![]() |
-- Моўны маніторынг--
1998 Чэрвень Можна доўга пералічаць, якіх магчымасьцяў беларусафоны пазбаўленыя: атрыманьня на сваёй мове вышэйшай і нават школьнай адукацыі, пазашкольных заняткаў для сваіх дзяцей, магчымасьці карыстацца мовай на вайсковай і дзяржаўнай службе, атрымліваць на ёй элементарны набор інфармацыі і культурнай прадукцыі (глядзець тыя самыя кіна- і тэлефільмы), чуць яе ад расейскамоўных - ад выканкамаўскага чыноўніка да бібліятэкаркі…
Гэта не проста "паражэньне ў правах", гэта прыніжэньне. Усіх гэтых правоў, напрыклад права на белмоўную вайсковую службу трэ было б дамагацца - і праз суд, і кулакамі - але ж апошнія гады канчаткова паставілі дыскрымінаваную меншасць у стан, калі дамагчыся нейкага толку можна адно тэрарызмам або ўхіленьнем (у нашым прыкладзе - пазбягаючы службы ў войску). Андрэй Каўчук, газета "Наша Ніва" 01.06.98 г. З 18 па 20 лютага ў Мінску праходзіў Міжнародны мінскі кніжны кірмаш.[…] Што да беларускай экспазіцыі, то ў рэйтынгу выдавецтваў фігуравалі 12 дзяржаўных выдавецтваў і 75 прыватных.[…]
Сярод многіх сотняў кніг прыватных выдавецтваў мне ўдалося заўважыць менш дзесятка кніг па-беларуску: "Экзамен па беларускай літаратуры", "Гісторыя філасофіі", "Казкі жыцця" Я. Коласа, "Беларусазнаўства", дапаможнік па гісторыі, падручнік па крыміналістыцы. Дапускаю, што чагосці я не ўбачыў, але гэта не мяняе агульнай карціны. Прыемным выключэннем выглядае выдавецтва "Асар", якое выдае школьныя прадручнікі і кнігі серыі "Школьная бібліятэка". У іх экспазіцыі годна пачувалася беларуская мова. Адметныя якасць падручнікаў і іх мастацкае афармленне. Па такіх падручніках хочацца вучыцца. Дарэчы, у серыі "Школьная бібліятэка" выпушчаны зборнік, прысвечаны Максіму Багдановічу, раман Сянкевіча "Крыжакі" і томік перакладаў з Шаўчэнкі. Апошняя кніга, захаваўшы эмблему "Школьнай бібліятэкі", мае арыгінальную і прыгожую вокладку. Як можна заўважыць, усе гэтыя выданні за выключэннем "Казак жыцця" - навучальная літаратура.[…] На жаль, у рэйтынгу не падавалася, якая частка кніжнай прадукцыі выпускаецца па-беларуску. Калі меркаваць па выставе, то 1-2%. Вельмі паказальна, як аднесліся арганізатары кірмашу да дзяржаўнай беларускай мовы: пры ўваходзе вас сустракала назва "Минская международная книжная ярмарка", назвы ўсіх фірм - па-руску. Больш таго, арганізатары не здолелі без памылак напісаць прозвішча класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. На шыльдзе паліграфкамбіната было напісана: "Производственно-полиграфическое предприятие им. Я. Колоса". Спытаўся ў жанчыны, што была пры экспазіцыі: "Вам не сорамна сядзець пад шыльдай з памылкай?". Адказала, што сорамна, але яна ў гэтым не вінаватая. Вельмі па-беларуску - абыякавасць і поўная адсутнасць нацыянальнага гонару. Беларускую частку экспазіцыі вянчаў чырвоны транспарант на зялёным фоне "Книги Беларуси". На маю ж думку, тут дарэчы быў бы надпіс "Книги Северо-западного края". Н. Мянчук, газета "Наша слова" 03.06.98 г. Дэлегацыя бацькоў навучэнцаў Беларускага гуманітарнага ліцэю 22 травеня была на прыёме ў віцэ-прэм’ера Замяталіна. Той запэўніў, што Беларускі ліцэй, як быў, так і застанецца самастойным. Толькі будзе створана нейкая надліцэйная структура, якая зоймецца матэрыяльнымі праблемамі.
