![]() |
-- Моўны маніторынг-- 1999 Красавік Эдуард Скобелеў
Будут орать (маецца на ўвазе беларуская апазіцыя - заўв. склад.), что «линия Лукашенко» противоречит «выявленным тенденциям общей цивилизации». Пропустят еще пару пассажей о гибели «беларускай мовы» (особенно те, кто по-белорусски вообще ни бельмеса не понимает).
Газета «Народная газета» 03.04.99 г. Марыя Лось
Mне 12 год, я вучуся ў 26 школе-ліцэі, але паступала я ў школу №130. У першы клас я пайшла ў "а" клас, там правучылася 2 гады, а пасля летніх канікулаў пачалі збіраць заявы на якой мове вучыцца. На жаль за расейскую мову заяў было больш і я з двума аднакласнікамі перайшла ў "в" клас. Але праз год і там пачалі збіраць заявы і зноў выбралі расейскую мову. Што рабіць, прыйшлося ісці ў іншую школу, таму што на гэты час "б" і "г" класы перайшлі на расейскую мову навучання. Вельмі цяжка амаль кожны год знаёміцца і прызвычайвацца да новых дзяцей. Дзіўна, што я за свае шэсць гадоў навучання ні разу не бачыла сшыткаў, каб на ім было напісана "Сшытак".
Газета «Наша слова» 07.04.99 г. Таварыства беларускай мовы, маючы таксама недавер да сапраўднай мэты задуманага перапісу, звярнулася ў шэраг газет з просьбаю да чытачоў, калі будуць якія непаразуменні пры перапісе, каб тыя тэлефанавалі, паведамлялі пра гэта ў Таварыства. І трэба сказаць, у дні перапісу тэбээмаўскі тэлефон не маўчаў.
Адна з першых патэлефанавала жыхарка Мінска Таццяна Гурэцкая (Заслаўская 11, кор.1, кв.30): “Прыходзілі тут да мяне перапісчыкі, - паведамляла яна, - я папрасіла, каб маю сям’ю перапісалі на беларускіх апытальных лістах і па-беларуску. Аднак такіх бланкаў у іх не было. Парадзіла: “Тады прыходзьце іншым разам”. “Прыйдзем! - адказалі перапісчыкі. - Але ўжо з міліцыяй!” “Мяне гэта вельмі абурыла! - распавядала далей Таццяна Іванаўна. - Сама я руская. Але мне шчыміць душа за такія адносіны да беларускай мовы на Беларусі. Гэта да дабра не прывядзе!” Праз некаторы час я пацікавіўся, ці не прыходзілі паўторна да спадарыні Таццяны Гурэцкай перапісчыкі. “Не, не прыходзілі, - адказала яна. - І не трэба. Цяпер грып лютуе... Я сама схаджу на перапісны пункт і ўсё аформлю як мае быць!” Такія ж непаразуменні былі з перапісчыкамі і ў сп. Шкрэдкавай Я. Р., таксама з Мінска (2-гі завулак Розы Люксембург, д.5, кв.9). “Заляцеў, як віхор. Сеў, напісаў. “Што вы там напісалі? - пацікавілася гаспадыня. - Дайце паглядзець!” Не дае! Не хацеў даваць. Я вырвала ў яго з рук. Я ведаю некалькі моў. Пра гэта нічога не напісаў...” Такое, паводле слоў сп. Шкрэдкавай, калі перапісчыкі не давалі паглядзець, што напісалі, - было і ў суседа Рэвуцкага Генадзя Васілевіча ў кв.12. І на Янкі Маўра ў Шостак Ірыны Мікалаеўны (д.52, кв.9). Пра тое, што перапісчыкі не здолелі задаволіць просьбу людзей, каб іх перапісвалі на беларускамоўных апытальных лістах, паведамляў шмат хто: Галіна Антонаўна Адуцкевіч з Мінска (Скарыны 151, кв.60), Міхаіл Вікенцевіч Басевіч з вёскі Заполле Пінскага раёна, Лявон Цімошкін з Маладзечна (6-30-05), Іван Рыгоравіч Гайсёнак, Анатоль