![]() |
-- Моўны маніторынг-- 2000
Верасень Міністр адукацыі Васіль Стражаў адмовіўся адказваць на пытанне, колькі першакласнікаў у гэтым верасні пойдзе ў беларускія класы – маўляў, усё залежыць ад волі бацькоў. Пакуль жа трэцяя частка школьнікаў усіх узростаў атрымліваюць адукацыю на беларускай мове. Дзе ж яны змогуць атрымаць беларускамоўную вышэйшую адукацыю? Гэтым пытаннем заклапочаны прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.
Віктар Стражаў заявіў журналўстам: "Ведаеце – гэта мая думка і асабістая і як афіцыйнай асобы – гэтае супрацстаянне, гэта значыць, што быццам бы ў нас не нацыянальная вышэйшая школа. Гэта смешна. А якая яна ў нас?" – рытарычна запытаў ён. Віктар Стражаў упэўнены, што трэба ісці іншым шляхам: ствараць у ВНУ дзве плыні – беларускамоўную і рускамоўную. "Мы ўжо ў міліметры ад гэтага рашэння", - дадаў міністр адукацыі. Ян Дзямідаў, газета "Наша свабода" 01.09.00 г. Мала хто ня памятае гэтую мэлёдыю першаверасьнёўскага званка. Аднак у руках чароўнае Настачкі ён абвяшчае ня толькі пачатак новага, ужо школьнага жыцьця, але й перамогу ейных таты і мамы, атрыманую разам зь іншымі бацькамі ў колькімесяцавым змаганьні за права атрымліваць асьвету ў роднай мове ў цэнтры роднага горада. Званок у руках Настачкі абвяшчае, што ў цэнтры беларускае сталіцы ўпершыню пасьля травеньскага (1995 году) рэфэрэндуму адна са школаў – 23-ая – зноў правяла набор на беларускамоўнае навучаньне. Распавядае бацька Насьцінай аднаклясьніцы Юстынкі Зьміцер Саўка.
(Саўка: ) "Усё запачаткавалася яшчэ ўсярэдзіне зімы, калі сабраўся гарадзкі бацькоўскі камітэт з мэтай усё ж паправіць сытуацыю ў беларускім школьніцтве, і адразу зрабілі стаўку на школу, якая павінна быць у цэнтры і ў будучым стацца беларускамоўнай гімназіяй. Улады, трэба сказаць, недзе ўсё ж такі пайшлі нам насустрач. Пасьля пошукаў дзядзей (гэтьа самая вялікая праблема была) нам удалося сабраць клясу – вось я палічыў зараз – 18 чалавек. Я лічу гэта вялікім посьпехам гарадзкога бацькоўскага камітэту". Пажадаем жа новаму папаўненьню беларускіх вучняў 23-й школы ня мець тых праблемаў з моваю свайго навучаньня, якія спатыкаюць іхных сяброў кожны верасень за часы ўлады Лукашэнкі. Не ва ўсіх 32-х менскіх школах, якія вялі сёлета прыём у падрыхтоўчыя клясы на беларускую мову навучаньня, яны адчыненыя. Як сказала нам намесьніца начальніка гарадзкое ўправы адукацыі Ала Фралова, хаця дакладнай інфармацыі пра колькасьць беларускіх школаў, клясаў ды вучняў у сталіцы яшчэ няма, аднак ужо вядома, што іх будзе менш, чым меркавалася. Тэндэнцыя да скарачэньня беларускамоўнага набору відавочная. Клясы адчыненыя ў тых школах, дзе, як у 23-й, аказаліся настойлівымі бацькі, або ў тых, дзе прынцыпова ставяцца да гэтага дырэктары. Гаворыць старшыня менскае гарадзкое рады Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім, якая сёньня прысутнічала на "Сьвяце ведаў" у 4-й менскай нацыянальнай гімназіі. (Анісім: ) "Я сёньня была ў дырэктара, Бандарэнкі Юрыя Міхайлавіча. Ён мяне, як маці, пасьпяшаўся запэўніць: "Пакуль я тут ёсьць, мы не набіраем рускіх клясаў. Тры падрыхтоўчыя клясы сёлета набраныя з беларускай мовай навучаньня". А вось зь першаклясьнікамі ў гімназіі адразу ж узьніклі праблемы. Алена Анісім працягвае. (Анісім: ) "Два першыя клясы, якія набраныя летась, – і ў гэтых клясах па 16 чалавек. Ад райана, ад райфінаддзелу паступіла прапанова гэтыя клясы аб’яднаць у адзін кляс. Дырэктарам загадалі ў гутарках з бацькамі прапанаваць ім пераводзіць дзяцей у іншыя школы. Я патэлефанавала загадчыцы Фрунзенскага райана Васілені Галіне Мітрафанаўне. Яна сказал, што пакуль зьнішчаць ня будуць, будуць дабіраць дзяцей". Валянціна Аксак, радыё "Свабода" 01.09.00 г. Бацькам і вучням Баранавіцкай школы СШ-17 цяжка было дамагчыся, каб кляса засталася беларускамоўнай.