Аднак праз колькі дзён крыніцы ў Саўміне паведамілі, што віцэ-прэм’ер сказаў бацькам ліцэістаў няпраўду. На самой справе праект рашэньня аб поўнай ліквідацыі ліцэя ўжо прайшоў узгадненьне ў адпаведных міністэрствах і неўзабаве будзе прыняты. За сьпінамі бацькоў і педагогаў вядзецца брудная гульня, ахвярамі якой становяцца больш за 200 ліцэістаў. Да такой высновы прыйшоў учарашні бацькоўскі сход. Сваю катэгарычную нязгоду з падспуднымі пражэктамі адносна лёсу сваіх дзяцей бацькі выклалі ў лісьце на імя сп. Замяталіна, які, па іхніх зьвестках з’яўляецца галоўным генератарам усіх беларусаліквідацыйных ідэяў у краіне. Накіравалі бацькі ліст і прэзідэнту краіны ў якім напісалі, што лічаць прект ліквідацыі беларускага ліцэю "грубай палітычнай памылкай і парушэньнем права нашых дзяцей атрымаць адукацыю на роднай беларускай мове і ў той установе, якую яны і мы, іх бацькі, абралі для навучаньня." Аналягічны па зьмесьце ліст накіраваны прэм’еру краіны Сяргею Лінгу. Пра сытуацыю зь ліцэем бацькі пісьмова праінфармавалі місію АБСЭ. Прадстаўнік місіі, дарэчы, прысутнічаў на сходзе. А ў лісьце да сакратара СНД Барыса Беразоўскага яны пішуць, што гэтая праблема "у самы бліжэйшы час можа прывесьці да новых праяваў антырасейскіх настрояў". І гэта не гучная фраза, калі ўлічыць, што пераважная большасьць толькі што залічаных першакурсьнікаў - гэта вучні з зачыненых менскіх беларускіх класаў. Бараніць сваё канстытуцыйнае права ліцэісты і іх бацькі настроены рашуча… Валянціна Аксак, радыё "Свабода" 04.06.98 г. Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з грамадскасцю Масквы ў Літаратурным інстытуце імя М. Горкага з нагоды ўручэння яму Міжнароднай прэміі імя М. Шолахава. На прэс-канферэнцыі ён, у прыватнасці, сказаў:
- Сёння ў рэспубліцы - свабоднае развіццё моў, дэмакратычная моўная сітуацыя. Кожны можа выбіраць, на якой мове яму гаварыць, у якую школу аддаваць сваіх дзяцей. Мы будзем беражліва захоўваць і развіваць беларускую мову, бо без яе няма народа, няма культуры. Скажу вам больш: як толькі людзі ўбачылі, што моўны дыктат больш не вернецца, яны самі пацягнуліся да беларускай мовы. Мы пастаянна адсочваем моўную сітуацыя ў краіне. У 1997 г. больш за палову абітурыентаў па ўласным жаданні пісалі сачыненне на беларускай мове і здавалі іспыт па беларускай мове і літаратуры. У Беларускім універсітэце культуры пісалі сачыненне на беларускай мове дзевяць дзесятых абітурыентаў… Газета "Культура" 06.06.98 г. У Менску адбылося чарговае паседжанне рэспубліканскай рады Таварыства беларускай мовы. Асноўнае пытанне, якое разглядалася на паседжанні - месца беларускай мовы ў вышэйшых навучальных установах Беларусі. З дакладамі выступілі доктар тэхнічных навук прафесар Аляксей Саламонаў, прафесар Пётр Касцюковіч, доктар медычных навук прафесар Алесь Астроўскі, а таксама Валеры Палсцюк, акадэмік Радзім Гарэцкі, ксёндз Ян Матусевіч, дацэнт, кандыдат фізіка-матэматычных навук людміла Майсеня і інш. Вытрымкі з некаторых выступленняў:
Алесь Астроўскі: "…такая арганізацыя (Таварыства беларускай вышэйшай школы - заўв. скалад.) створана толькі ў Горадні. У склад арганізацыі ўвайшло каля 90 выкладчыкаў з чатырох ВНУ Горадні. Больш за ўсё з універсітэту - 40 чалавек, 33 - з медінстытута, 12 - з сельскагаспадарчага, 4 - з інстытута ўдасканалення настаўнікаў.[…] У нашым медінстытуце пяць выкладчыкаў, якія выкладаюць па-беларуску. Гэта пяць выкладчыкаў-герояў, якія пад ціскам, пад мацнейшым прэсінгам вядуць выкладанне на беларускай мове. Які там уціск, калі вас цікавіць, то я пра сябе раскажу: кватэру не даюць, пасаду не даюць - я прафесар кафедры, а ў мяне загадчык - дацэнт. […] Мы перастаем гуляць гульні з адміністрацыяй. Гэта справа бессэнсоўная. Яны якраз і хочуць, каб мы прасілі, а яны будуць з года ў год абяцаць. […] Мы пачалі шукаць сродкі для нашай дзейнасці, каб падтрымаць выкладчыкаў, што яшчэ выкладаюць на беларускай мове. Па Горадні гэта чалавек 20. […] Другі напрамак - праводзім конкурс падручнікаў, метадычак, падручнікаў якія напісаны на беларускай мове за апошнія дзесяць год. Стваральнікаў лепшых - прэміруем.[…] Нарэшце, самы галоўны накірунак - стымуляваць напісанне і выданне беларускамоўных падручнікаў для ВНУ. Вось дапаможнік "Асноўныя этапы беларускай дзяржаўнасці", падручнік "Судовая медыцына" - аўтарызаваны пераклад з рускай мовы, лепшыя лекцыі "Хірургічныя хваробы" гэтыя падручнікі выпушчаныя самімі выкладчыкамі ў свой час. У свой час, калі дзейнічаў Фонд Сораса былі выдадзены лепшыя манаграіі на беларускай мове - некалькі дзесяткаў…" Людміла Майсеня: "Моладзь - рэальная сацыяльная база для выкладання па-беларуску. Яна існуе, нягледзячы на ціск, які робіцца. Яны падрыхтаваны ў сэнсе ведання беларускай мовы дастаткова добра. Гэта не тая сітуацыя, калі наша пакаленне, большасць, нават не вывучалі беларускай мовы як прадмет. Другое - з практыкі выкладання відно, наколькі іх душы і сэрцы паварочваюцца да мовы, калі яны бачаць пазіцыю выкладчыкаў. Маральная аддача, якую мы атрамліваем ад студэнтаў - гэта тое, дзеля чаго варта траціць сілы. Калі 5 год да гэтага ў нашым універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі было дзяленне на дзве плыні: беларускую і рускую, то ў гэтам годзе гэта ўпершыню было скасавана. Захавалася выкладанне толькі на адным факультэце. […] У нас зніклі такія аргументы для студэнтаў, што "Ваша кар'ера залежыць ад ведання беларускай мовы". Застаўся адзіны аргумент - гэта прафесіяналізм. Бясспрэчна гэта цяжка, таму гэта адна з прычын, чаму нашы калегі бягуць ад гэтага. З 35 чалавек, якія чыталі лекцыі па-беларуску у нашым універсітэце, засталося 4-5." В. Палсцюк 06.06.98 г. Рэктар Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы Сяргей Маскевіч лічыць, што навучанне студэнтаў на беларускай мове пашкодзіць ім у прафесійнай дзейнасці.
Такую думку сп. Маскевіч выказаў 4 чэрвеня ў аблвыканкаме падчас прэс-канферэнцыі на тэму "Стан і перспектывы развіцця вышэйшай адукацыі і навукі ў вобласці". […] Ён, у прыватнасці, сказаў: "…Ва універсітэце робіцца дастаткова шмат, каб захаваць тое, што набыта. Ні адзін з выпускнікоў беларускамоўнай школы не будзе мець ніякіх праблем з вучобай у нас. Ці зможа ён вучыцца на беларускай мове? Я гэта пытанне лічу не такім прынцыповым. Там, дзе яго прафесійная дзейнасць, напрыклад, педагагічная, будзе звязаная з мовай, такая магчымасць будзе. Але на сённяшні дзень ставіць такое пытанне для інжынераў, эканамістаў або юрыстаў лічу немэтазгодным. Чалавек, якому ўсе спецыяльныя тэрміны будуць выкладаць па-беларуску, сутыкнецца з праблемамі ў прафесійнай дзейнасці…". Дзмітры Кісель, газета "Пагоня" 09.06.98 г. Анатоль Бароўскі, старшыня Гомельскай абласной рады ТБМ
Я пацікавіўся ў М. Філіпцова, колькі беларускіх школ засталося ў Цэнтральным раёне горада, і ці парупіўся непасрэдна сам загадчык райана захаваць хаця б адну.