Рыгоравіч Лазовік, Ніна Бязручкіна, Надзея Дмітрычэнка, Аляксандра Сяньчук. Не хапіла ў перапісчыкаў беларускамоўных лістоў, каб перапісаць сям’ю дырэктара музея Янкі Купалы Жаны Дапкюнас:” Дваіх з нас перапісалі па-беларуску, а на трэцяга беларускамоўнай анкеты ўжо не хапіла”, - паведаміла ўнучка Янкі Купалы. Шмат хто з-за патрабавання беларускамоўных апытальных лістоў так і застаўся неперапісаным. Не ўсе перапісчыкі, як высветлілася, былі здатныя афармляць па-беларуску беларускамоўныя апытальнікі. Вось, прыкладам, што расказала жыхарка Мінска Алеся Кісель. “Нас перапісваў малады чалавек. Перапісаў Дзіму, мужа майго. Я падышла і папрасіла, каб мяне перапісаў на беларускамоўным бланку і па-беларуску. Ніякіх пярэчанняў не было. Пачаў перапісваць, аж бачу: цяжка яму з беларускаю моваю. Я пачала памагаць. Так-сяк перапісаў...” (К. Каліноўскага 82, к.2, кв.55). А вось які момант давялося перажыць пад час перапісу жыхару Смаргоні (вул.Юбілейная, д.9 кв.20) Аляксандру Дзергачову: “16.02.99 а 19-й гадзіне да мяне ў кватэру завітала жанчына, якая, паводле яе слоў, займаецца перапісам насельніцтва ў дамах №№ 5 і 9 па вул. Юбілейнай. Я спытаў, ці ёсць у яе перапісныя лісты на беларускай мове. Яна адказала, што не мае, бо ёй не далі. Пасля я папрасіў запоўніць рускамоўны перапісны ліст на беларускай мове. На гэта яна заявіла, што пісаць на беларускай мове не ўмее, бо прыехала з Расіі. У такіх варунках я адмовіўся адказваць на пытанні перапісной анкеты на рускай мове. Мяне ўразіла. што перапіс насельніцтва давяраецца асобам, якія не ведаюць дзяржаўнай мовы. Прашу дадзеную інфармацыю прыняць даведама. А.Дзергачоў 17.02.99г.” [...] Даволі часта перапісчыкі, не пытаючыся, запісвалі апытантам самі родную мову рускаю. Калі хто гэта заўважаў і пытаўся, чаму так зрабілі, тыя адказвалі:” А вы ж з намі па-руску размаўляеце...” На што гаспадары ветліва адказвалі: ”Вы з намі пачынаеце гаварыць па-руску, то мы, як людзі ветлівыя, адказваем гэтак жа. А вось вы загаварыце з намі па-беларуску?” Да такога павароту размовы шмат хто быў непадрыхтаваны. Зададзенасць моўнага перапісу ў накірунку рускай мовы была відавочная. Вось, прыкладам, што паведаміў 22 лютага Ігар Стралец з Барысава (вул. Будаўнікоў 43, кв.185): “А ў мяне пра мову нічога не пыталіся. Спыталіся толькі нацыянальнасць, і я не ведаю, якую мне родную мову запісалі”. На пытанне, чаму не пацікавіўся пра гэта, як перапісвалі, адказаў: “А тады я пра гэта не падумаў. А вось прачытаў абвесткі ў газеце і задумаўся. Што рабіць?” З гэтым пытаннем у Таварыства беларускай мовы звяртаўся шмат хто. Адным мы раілі схадзіць на перпісныя пункты і пераправерыць свае апытальныя лісты. Раіць то раілі. Але не вельмі ўпэўненыя, ці рэальныая такая парада, ці можна яе здзейсніць практычна. [...] Прыкладам, паводле слоў Эдуарда Баланчука з Маладэчна (3-92-59) ягоную сям’ю перапісвалі без ягонай прысутнасці. Звесткі пра сям’ю давала нянька, якую пакінулі даглядаць дзяцей... [...] Быў у ТБМ і такі званок з Ліды ад Тамары