Каб пазнаёміць Вас з распрацоўкамі, зробленымі ў гэтай навучальнай установе, дасылаем кніжку "Беларуская мова. Інтэрнет і камп'ютэр".
    Паважаны Аляксандр Міхайлавіч, просім Вас прыняць адпаведныя захады па спыненні дыскрымінацыі прадстаўнікоў беларускамоўнай супольнасці ў БДУ і іншых навучальных установах краіны і прадухіліць, тым самым, парушэнне артыкула 14 Канстытуцыі, у якім сказана: "Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сацыяльнымі, нацыянальнымі і іншымі супольнасцямі на аснове прынцыпаў роўнасці перад законам, павагі іх правоў і інтарэсаў". Просім Вас забяспечыць прынцып роўнасці ў адносінах да студэнтаў, якія лічаць сваёй роднай мовай беларускую, і кіравацца Сусветнай дэкларацыяй лінгвістычных правоў, у артыкуле 17.1 якой гаворыцца, што кожная моўная супольнасць мае права мець у сваім распараджэнні або атрымліваць на сваёй тэрыторыі любыя неабходныя дакументы (як на паперы, так і на магнітнай стужцы або іншым матэрыяле), складзеныя на мове дадзенай супольнасці.

З павагай
Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны Алег Трусаў


Уверх