- Я старался, но ничего не получилось… Ни одной не осталось. Вон как старались и бывший завотделом образования Николай Засинец, и Алесь Митковец, и у них ничего не получилось… - Ведаю. Як і ведаю, што пазней прадстаўнік гарана Халілаў прымушаў бацькоў пісаць заявы, каб дзеці не вучыліся на беларусай мове. Вы не перашкодзілі таму ўчынку. Цікава было б ведаць, як да яго аднесліся б землякі, каб ён на сваёй радзіме займаўся такімі справамі? Газета "Народная воля" 09.06.98 г. Напачатку чэрвеня рэдакцыя газэты "Наша Нiва" атрымала папярэджаньне Дзяржкамдруку аб "недапушчэньнi скажэньня агульнапрынятых нормаў выкарыстоўваемай мовы". Рэч у тым, што "Наша Нiва" ўжывае несавецкi правапiс, якi быў забаронены ў БССР у 1933 годзе, калi была прынятая пастанова народных камiсараў аб спрашчэньнi беларускай мовы i наблiжэньнi яе да мовы расейскай.
Звычайны грамадзянiн на такую навiну толькi сьцепане плячыма: маўляў, хай пiшуць як хочуць, калi iх нехта чытае, абы нiчога благога не рабiлi. Але ў тым i рэч, што несавецкi правапiс — той, за якi многiя сотнi нашых землякоў былi замучаныя ў ГУЛАГу — стаўся такiм самым нацыянальным сымбалем, як герб "Пагоня" i бел-чырвона-белы сьцяг. Вось чаму пасьля забароны герба i сьцяга ў 1995 годзе Лукашэнка ўзяўся за правапiс, каб давесьцi ненавiснае яму нацыянальнае адраджэньне да поўнае дэмаралiзацыi. […] Сяргей Шупа: "Мэтаю майго невялiчкага расьсьледаваньня было выявiць юрыдычныя падставы зьяўленьня згаданага папярэджаньня. Маiм першым суразмоўцам быў старшыня Дзяржаўнага Камiтэту ў Справах Друку Мiхась Падгайны, чый подпiс стаiць на дасланым "Нашай Нiве" папярэджаньнi. — На падставе чаго рыхтавалася гэтае папярэджаньне? М.Падгайны: Мы давалi газэту на заключэньне ў Iнстытут мовазнаўства Акадэмii Навук па прымяненьнi правапiсу. Рэч ў тым, што такi артыкул iснуе ў нас у Законе аб друку i iншых сродках масавай iнфармацыi. I гэта папярэджаньне пра тое, што iснуе закон, якi трэба выконваць. Гэта не азначае, што газэта будзе зачынена. Гэта не артыкул пяты, паводле якога на падставе двух i болей папярэджаньняў можна закрываць выданьне. — А калi наступны нумар газэты ўсё адно выйдзе гэтым правапiсам? М.Падгайны: Ну, тады мы зьвернемся ўжо ў суд. Дзяржкамiтэт ня мае права зачыняць газэту. Але мы як суб’ект, якi сёньня займаецца рэгiстрацыяй газэт, зьвернемся ў суд, якi можа закрыць, аштрафаваць i г.д. [...] — У законе не ўказаныя канкрэтныя базы — канкрэтная акадэмiчная граматыка цi слоўнiк, якiя мусяць акрэсьлiваць агульнапрынятасьць правапiсу... М.Падгайны: Прабачце, гэта ёсьць у iншых законах. — Напрыклад? М.Падгайны: Цi ў Законе аб адукацыi, я ня памятаю, такiя правiлы былi прынятыя ў свой час, па-мойму, у 32-м цi 33-м годзе. I з таго часу гэты закон нiхто не адмяняў. — Вам тут як старшынi Дзяржкамдруку дадзена свабода лiчыць нешта агульнапрынятым... М.Падгайны: Прабачце, калi ласка, ня мне, а Iнстытуту мовазнаўства. — А цi ўсе газэты вы пасылаеце ў Iнстытут мовазнаўства? Чаму менавiта "Наша Нiва" была пасланая? М.Падгайны: Таму што да мяне прыйшоў лiст-пратэст, што парушаецца закон. — Гэта быў пратэст звычайнага грамадзянiна? М.