Клімовіч, што ў яе сям’і перапісчык апытальныя лісты афармляў алоўкам: “Калі я пацікавілася, - расказвала па тэлефоне Тамара Уладзіміраўна, - чаму алоўкам?” - перапісчык адказаў: “Калі я напішу ручкай, нічога не змагу паправіць...” “А што ж там папраўляць, калі з мною ўсё ўзгоднена!..” Чарговы перапіс насельніцтва на Беларусі, як ніколі раней, праходзіў ва ўмовах д’ябальскага прэсінгу, напружанасці і пэўнай зададзенасці. Гэта адчула беларускае грамадства. І пра гэта быў не адзін званок у ТБМ. Ніна Бязручкіна (Мінск, вул. Андрэеўская 5, к.2, кв.28): ”Мы ўсе перажываем за гэты перапіс. Пачуццё непрыемнае. Неспакойна! Трывожна! Прыйшоў перапісчык, перапісаў, але не дае паглядзець... Добра, я праявіла настойлівасць: праверыла! Але ж не кожны мае на гэта сілу волі!.. Колькі падпісных лістоў складзена так, як гэтага захацелася перапісчыкам!.. Да такога перапісу вялікі недавер!” Так, недавер ёсць... Ён большы нават, чым за савецкім часам. Тады таксама была пэўная тэндэнцыйнасць, але больш-менш умераная, з аглядкам на Захад, каб часам не перабраць. Цяпер жа ніхто і нікога не баіцца. Ніхто і ні на кога не аглядваецца. Перапіс 1999 года - гэта перапіс напралом, пад свае пражэкты. Хацелася б памыліцца. Толькі наўрад ці гэта памылка! [...] Больш за паўсотню самых розных паведамленняў з розных куточкаў Беларусі прыляцела ў ТБМ. І ўсе яны пякучыя, горкія, як і гэты ліст з Каралёвага Стану Мінскага раёна ад Ірыны Мэты: “Зранку 16 лютага прыйшла да нас лічыльніца праводзіць перапіс. Адразу пачала запаўняць лісткі адказаў, надрукаваныя на рускай мове. На маё запатрабаванне змяніць бланкі на беларускамоўныя, паглядзела на мяне з непаразуменнем і адказала, што іх увогуле няма. Тут прыйшла мая чарга здзівіцца і перапытаць яе нават, бо пісалі ж у газетах, што бланкі падрыхтаваныя на дзвюх мовах. Гэты факт пацвердзіў тое, што было ўжо даўно вядома: на Беларусі існуе на практыцы самае сапраўднае аднамоўе; беларуская мова мае самую мінімальную сферу ўжывання, яе аўтарытэт катастрафічна нізкі, у грамадстве лічыцца больш важным і прэстыжным ведаць англійскую і нямецкую мову, чым беларускую. Так беларуская мова стала падчаркай на роднай зямлі. “ Газета «Наша слова» 07.04.99 г. Урыўкі з «круглага стала» ў рэдакцыі газеты «Звязда» па пытаннях беларускай мовы
Васіль Стражаў, міністр адукацыі: Нядаўна я чытаў артыкул, у якім пішацца, што ў 1969 годзе 90 працэнтаў мінскіх вучняў наогул не вывучалі беларускай мовы. Якая ж у нас карціна ў гэтым навучальным годзе? Дзейнічаюць 4669 агульнаадукацыйных школ. З іх колькасці 2874 школы (61,6%) працуюць на беларускай, 1076 (23%) - на рускай, 717 (15,4%) - на дзвюх мовах навучання. Да таго ж у Беларусі дзейнічаюць 73 гімназіі, 25 ліцэяў і тры каледжы. 