З самага першага году навучаньня дзеці займаліся па-беларуску, і вось напярэдадні новага навучальнага году над беларускай клясай зноў навісла пагроза. На гэты раз прычынай стала тое, што атрымаўшы базавую адукацыю, многія вучні пакінулі школу і ў клясе засталося толькі 9 чалавек. Іх меркавалася расфарміраваць па рускамоўных. Тут і пачалося змаганьне. На гэты раз за права навучацца на роднай мове змагаліся самі вучні: сабралі 12 заяў, неаднаразова хадзілі да дырэктара і патрабавалі пакінуць іхнюю клясу беларускамоўнай, а многія зь іх заяўлялі, што, калі гэтага не адбудзецца, то яны гатовыя выйсьці на першаверасьнёўскую лінейку проста на плошчу перад гарвыканкамам. Не пакінулі ў змаганьні сваіх дзяцей і бацькі, якія яшчэ некалькі гадоў таму дзеля ўзаемападтрымкі ўтварылі нефармальную асацыяцыю бацькоў дзяцей беларускамоўных клясаў. Старшыня асацыяцыі Віктар Мядзяк зазначае, што з боку адміністрацыі СШ-17 назіраў нават жаданьне захаваць 10"б" клясу беларускамоўнай. [...] . Аднак, на думку сп. Медзяка, было відаць, што ціск ішоў зьверху. Трэба зазначыць, што на сёньня ў Баранавічах не засталося ніводнай цалкам беларускамоўнай школы. Клясаў зь беларускай мовай навучаньня ў мінулым годзе было толькі 29, ды і тое некаторыя зь іх беларускамоўныя - толькі на паперы. На самой жа справе большасьць прадметаў выкладаецца па-расейску. Сёньня раніцай на агульным сходзе 10-х клясаў 17-й школы здарылася тое, чаго ніхто не чакаў: аб сваім жаданьні навучацца на роднай мове заявілі яшчэ каля 10-ці вучняў зь іншых клясаў, сярод іх шмат выдатнікаў. Прыток у беларускую клясу працягваецца і цяпер адміністрацыя думае пра большую, чым плянавалася для клясы аўдыторыю. Алесь Горбач, радыё "Свабода" 01.09.00 г. Нажаль працягвае скарачацца ў Гомельскай вобласьці навучаньне на беларускай мове. Калі да сумнавядомага рэфэрэндуму 95-га году ў Гомлі з 7 тыс. першаклясьнікаў па-беларуску вучылася 75%, то зараз такіх налічваецца ўсяго 36 чалавек. Гэта дзве невялічкія клясы па 18 чалавек у беларускай Славянскай гімназіі.
Скарачаецца навучаньне па-беларуску нават у сельскіх школах, былых ахоўніках мовы. У Рагачоўскім раёне толькі 16% школьнікаў атрымліваюць веды на мове сваіх бацькоў. Казімір Яноўскі, радыё "Свабода" 01.09.00 г. Іван Івашка
Мне 17 год, скончыў 11 беларускамоўны клас ліцэя №1 у самым лепшым для мяне горадзе Беларусі – Гродна. З першага класа ўсе прадметы ў нас выкладаюцца на матчынай роднай мове. Цяпер прыдзецца перавучвацца. Чаму? Таму што на Беларусі – афіцыйна двухмоўе: руска-беларускае (чытай: руская мова - дзяржаўная). Куды я падзенуся са сваім "здабыткам" (па-руску - произведение), "датычнай" (па-руску - касательной). І гэта толькі ў матэматыцы. А фізіка, грамадазнаўства, хімія, ды ці мала якія яшчэ прадметы?
Газета "Чырвоная змена" 02.09.00 г. У старажытным Заслаўі сьвяткуецца Дзень беларускага пісьменства.[…] Арганізатары сьвята ўпершыню пасьля травеньскага рэфэрэндуму 1995 году афіцыйна запрасілі беларускіх літаратараў узяць удзел у сьвяткаваньні Дня беларускага пісьменства. Але з 25 запрошаных прыехалі толькі пятнаццаць. Урачыстасьці прайгнаравала значная колькасьць пісьменьнікаў дэмакратычных поглядаў — Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Сяргей Законьнікаў, Уладзімер Арлоў ды іншыя.