Падгайны: Так, звычайнага грамадзянiна. Калi сёньня нехта напiша мне, што "Звязда" арушае гэтыя правiлы, я накiрую газэту "Звязда" ў Iнстытут мовазнаўства. Такiм чынам, вымалёўваецца гэткая схема: Дзяржкамдрук атрымлівае скаргу на "Нашу Нiву", аўтарам якой можа быць любы чытач, i Камiтэт, рэагуючы на скаргу, дасылае зьвязаныя з скаргай матэрыялы ў кампэтэнтную ўстанову — у нашым выпадку Iнстытут мовазнаўства Акадэмii Навук Беларусi — з просьбай даць экспэртную ацэнку. Мой наступны званок — Аляксандру Лукашанцу, намесьнiку дырэктара Iнстытуту, выканальнiку абавязкаў адсутнага сёньня дырэктара Аляксандра Падлужнага. Я запытаўся ў А.Лукашанца: што ў нас сёньня лiчыцца "агульнапрынятым правапiсам". А.Лукашанец: Рэч ўся ў тым, што, калi вы памятаеце, была ўся гэтая гiсторыя з рэформай правапiсу i была створана нейкая быццам бы дзяржаўная камiсiя (ТБМ i г.д.), на нейкiм этапе была прынятая ўрадавая пастанова, што да выпрацоўкi новых правiлаў беларускай арфаграфii арыстацца тымi правiламi, якiя былi зацьверджаныя пастановай, я ня помню, 57-га цi 59-га году. — Новы закон аб друку... А.Лукашанец: Я яго не чытаў. — Вы яго нават не чыталi... А хто канкрэтна рыхтаваў заключэньне па правапiсу, якi ўжываецца ў "Нашай Нiве", якое было дасланае ў Дзяржкамдрук i на падставе якога было дасланае папярэджаньне? А.Лукашанец: Гэта рыхтаваў Жураўскi Аркадзь Iосiфавiч. [...] Я запытаўся (у А. Жураўскага - заўв. склад.): — У Законе аб друку пункт шосты сфармуляваны расплывiста. Гаворыцца пра агульнапрынятыя нормы правапiсу. Для юрыдычнага дакумэнту гэтага замала, бо не акрэсьлена, якая канкрэтна граматыка мусiць стацца ўзорам. Цi былi яшчэ нейкiя нарматыўныя акты, iнструкцыi, дакумэнты, якiя вас адназначна ў гэтай справе кiравалi, на якiя вы мусiлi спасылацца, пiшучы заключэньне? А.Жураўскi: Я не глядзеў Закон аб друку, а кiраваўся самай звычайнай чалавечай лёгiкай, што як гэта можна — у адной краiне некалькi варыянтаў правапiсу? Ну, што вам сказаць? Вы запусьцiлi добры бумэранг у беларускую мову. I калi вы будзеце так працягваць — iншыя будуць вынiкi пры чарговым рэфэрэндуме. — Мы проста ня хочам даць ёй памерцi. А.Жураўскi: Ну ладна. Кончылi. Як бачым, галоўны дакумэнт, на падставе якога было складзенае папярэджаньне Дзяржкамдруку — экспэртнае заключэньне Iнстытуту мовазнаўства — было напiсанае не з апорай на пэўную юрыдычную глебу, а толькi паводле "звычайнай чалавечай лёгiкi" спадара Жураўскага, чалавека заведама неаб’ектыўнага. Сумнеў выклiкае таксама тое, што экспэртыза праведзеная толькi адным чалавекам, што практычна вылучае аб’ектыўнасьць ацэнкi. Такiм чынам, можна канстатаваць, што ў справе з папярэджаньнем "Нашай Нiве" наконт недазволенага правапiсу ўладамi быў дапушчаны звычайны юрыдычны нiгiлiзм. Галоўныя героi гэтай гiсторыi i не зьбiралiся юрыдычна абгрунтоўваць свае дзеяньнi, яны нават незнаёмыя з законамi, выкананьне якiх так дбайна абараняюць." Газета "Наша Ніва" 15.06.98 г. Пікет у абарону беларускага гуманітарнага ліцэя адбыўся ў Міхайлаўскім скверы Мінска 16 чэрвеня. Каля сотні вучняў, іх бацькі і настаўнікі сталі ўздоўж тратуараў з плакатамі, агульны сэнс якіх можна вызначыць лозунгам "Не аддамо Беларускі ліцэй". Хто ж збіраецца яго адабраць?