18 ліцэяў і гімназій працуюць на беларускай мове. Я хацеў бы падкрэсліць, што лёс беларускамоўных школ вырашаецца самім насельніцтвам. [...] Міністэрства адукацыі мае сваю стратэгічную лінію ў ажыццяўленні дзяржаўнай моўнай палітыкі, свае падыходы. Так, ужо цяпер у рускамоўных школах дзеці вывучаюць і гісторыю Беларусі, і геаграфію, і мастацтвазнаўства, і музычную культуру на беларускай мове. Думаю, калі мы будзем ісці такім шляхам, у бліжэйшыя 5-7 гадоў у школах з рускай мовай навучання 30-35 прадметаў будуць выкладацца па-беларуску. І пытанне аб тым, ці будзе юны грамадзянін Беларусі ведаць беларускую мову, ужо не будзе стаяць так востра. Генадзь Бураўкін, старшыня Таварыства беларускай мовы: Некалькі слоў пра статыстыку. Мы ведаем, як хітра можна ёй аперыраваць. Ва ўсякім разе раней гэта чыноўнікі рабілі з поспехам, улічваючы маленькія сельскія школкі. Менавіта яны давалі раней такія лічбы, што дазваляла глядзець на моўныя працэсы ў рэспубліцы з нейкім аптымізмам. Але цяпер і ў горадзе, і ў вёсцы сітуацыя вельмі трывожная. Я таксама прывяду лічбы, каб не быць галаслоўным. У 1998/99 навучальным годзе па рэспубліцы колькасць беларускамоўных школ зменшылася на 24, рускамоўных - павялічылася на 117. Колькасць змешаных зменшылася на 133 - гэта азначае, што там зачыняюцца беларускамоўныя класы. Тэндэнцыя маласуцяшальная. Асабліва калі ведаць, што робіцца з першымі класамі ў Мінску. У 1994/95 годзе 58 працэнтаў школьнікаў у першых класах вучыліся на беларускай мове, у наступным навучальным годзе - ужо 20 працэнтаў, у 1996/97 - 12 працэнтаў, у 1997/1998 - 7,3 працэнта і ў 1998/99 - 5,3 працэнта. Сёлета беларускамоўных выпускнікоў у сталіцы Беларусі будзе ўсяго 152 чалавекі. Гэта адзін працэнт ад агульнай колькасці выпускнікоў у Мінску. [...] Генадзь Уласаў, старшыня Мінскага гарадскога таварыства рускай культуры «Русь»: Паверце, што я глыбока перажываю за тое, што беларуская мова апынулася ў такім складаным становішчы. Наша таварыства, куды ўваходзяць этнічна рускія, ніколі не будзе процідзейнічаць распаўсюджванню беларускай мовы. Лічу нармальным, калі дзеці расіян вучацца ў беларускіх школах. Але , мусіць, я сфальшывіў бы, калі б сказаў, што мы актыўна спрыяем гэтаму працэсу. Абвешчаную роўнасць моў я ўспрымаю, як магчымасць выбару. А на рэферэндуме, як вядома, пытанне з беларускай мовай было вырашана не рускімі. Думаю, што цяперашняя сітуацыя з беларускай мовай у многім выншк таго гвалтоўнага прымусу, што меў месца ў перыяд так званай актыўнай беларусізацыі, што адбывалася на пачатку 90-х гадоў. [...] Тадэвуш Стружэцкі, начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці: Палітыка Міністэрства культуры на працягу апошніх гадоў застаецца нязменнай як у стратэгічным, так і ў тактычным плане. Выразна бачна такая стратэгічная лінія, як адраджэнне і стымуляванне нацыянальнай культуры. [...] Між тым, я не магу не бачыць і не адчуваць таго разрыву, што існуе паміж сцэнай і жыццём у шырокім плане. На жаль, у штодзённай практыцы вялікая колькасць клубных, бібліятэчных, музейных устаноў выкарыстоўвае рускую мову. Я згодзен з Генадзем Бураўкіным, што праблема рэальнага існавання беларускай мовы ў сучасных умовах усё больш абвастраецца. На маю асабістую думку, двухмоўе аказвае негатыўны ўплыў на сітуацыю і гэта павінен разумець кожны, таму