Гэтую сытуацыю камэнтуе Вольга Іпатава, якая ўзяла ўдзел у сьвяткаваньні. (Іпатава: ) "Апошнімі гадамі было так, што сьвята пісьменства і друку абыходзілася ўвогуле цалкам без пісьменьнікаў. Называлася сьвята пісьменьніцтва і друку, а на сцэне былі артысты, былі скокі пастаянныя, і, па-сутнасьці, гэта значыла выцясьненьне беларускага слова, у той час як фасад як бы беларускасьці захоўваўся. Аднак, я баюся, каб гэта не ператваралася зноў жа ў параднасьць, таму што вось ехала я зараз на сьвята – там дзе была крама, там стаіць ужо "Магазин". Значыць, рыхтуючыся да сьвята, зьнялі беларускае слова "крама" і паставілі рускае "магазин". Дзе ж сэнс сьвята? Вось гэта турбота прысутнічае. Мы робім усё магчымае, каб нейкім чынам у грамадзтве зафіксаваць і ўзмацніць беларускае слова". Ганна Соусь, радыё "Свабода" 03.09.00 г. На круглым стале ў Беларускім ПЭН-цэнтры, які быў прысьвечаны стану беларусккай мовы, сп Запрудзкі паказаў, што моўная палітыка сучаснай дзяржавы зьвернутая ў мінулае, у сытуацыю 60-70-х гадоў. Адсюль стаўся мажлівым і рэзкі абвал беларускага школьніцтва, які даволі поўна паказаў у сваім маніторынгу сустаршыня менскага Бацькоўскага камітэту беларускамоўных школьнікаў Валеры Палсьцюк: за 5 гадоў у краіне зьнікла 290 беларускіх школаў. За гэты час адчынена расейскіх 990. У Менску за 6 апошніх гадоў на расейскую мову навучаньня пераведзена звыш 33000 школьнікаў, якія пачыналі вучыцца па-беларуску.
Валянціна Аксак, радыё "Свабода" 03.09.00 г. Лявон Баршчэўскі, кіраўнік лінгвістычнай камісіі Беларускага ПЭН-цэнтру
Механізмы Усеагульнай дэклярацыі лінгвістычных правоў, хоць і не зьяўляюцца сёньня глябальнымі, але яны могуць дапамагчы ў вырашэньні некаторых нашых пытаньняў. Прынамсі, міжнародны аўтарытэт гэтай Дэклярацыі здымае ўсялякія сьпекуляцыі наконт таго ці патрэбны Беларускі ўнівэрсытэт, ці трэба беларуская рэкляма? У Дэклярацыі ўсе гэтыя правы прапісаныя, як неад’емныя правы моўнай супольнасьці.
Радыё "Рацыя" 04.09.00 г. Канфлікт у 146-й менскай гімназіі: у адну клясу злучаныя вучні, якія да гэтага шэсьць гадоў навучаліся на розных мовах.
Ад першае па шостую клясу ўлучна 6 "Г" кляса менскае школы №146 была беларускамоўнаю. Перад ёю па-беларуску вучыцца яшчэ адная кляса. За ёю на родную мову навучаньня набору ў гэтай школе не праводзілася. Напрыканцы мінулага навучальнага году школа набыла расейскамоўны гімназычны статус. Вучням беларускіх клясаў дазволілі здаваць іспыты ў гімназычныя клясы па-беларуску. Але працягваць вучобу ў іх далей — па-расейску. Частка вучняў і бацькоў 6 "Г" клясы палічыла для сябе такія ўмовы дыскрымінацыйнымі ды запатрабавала ад раённых ды гарадзкіх адукацыйных уладаў захаваць мажлівасьці працягу навучаньня ў ранейшым моўным рэжыме і не далучаць да іх зь іншых клясаў расейскамоўных вучняў, якія не прайшлі гімназычны адбор. Такія гарантыі ў лістох за подпісамі загадчыцы аддзелу адукацыі Маскоўскага раёну Гарбуновай ды начальніка аддзелу адукацыі гарадзкога выканкаму Ціцянкова ў чэрвені былі атрыманыя. Аднак 1 верасьня беларускамоўныя вучні былое 6 "Г", а цяпер 7 "В" клясы апынуліся за партамі побач з расейскамоўнымі аднаклясьнікамі. Так распарадзілася дырэктарка спадарыня Кісялёва. На моўнай глебе адразу ж паўстаў канфлік, дзеля палагоджаньня якога 4 верасьня быў скліканы бацькоўскі сход. Які, аднак, высьветліў цьвёрдае жаданьне абедзьвюх частак клясы патрабаваць кожнаму сваё. Вось як патлумачыў сытуацыю бацька вучаніцы беларускамоўнае часткі клясы Авяр’ян Дзеружынскі. (Дзеружынскі: ) "Дырэктар ужо рускамоўнай гімназіі №146 спадарыня Кісялёва Ала Васільеўна зрабіла гэта наўмысна для таго, каб наогул дыскрэдытаваць беларускамоўнае навучаньне і сталкнуць ілбамі дзетак рускамоўных і беларускамоўных праз іх бацькоў. Гэта недапушчальна з этычнага пункту погляду, і з пункту гледжаньня маіх законных патрабаваньняў, майго канстытуцыйнага права на беларускамоўнае навучаньне дзіцяці". Сёньня спадар Дзеружынскі зьвярнуўся зь лістом да начальніка ўправы адукацыі Менскага гарадзкога выканкаму спадара Ціцянкова з патрабаваньнямі захаваць беларускамоўны рэжым навучаньня ў 7 "В" клясе і не далучаць да яе расейскамоўных вучняў. Бацькі якіх, як нам стала вядома, патрабуюць ад уладаў адваротнага. Канфлікт працягваецца. Валянціна Аксак, радыё "Свабода" 05.09.00 г. Пётр Клімук, двойчы герой Савецкага Саюза, кіраўнік расейскага Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына
В свое время республика и ее люди нормально работали, зарабатывали деньги и хорошо жили. Нет, надо плохо жить, потому что националистам это не понравилось. Вот, как на Украине – запретили русский язык. Я этого не понимаю. Это касается нравственной стороны вопроса. Почему белорусский националист Позняк указывает, что я не так что-то делаю, что выступаю против воли народа, а он все делает правильно? Что он сделал по сравнению со мной? Ничего, а я 3 раза был в космосе, рисковал жизнью! "Народная газета" 06.09.00 г. У новым навучальным годзе ў слонiмскiх школах застаўся толькi адзiн беларускамоўны клас...