Юныя пікетоўшчыкі лічаць, што супраць іх дзейнічаюць высокія чыноўнікі, для якіх існаванне хаця б адной цалкам беларускай установы - як костка ў горле. "Магчыма яны не любяць наш ліцэй якраз таму, што мы яго вельмі любім і гатовыя яго бараніць", - лічыць вычаніца 2-га курса Марына Кудзіна. Яна трымае ў руках плакат "Наш ліцэй - наш дом. Усюды добра, а дома лепей". Марына ўпэўненая, што, стоячы ў пікеце пад дажджом і на халодным ветры, яна змагаецца за тое, каб у яе доме было цёпла і ўтульна. "Я раблю гэта дзеля сябе", кажа ліцэістка. А вось 14-гадовы Алесь Лях любіць свой ліцэй за дэмакратычныя парадкі. "У ліцэі мне цікава і дыхаецца вольна. Там я адчуваю сябе чалавекам, якога паважаюць. Хіба за гэта пачуццё не трэба змагацца?" - пытаецца хлопец. Колькі дзён альбо нават тыдняў давядзецца змагацца - ліцэісты не ведаюць. На гэтае пытанне не мае адказу і дырэктар ліцэя Уладзімір Колас. Ён хацеў бы, каб пікет застаўся адзінай дэманстрацыяй гатоўнасці ліцэістаў, іх бацькоў і настаўнікаў "стаяць да канца". Дырэктар лічыць, што яшчэ ёсць шанц дамовіцца з аўтарам ідэі "абяднання" мірным шляхам. "Ім трэба зразумець, што тут адстойваецца права на адукацыю, якую дзеці павінны атрымліваць пры любым палітычным рэжыме", - заяўляе Уладзімір Колас. Аднак не бачна прыкметаў, што да навучэнцаў Беларускага гуманітарнага ліцэя збіраюцца прыслухацца. За ўвесь час пікетада ліцэістаў не выйшаў ніводзін чыноўнік, хаця ад Міхайлаўскага сквера да Дома ўрада - усяго некалькі сотняў метраў. Бацькі ліцэістаў збіраюцца накіраваць па ўстановах новыя дэлегацыі. З адкрытымі лістамі прапанавана звярнуцца да прэм'ера Сяргея Лінга і міністра адукацыі Васіля Стражава. Не забыліся і пра віцэ-прэм’ера Уладзіміра Замяталіна, якому прыпісваюць аўтарства ідэі "аб’яднання". Асабіста яму пікетоўшчыкі прысвяцілі плакат "Сп. Замяталін! А калі б знішчалі апошнюю рускую школу ў Маскве?" Па словах ліцэістаў, за чатыры гадзіны пікетавання яны сабралі амаль паўтысячы подпісаў людзей у падтрымку ліцэя. Алег Груздзіловіч, газета "Навіны" 17.06.98 г. Сёлета ў ліцэй прыйшлі пераважна вучні з ужо зачыненых беларускіх класаў і школ, што і пацвярджаюць мае суразмоўцы-першакурсьнікі, адзін з якіх трымае плакат "Мы хочам вучыцца па-беларуску!"[…]
- Да гэтага ў якой школе вы вучыліся? - У 48-й. - Была беларуская школа? - Быў беларускі клас. У гэтым годзе яго расфарміравалі і дырэктар сказаў, што "з вас беларусы, як з мяне гішпанец". Нас адтуль выкінулі. Сем год я вывучаў беларускую мову і, каб працягваць навучаньне я паступіў у гэты ліцэй. А пятай гадзіне таго ж дня бацькі і навучэнцы зноў прыйшлі ў Міхайлаўскі сквер на акцыю пратэсту супраць намеру ўраду знішчыць апошні астравок сапраўднай беларушчыны ў сістэме адукацыі беларускай сталіцы. Валянціна Аксак, радыё "Свабода" 16.06.98 г. Сёньня (16 чэрвеня) ўлады зрабілі спробу выселіць з сядзібы сакратарыят ТБМ. Нагадаем, што ў сярэдзіне траўня гаспадарчы суд Менскай вобласці прыняў рашэньне аб высяленьні ТБМ з арэндаванай сядзібы. Аднак сакратарыят таварыства абскарджвае гэта рашэньне ва ўстаноўленым парадку.