што і ад яго пазіцыі залежыць многае. Але вырашыць такую глабальную праблему ў адным ведамстве проста нерэальна. Таму што гэта праблема ўсяго грамадства. Я так разумею, што мова з паняцця філалагічнага, гуманітарнага, культурнага перайшла ў разрад вялікай палітыкі, і мы павінны гэта прызнаваць, якія б пасады сёння ні займалі. Лёс беларускай мовы ў будучым стагоддзі можа аказацца даволі трагічным. Калі не будуць рабіцца захады на ўзроўні дзяржавы, перспекыў у яе не будзе. Задача менавіта дзяржавы - стварыць такія механізмы, якія б стымулявалі б больш шырокае ўкараненне, развіццё і выкарыстанне беларускай мовы. [...] Аляксандр Сядзяка, старшыня Таварыства беларускай школы: Закрадваецца думка ў сувязі з існуючай моўнай сітуацыяй, што нашай дзяржаве не патрэбны нацыянальна свядомыя грамадзяне. Пытанне беларускай мовы, прынамсі, заўсёды было пытаннем палітычным. Такім яно застаецца і цяпер. Як дырэктар беларускамоўнай школы, я, безумоўна, ведаю, як адбываўся пераход класаў на рускую мову навучання. Звычайнай большасцю галасоў вырашалася пытанне. А меншасць, якая хацела вучыцца па-беларуску, пад увагу проста не бралася. Хіба гэта нармальнае дзяржаўнае рэгуляванне ў сферы адукацыі? Хіба нармальна тое, што ў беларускамоўных вучняў няма перспектывы працягнуць навучанне ў беларускамоўных вышэйшых навучальных установах? Спадар Уласаў лічыць палітыку беларусізацыі, якая праводзілася на пачатку 90-х, гвалтоўнай, прымусовай. Але гэта не адпавядае ісціне. Бацькі хацелі вучыць сваіх дзяцей па-беларуску. Бо бачылі сэнс, перспектыву. Уладзімір Колас, намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага ліцэя імя Якуба Коласа: Беларускі дзяржаўны ліцэй імя Якуба Коласа з самага пачатку сваёй дзейнасці быў прэстыжнай навучальнай установай. Сюды заўсёды паступалі па вялікаму конкурсу, а цяпер жа сюды хлынулі яшчэ і вучні з тых школ, дзе закрыліся беларускія класы. Акрамя ліцэя многім проста больш няма дзе прадоўжыць сярэднюю адукацыю. Скончыўшы ліцэй, нашы выпускнікі мусяць ісці ў рускамоўныя універсітэты і інстытуты. Вось такое замкнёнае кола. Тут безумоўна бракуе волі ўлады. [...] Васіль Стражаў: У 90-м годзе я прапаноўваў, каб пайсці шляхам стварэння плыняў - рускай і беларускай у вышэйшых навучальных установах. Аднак мяне за такую прапанову зрабілі ледзь не ворагам. Хаця, калі б мы зрабілі гэта тады, цяпер была б зусім іншая сітуацыя ў вышэйшай школе. Час страчаны. Але я і цяпер лічу, што ісці трэба менавіта такім шляхам. Вольга Кузьміч, загадчыца кафедры беларускай мовы БДТУ: На пачатку 90-х гадоў я працавала ў гарадскім Савеце сталіцы, займалася моўнымі пытаннямі. Хачу сказаць, што скаргаў наконт прымусу ў адносінах да беларускай мовы практычна не паступала. А вось цяпер на ўласным вопыце адчула, што такое двухмоўе ў нашай краіне. Давялося ўладкаваць унука ў рускамоўную школу, таму што на тэрыторыі раёна, дзе ён жыве, беларускамоўных школ проста няма. Такім чынам, права майго ўнука на адукацыю на беларускай мове не было рэалізавана. [...] У мяне