Гэты падрыхтоўчы клас дзейнiчае ў СШ № 2, у iм навучаецца 15 дзяцей. У мiнулым годзе такiх класаў было два: у другой i чацвёртай гарадскiх школах. Па словах работнiцы гарадскога ад-дзела адукацыi Тэрэзы Юшкевiч, у беларускамоўныя класы не захацелi аддаваць сваiх дзяцей бацькi. "Мы праводзiлi вялiкую работу, угаворвалi iх, але бязвынiкова", - сказала Тэрэза Юшкевiч. Сяргей Ёрш, "Газета Слонімская" 07.09.00 г. Валеры Раеўскі
Наша нацыя моцна асіміляваная, мы амаль што забылі сваю мову і культуру, і наўрад ці вернецца яна да самой сябе ў блізкай будучыні. Я ў гэтым выпадку песіміст.
Газета "Звязда" 07.09.00 г. Большасці бацькоў у Радуні няма значэння, на якой мове вучацца іх дзеці, абы выраслі добрымі людзьмі. За расейшчыну выступаюць пераважна розныя заезджыя, як у нас называюць, саветы і саветкі. Большасць тутэйшых хоць заўтра аддадуць сваіх дзяцей у беларускія класы, абы ў гэтым былі зацікаўленыя адміністрацыі школ і настаўнікі. Іхнюю дзейнасць татальна кантралюе мясцовая вертыкаль на чале з усемагутнай Галінай Аляксандраўнай Турчынскай (намесніцай старшыні райвыканкама). Без дабраславення апошняй ніводзін настаўнік не можа ўладкавацца ні ў якую школу. Яна, вядома ж, ведае нашу мову, і час ад часу размаўляе па-беларуску, але старанна і "творча" праводзіць зусім іншую палітыку. Вынік такой палітыкі – у воранаўскія і радуньскія школы ўладкоўваюцца настаўнікі, якія ці то абыякава адносяцца да роднай мовы, так, як і да ўсяго беларускага, ці то настолькі зрусіфікаваныя, што адносяцца агрэсіўна-негатыўна. Апошнія, як правіла, людзі не тутэйшага паходжання. Настаўнікаў, якія з'яўляюцца шчырымі патрыётамі Бацькаўшчыны, як правіла, спіхваюць у вёскі. Напрыклад, на вёсцы працуе Генрых Даржынкевіч – адзін з нямногіх настаўнікаў, які ведае беларускую і англійскуюю мовы […]
У свой час спіхнулі на вёску з Радуні Івана Піскуна – выбітнага радуньскага гумарыста і сатырыка. […] Самы вядомы на Воранаўшчыне і Радуньшчыне краязнаўца Іван Фясенка (у свой час падпісаўся ў абарону Сахарава, быў выключаны з камсамолу, знаходзіўся пад наглядам КДБ СССР, за дзесяткі год сваёй працы стварыў у Радуні адзіны ў раёне народны гісторыка-краязнаўчы музей, энцыклапедычна ведае археалогію і гісторыю роднага краю, працаваў у Радуньскай СШ-1), быў уладкаваны ў вясковую школу, але пры спробе зноў уладкавацца ў тую ж Радуньскую, згодзе дырэктара школы і загадчыка РАА, стоп дала сумна вядомая намесніца старшыні райвыканкама, па прычыне адсутнасці ў Івана Фясенкі гістарычнай адукацыі. […] Так і не знайшоў сабе працы ў Радуньскіх школах за 10 гадоў жыцця ў Радуні Алесь Сакалоў. На знайшоў таму, што з’яўляецца не толькі беларускамоўным і беларускім настаўнікам, але і палымяным патрыётам Бацькаўшчыны. Выпускніку гістарычнага факультэту БДУ не знайшлося месца нават у вясковай школе на палову стаўкі. Стоп на гэты раз даў загадчык РАА таварыш Кашлей. […] Не змог перавесціся з Радуньскай школы-інтэрната у Радуньскую СШ-1 Генадзь Віткоўскі. Адказ стандартны – няма месцаў. Чаму ж для розных заезджых саветаў і саветак месцы знаходзяцца, а для мясцовых беларускамоўных настаўнікаў – не? Пытанне рытарычнае. Віталь Куплевіч, газета "Наша слова", 13.09.00 г. Пад пагрозаю закрыцьця апынулася на пачатку новага навучальнага году беларуская 8-Б кляса менскае сярэдняе школы №115. Вучням раздалі падручнікі на расейскай мове, заявіўшы, што па-беларуску выкладаць прадметы няма настаўнікаў.