Вось што распавёў намесьнік старшыні таварыства Алег Трусаў: "Ва ўстаноўленым парадку ТБМ падала абскарджаньне ў гаспадарчы суд вышэйшай інстанцыі, каб нас не высялялі з сядзібы, заплаціла за гэта 15 міл'ёнаў рублёў. Сёньня прыйшлі прадстаўнікі ўладаў нас высяляць. Аднак ТБМ вырашыла, што высяляцца пакуль не будзем. Нават, калі нас будуць выкідаць на вуліцу, мы сваю сядзібу будзем бараніць любымі дазволенымі Канстытуцыяй метадамі. Маецца на ўвазе пікетаванне. Пададзім заяўкі на пікет як Партызанскага райвыканкама, так і гарвыканкама на чале са сп. Ярмошыным, які на словах абяцаў нам спрыяньне, а сёньня мы атрымалі паперу з Партызанскага райвыканкама, у якой гаворыцца, што яны не жадаюць даць нам льготы як недзяржаўнай некамерцыйнай арганізацыі. Адны абяцаюць, а другія пішуць, што льгот не будзе. Таму мы вырышылі, што высяляцца самі не будзем, хай нас выкідаюць на вуліцу, каб усе бачылі, што гэта звычайная палітычная расправа з тымі хто змагаецца за мову. Я лічу, што гэта зьвязана з тым, што мы паднялі пытаньне беларускай мовы ў ВНУ. Гэта вельмі занепакоіла ўлады, якія ўсюды гавораць, што ў нас ўсё добра. Радыё "Свабода" 16.06.98 г. Не хотим, чтобы наши дети обучались на белорусском языке!" - такой, по сути, ультиматум, выдвинули администрации 12-й школы родители будущих первоклашек. Требование обучать на русском в школе, которая несколько лет назад получила статус белорусскоязычной, для местных чиновников стала неожиданностью.
Нет, проблема выбора языка возникала и раньше, но улаживали ее без особого шума, в так сказать индивидуальном порядке. А вот что б в массовом - такого еще не было. Какие бы компромиссные варианты ни предлагал отдел образования (определить ребят в соседние школы, открыть первые класы этих школ в близлежащих детских садах), родители стояли на своем: "Не хотим, 12-я школа прямо во дворе, почему мы должны детей отдавать в другую?" […] Как отнеслись к родительскому демаршу в самой 12-й школе? "На якой мове скажуць, на той і выкладаць будзем, - сказала дырэктар Валянціна Шульжыцкая - З аднаго боку прыемна, што бацькі хочуць аддаць дзетак менавіта да нас. А з другога крыўдна. Я, напрыклад, размаўляю толькі па-беларуску, гэта мая родная мова. Вельмі сумна, што да яе так ставяцца." - Главная причина конфликта - позиция нескольких родителей, которые сумели настроить остальных, считает заместитель председателя горисполкома Дана Жук. - Открывая белорусскоязычные школы, мы учитывали мнение и степень готовности к этому шагу педколлектива. А право выбора языка обучения обеспечивается уже тем, что рядом с белорусскоязычной находятся русскоязычные школы. […] - Я бы не стал драматизировать ситуацию, - говорит заместитель министра образования Геннадий Дылян - Те, кто утверждает, что белорусский язык умирает, по-моему, очень торопится его похоронить. […] Мы хотели бы сохранить белорусские школы в крупных районах и городах. Увы, не всегда это получается: сказываются последствия скоропалительной белорусизации начала 90-х годов. С другой стороны возможность в высших или средних специальных учебных заведениях продолжить учебу на белорусском языке весьма ограничена. Поэтому позиция Министерства образования такова: вопрос выбора языка должен быть изучен на месте и решен в пользу родителей. […] В пользу родителей решился вопрос и в Молодечено. В СШ №12 будут открыты русскоязычные 1-е классы. Можно порадоваться тому, что нынешние папы и мамы всеръез задумываются о будущих перспективах своих чад, пока те ходят в детский сад... Галіна Тарапецкая, газета "Советская Белоруссия" 16.06.98 г.. Г. Дураў, г. Барань Віцебскай вобласці
Мы с ним (прэзідэнтам Лукашэнка - заўв. склад.) родом из одной деревни Александрия Шкловского района. Там росли, играли в волейбол, футбол и ходили на танцы. Наши матери работали на одной и той же ферме доярками. Мы ходили в одну и ту же школу. У нас в деревне не было презрения ко всему белорусскому. Отчего у президента презрение - я не могу понять. В старших классах его учила белорусскому языку его теща, Костюкович Елена Фёдоровна. Может он так делает назло любимой теще?...