цяпер узнікае шмат пытанняў. Чаму, скажам, не захаваўся статус беларускамоўных школ, нададзены Мінгарвыканкамам, рашэнне ж не адмянялася? Чаму так цяжка сёння знайсці школу, дзе можна было б вучыцца па-беларуску? Чаму выпускнікі беларускамоўнага садка мусілі пайсці ў рускамоўную школу, бо беларускай паблізу не аказалася? Чаму не пакараныя тыя дырэктары і настаўнікі, якія гвалтоўна пераводзілі на рускую мову навучання тых дзяцей, што ўжо 5-7 гадоў займаліся па-беларуску? Аляксандр Падлужны, дырэктар Інстытута мовазнаўства НАН: У нас вельмі недасканалыя законы па моўных патаннях. Адзін артыкул Канстытуцыі, здаецца, гэта артыкул 17, супярэчыць артыкулу 50. У арт. 17 аб’яўляецца, што ў Рэспубліцы Беларусь беларуская мова з’яўляецца дзяржаўнай. А ў арт. 50 сказана, што выбар мовы свабодны. Вось і думай сабе як хочаш. Але ж ва ўсіх іншых краінах, калі мова дзяржаўная, то яна проста абавязковая. У такім разе школа і ў Беларусі павінна кожнага грамадзяніна краіны навучыць свабодна валодаць адной мовай і другой. Пры гэтым не трэба спрачацца: рускамоўная ці беларускамоўная школа. Болей таго, калі мова дзяржаўная, то яна не павінна быць тупіковай. Таму што, сапраўды, вышэйшай адукацыі на беларускай мове ў нас быццам бы і няма. Тупіковасць яшчэ і ў тым, што 99 працэнтаў пасад у нашай краіне не патрабуюць ведання беларускай мовы. Хаця зноў жа парадокс. У новай рэдакцыі Закона аб мовах падкрэсліваецца, што кожны дзяржаўны служачы, кіраўнік павінен валодаць беларускай мовай. [...] Кірыл Рэўтовіч, навучэнец Беларускага рэспубліканскага навучальнага комплексу «Гімназія-каледж мастацтваў»: У нашай рэспубліцы каледж мастацтваў лічыцца прэстыжнай элітнай беларускамоўнай установай. Аднак толькі беларускую мову і літаратуру, гісторыю мастацтваў тут выкладаюць па-беларуску. Часта здараецца, што вучні просяць педагогаў па іншых прадметах выкладаць па-беларуску, але тыя чамусці адмаўляюцца, маўляў, мы іх не зразумеем. Увогуле мне здаецца, што ў беларускай мовы вельмі слабыя пазіцыі ў грамадстве, і яно ўсё больш іх губляе. Толькі мае сябры, якія ўжо прывыклі да таго, што я размаўляю па-беларуску, не высмейваюць і не адпускаюць кепікаў. А на вуліцы я чужы і не зразуметы сваімі ж суайчыннікамі. З-за прыхольнасці да мовы мяне, бывае, абвінавачваюць у прыналежнасці да белдарускіх экстрэмісцкіх арганізацый альбо да БНФ. Але я да іх не належу, зяўляюся сябрам Таварыства беларускай мовы. Крыўдна, канечне, што ў нас такія адносіны да беларускай мовы. На працы ў майго бацькі начальнік звольніў супрацоўніка толькі за тое, што той гаварыў па-беларуску, яны на гэтай глебе моцна пасварыліся. Пасля гэтага бацька папрасіў мяне не гаварыць у яго на працы па-беларуску. І я перастаў да яго ездзіць. Газета «Звязда» 10.04.99 г. 17 красавіка 1999 года
Генадзь Бураўкін, старшыня ТБМ імя Ф.Скарыны Фрагмент прамовы на 6-м з’ездзе ТБМ:
Родная дзяржава, што так шчодра плаціць заежджым безгалосым удзельнікам розных правінцыйных фестываляў і ў рэкордныя тэрміны ўзводзіць шыкоўныя лядовыя палацы, так і не здолела знайсці ў сваіх шырокіх кішэнях хаця б сімвалічную суму на падтрымку грамадскай арганізацыі, якая турбуецца за лёс гаротнай дзяржаўнай мовы. Людміла Майсеня, дацэнт БДУІР
За ўсе 7 гадоў беларускамоўнага выкладання я не назірала агрэсіўнай рэакцыі з боку малодшага пакалення, якое б перашкодзіла лекцыйнаму працэсу. У мінулым годзе дэканат «параіў» правесці апытанне студэнтаў наконт мовы праз два тыдні пасля пачатку выкладання, што было зроблена. Вынікі прыемна ўразілі: 80 чалавек са 100 выказаліся за працяг навучання па-беларуску. Не мяркую, што гэта выключэнне. Гэта якраз сведчыць пра тое, што справа ў пазіцыі педагога, ступені нашай свядомасці і кваліфікаванасці. Моладзь жа імкнецца да маральнай альтэрнатывы і духоўнай перспектывы, чаго яна часта не знаходзіць у рэальным жыцці. Але пакуль інтэлігенцыя не ўсвядоміла, што яе роля зараз - усяк фармаваць беларускую нацыю, а не цягнуцца за скалечанымі рэаліямі, мы не будзем мець поспеху.
Стэнаграма з’езда 17.04.99 г.
Гісторык Валянцін Грыцкевіч з Санкт-Пецярбургу (на 6-м з’ездзе ТБМ - заўв. склад.) назваў тое, што адбываецца на беларускай тэрыторыі ў адносінах да тутэйшага насельніцтва лінгвацыдам і мнемацыдам (ад лацінскага «мнема» - памяць). А рэчаісных ілюстрацый да гэтага дэлегаты з’езда напрамаўлялі столькі, што, здавалася, горкай праўдзе, абурэнню і жалю мяжы няма.
... Першая праграма радыё вяшчае па-руску прыкладна напалову, а па-беларуску толькі чвэрць усяго эфірнага часу (астатні займае музыка без слоў і музыка на словы іншых моў). У краіне процьма расійскіх тэлевізійных каналаў на адзін беларускі, на якім беларуская мова гучыць зусім не пераважаючы. Калі ў 1953-54 гг. на беларускай мове навучалася 82,6 працэнта дзяцей, то ў 1998-99 гг. - толькі 20,7 працэнта. У аспірантуры Акадэміі навук скасавалі вывучэнне беларускай мовы... У Беларусі да гэтай пары няма Нацыянальнага універсітэта, дзе б усе прадметы выкладаліся на мове беларускай, хаця першыя сем тысяч подпісаў за яго стварэнне ўжо ляжаць у Міністэрстве адукацыі... [...] Васіль Стражаў падаў амаль класічную справаздачу аб дзейнасці Міністэрства адукацыі, перасычаную інфармацыяй. Але экспромтава - у адказах на пытанні - ён выглядаў значна жвавей. Аднак усё ж не патлумачыў, у чым карысць працэсу беларусізацыі, калі падручнікі друкуюць не ў Расіі, а ў Беларусі. Мова ж іх застаецца той жа - рускай. А на хітрае пытанне аб колькасці беларускамоўных дзіцячых садкоў выявіў здаровы аптымізм і шчырасць: «Не ведаю, але ёсць!» Безумоўна, што ёсць, але іх на пальцах пералічыць можна. А вось Іван Іванавіч Пашкевіч адразу зазначыў, што «гаварыць пра лёс беларускай мовы з болем ёсць усе падставы». А калі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта пахваліўся, што дочкі ягоныя ў беларускамоўных класах вучацца, і сказаў, што нават калі б у Беларусі было 50 працэнтаў, нават 60 працэнтаў беларускамоўных школ, і гэта было б усё роўна яшчэ кепска, зала задаволена загула. Кірыла Пазняк, газета «Літаратура і мастацтва» 23.04.99 г.