Небезпасьпяховая спроба зьліквідаваць клясу ў гэткі самы спосаб была зробленая ў траўні, напрыканцы мінулага навучальнага году. Посьпех, аднак, быў частковы: зь дзьвюх беларускіх сёмых толькі некалькі бацькоў аднае клясы прынялі аргумэнты адміністрацыі пра адсутнасьць выкладчыкаў ды напісалі заявы пра перавод клясы ў наступным навучальным годзе на расейскую мову. Тых, чые бацькі не зрабілі гэтага, дадалі да паралельнае беларускамоўнае, у выніку чаго зь дзьвюх беларускаю засталася адна, хоць і перапоўненая — 31 вучань. Але на гэтым адміністрацыя не спынілася. На пачатку новага навучальнага году бацькі даведаліся, што ў фармальна беларускай клясе іхныя дзеці фактычна ўжо навучаюцца па-расейску. Падручнікі інфарматыкі, чарчэньня, біялёгіі, грамадазнаўства ім раздадзеныя на расейскай мове. Але й тыя прадметы, у якіх вучні атрымалі беларускамоўныя падручнікі (да прыкладу, хімія, фізыка, геаграфія), выкладаюцца па-расейску. Тлумачэньне ранейшае — няма беларускамоўных выкладчыкаў. Вось як камэнтуе сытуацыю Натальля Крываносава, маці адной з вучаніцаў: (Крываносава: ) "Мне сорамна, што так у Беларусі, тым больш у Менску. У нас два інстытуты – і пэдагагічны, і ўнівэрсытэт, яны ж рыхтуюць тых, хто можа весьці без праблемаў і на беларускай, і на рускай – як ім скажа дырэктар. У тым годзе яны казалі, што няма падручнікаў, цяпер, нібыта, няма – толькі па двух прадметах. Зараз яны кажуць, што ў іх настаўнікі ня могуць весьці. Ну дык я ня ведаю, яны ж у Менску ўсе вучыліся. Як яны вучыліся? Я ўвогуле не разумею, што яны кажуць і на каго гэта разьлічана?" Сказала Натальля Крываносава. Бацькі 8-Б клясы зьвярнуліся па падтрымку ў сваіх патрабаваньнях у сакратарыят Таварыства Беларускае Мовы. Там сытуацыю ў 115-й школе расцанілі як дыскрымінацыйную, пра што выклалі ў лісьце на імя міністра адукацыі Васіля Стражава. Цытую ліст тэбээмаўцаў да яго: "Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны надзвычай абуранае тым, што Міністэрства адукацыі, нягледзячы на тое, што навучальны год ужо пачаўся, не забясьпечыла беларускамоўным школам і клясам неабходныя ўмовы для нармальнага працэсу навучаньня. Гэтым Міністэрства груба парушае арт.50 Канстытуцыі Беларусі, паводле якога "дзяржава гарантуе … свабоду выбару мовы выхаваньня й навучаньня", і Закону аб мовах, што цягне за сабою адміністрацыйную адказнасьць (арт.172-2 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях)", — нагадвае міністру сакратарыят ТБМ. Рэакцыі ворганаў адукацыі на пратэсты бацькоў і грамадзкасьці ў сувязі зь дзеяньнямі адміністрацыі менскае сярэдняе школы №115 пакуль што няма. Валянціна Аксак, радыё "Свабода" 14.09.00 г. Васіль Сёмуха
Полковник Зайцев (супрацоўнік беларускага консульства ў Боне – заўв. склад.) замечательно говорил по-немецки, но плохо понимал по-белорусски - это в белорусском-то консульстве!
"Белорусская деловая газета" 15.09.00 г. У пачатковай школе ў клясах з расейскай моваю навучаньня беларускую мову пачынаюць вывучаць толькі на другі навучальны год. Тады як замежная мова ў іх выкладаецца ўжо з падрыхтоўчае клясы. Пэўная дыскрымінацыя ў дачыненьні да беларускае мовы адбываецца і ў першых клясах — калі на ўроках расейскае мовы вучні атрымліваюць адзнакі, дык на ўроках беларускай — не.
Як распавялі бацькі вучняў першае клясы 74-е менскае школы, іхныя дзеці ўжо адчуваюць пэўныя складанасьці пры вывучэньні беларускае мовы. У падрыхтоўчай клясе яны наогул не вывучалі беларускую мову, толькі расейскую і замежную. Цяпер у іх пачаліся ўрокі беларускае мовы, але падручнікі напісаныя даволі складана, так, нібыта дзеці ўжо трохі ведаюць мову. Праз гэта ў многіх вучняў ужо фармуецца адмоўнае стаўленьне да мовы, і гэта непакоіць бацькоў. Да таго ж у адпаведнасьці са школьнай праграмаю для выкладаньня беларускае мовы й літаратуры адведзеныя толькі тры гадзіны на тыдзень. І звычайна гэтыя прадметы стаяць ў раскладзе заняткаў апошнімі ўрокамі, калі дзеці ўжо стомленыя і ня могуць цалкам уважліва ўспрымаць настаўніка. Таксама бацькоў уразіла, што па беларускай мове ў першай клясе ня будуць ставіць адзнакі, тады як па расейскай мове ды іншых прадметах вучні будуць атрымліваць адзнакі, пачынаючы з трэцяй чвэрці. [...] Я запытала ў кіраўніка галоўнае ўправы агульнай і сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Міколу Фяськова, чаму ў клясах з расейскай моваю навучаньня беларускую мову пачынаюць вывучаюць толькі зь першай, а не з падрыхтоўчай клясы? (Фяськоў: ) "Гэта не зусім простае пытаньне. Гэта цэлая дыскусія, якая ў нас аднойчы ў Нацыянальным інстытуце адукацыі абмяркоўвалася на вучоным савеце". Адказаў Мікола Фяськоў. А пакуль гэтае пытаньне будзе толькі абмяркоўвацца, а не вырашацца, у беларускіх дзяцей, якія вучацца ў клясах з расейскай моваю навучаньня (а такіх цяпер большасьць у краіне) паступова фармуецца стаўленьне да беларускае мовы, як да нечага непатрэбнага й занадта складанага. Ганна Соусь, радыё "Свабода" 15.09.00 г. У адным зь лепшых садкоў Цэнтральнага раёну заснаваная беларускамоўная група (арганізавалі групу бацькі – заўв. склад.). У пятніцу 22 верасьня гэтыя дзеткі адзначаюць сваё першае сьвята — адкрыцьцё групы.
Арганізаваць такую групку аказалася на дзіва проста. Але праблемаў хапае. Дзяржаўны садок атрымлівае мала грошай зь бюджэту. Нягледзячы на ўсе намаганьні бацькоў правесьці паўнавартасны рамонт, набыць больш якасную мэблю, забясьпечыць дзяцей фарбамі, кніжкамі, аўдыёкасэтамі – на ўсё гэта трэба грошай. Таму група №3 садка №314 (вул.Багдановіча, у дварах за кнігарняй "Маладосьць") просіць дапамогі й шукае спонсараў (разавых і сталых). Бяда і з кадрамі. Садку тэрмінова патрабуюцца нянька й выхавацелька. Спрадвечнае гора беларускай інтэлігенцыі: ёсьць каму казаць прамовы, няма каму мыць гаршкі. Беларускамоўныя дзеткі чакаюць дапамогі. Садок ужо працуе. У сьпісе пакуль што 17 імёнаў. Крысьціна Пучынская, газета "Наша Ніва"18.09.00 г. Новы этап вынiшчэньня беларускае мовы на БТ распачаўся ў пятнiцу. Магiлёўскi карэспандэнт АТН Павал Тухто зрабiў па-расейску рэпартаж пра вiзыт прэм’ера Ярмошына. Пакуль толькi Лукашэнка патрабаваў паведамляць пра яго на расейскай. Вiдавочна, цяпер усе iншыя чыноўнiкi працягнуць эстафэту, бо хто ж захоча пачуць пра сябе па-беларуску, калi гэта тэлемова другога гатунку. Усё нiбы ў калгасе, дзе намагаюцца размаўляць "як гарадзкiя". Кажуць, што адмысловае каманды Паўлу Тухто перадаваць па-расейску не было.
"Першы нацыянальны тэлеканал" на чале з Чыкiным з кожным днём усё імклівей ператвараецца ў аддзел прапаганды ды агiтацыi КПБ, якая ўжо 80 год вынiшчае беларушчыну. Але часам нават сьмешна, як Вiктар Харкоў спрабуе ў цалкам расейскамоўным "Рэзанансе" пазбавiцца фрыкатыўнага "г", ды марна. Амаль такое ж вымаўленьне па-расейску мае Сьвятлана Дабрыянiк. Зьмiцер Калярадзкi, газета "Наша Ніва"18.09.00 г. Вольга Іпатава, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў
У Брэсце беларускі мытнік кажа наконт беларускай мовы і дзяржавы.