Навагрудку спяшаюцца аб’яднацца з Расіяй. Камунальная служба за вельмі хуткі час замяніла ўсе вулічныя шыльдачкі, а тыя з іх, якія маглі быць незразумелыя рускаму воку, пераклалі. І такая пачалася бязладзіца! Паштальёны не ведалі куды несці лісты і газеты, газаўшчыкі блыталі адрасы, калі прывозілі новыя балоны з палівам. Асабліва абураліся жыхары вуліцы Жытняй, якую інтэгратары з ЖРЭУ перайменавалі ў «Ржаную». Яны дайшлі да ўладаў, якія вырашылі, што камунальнікі занадта паспяшаліся з русіфікацыяй, і справядлівасць была адноўленая. У жыхароў вуліцы афіцыйна папрасілі прабачэння і паабяцалі выправіць памылку.
Сяргей Астраўцоў, газета «Навіны» 23.04.99 г. "Сюрприз" Ежемесячный детский журнал» [...] Выдаецца ў Мінску ў Беларускім доме друку, і ў рэдакцыйным савеце - вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Ліпскі, а ва ўсім часопісе - літаральна ні слова, ні згадкі пра Беларусь! Як быццам яе не было і няма ў прыродзе. [...] Вось і ў «Сюрпрызе» чарговы сюрпрыз: часопіс адкрываецца вершам з пачатковымі радкамі «Учат первоклашки свой родной язык...».
Святлана Кліменценка, газета «Народная воля» 27.04.99 г. Фрагмент дэбатаў на радыё "Свабода" кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Зянона Пазьняка і жонкі Міхаіла Чыгіра Юліі:
Пытанне абодвум: Якая мова будзе дзяржаўная? [...]
Юлія Чыгір: У праграме Чыгіра ёсць раздзелы, якія прадугледжваюць пераход да беларускай мовы. Адзінай дзяржаўнай мовай павінна быць, паводле яго разумення, беларуская мова. [...] Пасля абрання прэзідэнтам ён прадугледжвае негвалтоўны пераход да новых сімвалаў, да мовы, не раптоўны, а плаўны... Адразу прызнаецца дзяржаўнай беларуская мова, толькі пераход да яе на поўнае карыстанне прадугледжваецца праз нейкі пэўны час. Зянон Пазьняк:Пытанне аб мове, згодна з законам аб рэферэндуме, не можа ставіцца на рэферэндум. Гэта фундаментальная норма, якую паламаў Лукашэнка. Улічваючы катастрафічныя вынікі яго, Лукашэнка ў гэтай частцы парушэння павінен быць прыцягнуты да адказнасці. А што датычыць вынікаў рэферэндуму, то яны будуць адмененыя. Таму што рэферэндум 1995 года быў незаконны і маніпуляцыйны, з грубымі парушэннямі, з прымяненнем войска ў парламенце супраць дэпутатаў. Таму вынікі яго будуць адмененыя Вярхоўным Саветам і Канстытуцыйным Судом. Яшчэ можна дадаць, што пытанне аб мове ўвогуле не дыскусійнае, таму што будзе вернута дзеянне Канстытуцыі 1994 года, дзе ўсё запісана: расейская мова мае ўжытак як мова афіцыйных зносінаў. Газета «Навіны» 28.04.99 г.
![]() Папярэдні месяц Наступны месяц
|
|||