- Няма такой мовы, і краіны такой няма. Ён гаварыў гэта з асалодай, гледзячы на нас з абыякавай, нават дружалюбнай усмешкай, а на яго рукаве было напісана "Рэспубліка Беларусь". [...] Не было ў мяне сіл аспрэчваць нахабнага шавініста, які адчувае сваю поўную беспакаранасць і, знаходзячыся на дзяржаўнай службе, зневажае гэтую дзяржаву. Газета "Звязда" 20.09.00 г. Кастусь Кашэль
Прыблізна аб 11-й гадзіне дня аўтобус маршрута №1 спыніўся на канцавым прыпынку д/с "Дружная". Адчыніліся толькі пярэднія дзверы. Зразумела – кантроль праязных дакументаў.[…]
– А вас, что, не касается? Ваш проездной билет! – звярнуўся да мяне кантралёр. – Слухаю вас? – спытаўся я і ветліва ўсміхнуўся. Кантралёр, мужчына гадоў трыццаці, незадаволена паўтарыў: – Прошу показать проездной или оплатить штраф. Я зноў усміхнуўся і сказаў: – Шаноўны спадар, я бачу, што вы пры выкананні службовых абавязкаў і нешта ад мяне патрабуеце. Але я вас не разумею, бо карыстаюся толькі беларускай мовай. Прашу вас звярнуцца да мяне па-беларуску. – Ого! Он еще права качает. Платите штраф! Я моўчкі пасунуўся да дзвярэй. Кантралёр з рускім лямантам учапіўся за мяне, каб не адпусціць. Я спыніўся і павярнуўся да людзей, што стаялі за мной. Іх было чалавек дваццаць. – Людцы мае! Будзьце сведкамі! Вы бачыце, як парушаюцца правы чалавека і Канстытуцыя краіны. Я патрабую, каб службовыя асобы звярталіся да мяне на дзяржаўнай беларускай мове, а мяне за гэта затрымлівааюць. "Людцы мае" моўчкі прайшлі міма. Толькі адна добра апранутая саракагадовая жанчына "па-сяброўску" параіла: – А ты иди к своему Позняку – пусть поможет, – потым, выходзячы з аўтобуса гучна дадала, - тоже мне, белорусского им захотелось! Калі ўсе пасажыры выйшлі, да "атакі" на мяне далучыўся кіроўца аўтобуса. На патрабаванне, звярнуцца да мяне па-беларуску, чулася то "Я тебя не понимаю, говори по-человечески", то "Я не знаю белорусского. Я только вторую неделю, как из России". Я настойваў на сваім, паказваючы дакумент, у якім гаварылася, што службовым асобам пры стасунках з людзьмі трэба ведаць дзве дзяржаўныя мовы. А мне, як прыватнай асобе, дастаткова карыстацца адной. Я карыстаюся беларускай! Далей былі пагрозы здаць мяне ў міліцыю. Трымалі мяне ў аўтобусе хвілін 20. Толькі пасля таго, як я дастаў з кішэні нататнік з асадкай і перапісаў з шыльды на кабіне прозвішчы кіроўцаў аўтобуса (кантралёр перапісаць сваё прозвішча з нагруднай шыльды не даў), кіроўца выціснуў з сябе: – Калі вы не аплацілі праезд, то плаціце штраф. – Даражэнькі вы мой! Які штраф? Вось, зірні, калі-ласка, -– і паказаў яму свой праязны на месяц. Кантралёр махнуў у бок дзвярэй: – Открой! – і сам выскачыў першым, не развітаўшыся. Нявыхаваныя нейкія гэтыя "только русскоязычные". Кіроўца, злы, але па-беларуску: – Ну і дзеля чаго трэба было камедыю рабіць? Ён жа толькі што з Расіі – адкуль яму ведаць беларускую мову? Што, ён ужо і на хлеб у нас зарабіць не можа? – Можа. І павінен зарабляць. Але моваю пры рабоце з людзьмі валодаць абавязаны. Калі я, напрыклад, прыеду ў Маскву, уладкуюся кантралёрам і буду ўжываць толькі беларускую мову, а рускім людзям казаць: "Я вас не разумею. Размаўляйце па-людску", - то мяне адразу ж з працы звольняць. Чаму ж іншаземец можа тут вольна працаваць, зневажаючы беларусаў? Кіроўца задумаўся: – Мо яно і так.., калі падумаўшы. – Думай! Газета "Наша слова" 20.09.00 г. Нарэшце, пасля дзесятка гадоў будаўніцтва здадзена да пачатку новага навучальнага года Круглянская СШ-2, што на Магілёўшчыне. […] Тут няма ніводнага беларускамоўнага класа. Беларускую мову ў пачатковых класах школьнікі вывучаюць толькі чатыры гадзіны ў тыдзень, у той час як рускую – восем гадзін. Вось вам і выкананне Закона "Аб мовах", вось вам і славутае двухмоўе.
Такая ж карціна і ў іншых школах Круглянскага раёна. Святаслаў Маханёк, газета "Наша слова" 20.09.00 г. Арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы канферэнцыі "Проблемы государственного регулирования социально-экономического развития" пры Навукова-даследчым эканамічным інстытуце Міністэрства эканомікі, якая мелася адбыцца 12-13 кастрычніка, адмовіўся прымаць тэзісы на беларускай мове. Некалькім аўтарам было прапанавана ў кароткі тэрмін перакласці свае творы на расейскую мову і тады здаць іх.
Уладзь Каліна, газета "Наша слова" 20.09.00 г. Фрагмент інтэрв'ю Людмілы Рублеўскай з доктарам філалогіі Іванам Чаротай: - Дык ці гучыць беларуская мова ў царкве?
- Я павінен сказаць на гэты конт. Вядома, гучыць. Іншае пытанне - для каго гучыць, і ці дастаткова? Я ведаю людзей, якім гэта патрэбна, якія дабіваюцца і маюць тое, што хочуць - беларускую мову ў богаслужэнні ў тым аб'ёме, ў якім ім патрэбна. Ствараецца, акрамя таго, асобны беларускі прыход, дзе ўся сістэма багаслужэння і абслугоўвання будзе на беларускай мове. Газета "Літаратура і мастацтва" 22.09.00 г. Гэтай восенню ў Беларусі з’явіцца новая FM-станцыя. Пакуль вядома, што яе умоўнае імя – "Радыё БДУ" і сузаснавальнікам новаспечанай радыёстанцыі выступае нейкая нямецкая камерцыйная структура, якая ўклала ў справу немалыя сродкі.[…] Таксама вядома, што сёмая па ліку беларуская FM-станцыя будзе ўжо традыцыйна рускамоўнай. Да таго ж, здаецца, вельмі ідэалагізаванай.
Наталля Радзіна, "Наша свабода" 22.09.00 г. Калі маленькай Адэлі споўнілася два гады, бацькі вырашылі аддаць дзяўчынку ў дзіцячы садок з беларускамоўным выхаваннем. Але дзеля гэтага Марыі і Зміцеру Вайцэховічам, прыйшлося самастойна ствараць беларускамоўны садок.[...]
Калі ж бацькі Адэлі пачалі абзвоньваць садкі, якія нібыта маюць па некалькі дзіцячых групаў з выхаваннем на беларускай мове, дык загадчыцы сумленна прызнаваліся, што «беларускай мовы ў нас амаль няма, па-беларуску мы толькі час ад часу дзецям чытаем вершы». З адчаю Вайцэховічы ўжо сталі падумваць аб тым, каб зняць двухпакаёвую кватэру, наняць для Адэлі і яшчэ пяці-шасці дзетак сваіх сяброў беларускамоўных выхавацеляў і зрабіць сваеасаблівы прыватны дзіцячы садок. Аднак падлічыўшы, пабачылі што кватэра, аплата выхавацелям, цацкі, ежа і г. д. абыдзецца кожнаму з бацькоў у 40 долараў. Пры беларускіх заробках гэта немагчыма, і ўвогуле за гэтыя ж грошы прасцей наняць для дзіцяці добрую беларускамоўную няньку. Нарэшце бацькі (а такіх, акрамя Вайцэховічаў, назбіралася яшчэ восем сям`яў), зразумелі, што маюць усе падставы адстойваць свае канстытуцыйныя правы на выхаванне дзетак не на рускай, а на беларускай мове ў звычайным садку. І пачаліся «паходы» па раённых аддзелах адукацыі, у міністэрства, па ўсіх дзіцячых садках сталіцы з патрабаваннем стварыць для іх дзетак сапраўдную, а не фіктыўную беларускамоўную садковую групу. Праз некалькі месяцаў пошуку знайшлі садок №314, які да рэферэндуму 1995 года быў беларускамоўным і загадчыца якога згадзілася прытуліць беларускамоўных дзетак. Але гэты садок меў магчымасць набраць дадаткова толькі адну групу з 15 дзяцей, а навасёлы былі рознага ўзросту — з двух да чатырох гадоў. Таму выхоўвацца яны вымушаныя ў «групе змешанага тыпу». Гуляюць дзеткі ўсе разам, а заняткі праводзяцца ў адным пакоі, але з дзвюма групамі паасобку. Паколькі выхавацелі ў садку размаўляюць па-руску, дык бацькі запрасілі ў групу знаёмую студэнтку педагагічнага універсітэта. Дзяўчына кожны дзень прыходзіць на некалькі гадзінаў, каб правесці заняткі са старэйшымі дзеткамі. Рускамоўная выхавацелька разам з малодшымі вучацца размаўляць па-беларуску. Бацькі прынеслі ў садок кнігі беларускіх дзіцячых пісьменнікаў і стварылі адпаведную бібліятэку, самі адбіраюць вершы, якія іх дзеткі вучаць у садку. Эпапея людзей, якія пажадалі аддаць сваіх дзяцей у беларускамоўны садок, мае звонку нібыта добрае заканчэнне: 17 дзетак выхоўваюцца ў роднай мове. Але колькі тысячаў беларускіх дзяцей наўмысна пазбаўленыя дзяржавай гэтай магчымасці? Наталля Радзіна, газета "Наша свабода" 26.09.00 г. ![]() Папярэдні месяц Наступны месяц
|
|||