Газета "Навіны" 17.06.98 г.. Сябра Маладога Фронту Алесь Бацюкоў 29 красавіка звярнуўся ў Кастрычніцкі раённы суд з заявай у якой ён прасіў перагледзець ягоную справу. (Алесь быў пакараны штрафам у памеры 500 тыс. рублёў за тое, што 1 красавіка раздаваў людзям улёткі "у падтрымку презідэнта"). Але тов. Умаров адмовіўся прыняць заяву, бо не ведаў беларускай мовы. На пытанне як гэта ён працуе ў дзяржаўнай установе не ведаючы дзяржаўную мову, тов. Умаров нічога путнага не адказаў.
На наступны дзень, 30 красавіка, Алесь звярнуўся да Орловай Л. Е., але і тая адмовілася прымаць заяву з той жа прычыны. Пасля настойлівых захадаў яна ўсё ж пагадзілася зарэгістраваць заяву (бо тэрмін падачы скаргі на рашэнне суда сканчаўся), але прапанавала на наступны дзень паперу забраць і "переписать по-русски". Алесь зноў запытаўся, чаму яна, працуючы на дзяржслужбе не ведае дзяржаўнай мовы. Але адказ быў такі: "Здесь вопросы задаю я!" Віталь Макаранка, газета "Наша слова" 17.06 98 г.. Заводская рада ТБМ г. Мінска атрымала адказ на свой ліст ад генеральнага дырэктара МАЗа:
"Паважаны пан М. Лавіцкі! Паважаная пані Б. Грэская! На ваша пісьмо за №26 ад 23.04.98 г. павінен заўважыць, што на Мінскім аўтазаводзе законы аб мовах і аб грамадзянстве не парушаюцца. Кожны супрацоўнік прадпремства размаўляе і вядзе перапіску на той мове, на якой лічыць патрэбным. Дакументацыя вядзецца на адной з дзяржаўных моў - расейскай. На гэтай мове мы атрымліваем дакументы з Расеі, Украіны і іншых краін, з якімі мы супрацоўнічаем. Нарады, сходы і канферэнцыі праводзяцца на той мове, якой валодае бльшасць прысутных. Гэта не супярэчыць Закону аб мовах. Прымусовае выкарыстанне толькі адной з дзяржаўных моў з'явіцца парушэннем правоў чалавека.[...] З павагай, Генеральны дырэктар В. Гурыновіч" Газета "Наша слова" 17.06 98 г.. Як аказалася, у Пінску сытуацыя з беларускай мовай проста катастрафічная: калі ў 1994/1995 навучальным годзе ў Пінску быў 161 беларускамоўны кляс, дзе навучалася 4176 вучняў, то ў мінулым навучальным годзе беларускамоўных клясаў засталося толькі 73 з колькасьцю вучняў каля 1700. Гэта ў два з паловай разы меней. Паказальна, што пераважная большасьць застаўшыхся беларускамоўных клясаў - гэта 4-я…7-я, дзе вучацца дзеці, якія пайшлі ў школу ў 94/95 годзе. Зараз жа першых клясаў з беларускай мовай навучаньня ўсяго некалькі на ўвесь горад (беларускамоўных клясаў у 1998/1999 нав. годзе засталося 43 з 1203 вучнямі - заўв. склад.). А тры гады таму іх было болей за палову. Больш таго, кожны год ідзе паступовы перавод у рускамоўныя клясы тых дзяцей, што пачыналі навучаньне па-беларуску. Адзіная поўнасьцю беларуская школа №17, дзе вучацца ўсяго 403 вучні, знаходзіцца на ўскрайку горада ў раёне Крайнавічы. Школа 9-цігадовая і, як шчыра прызналіся ў гарадскім адзьдзеле адукацыі, шанцаў на нармальны працяг адукацыі ў яе выпускнікоў амаль няма, бо ў горадзе няма ніводнага 10-га класа з беларускай мовай навучаньня, не гаворачы ўжо пра сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.
Што да дзіцячых садкоў, то адзіны беларускамоўны садок, які праіснаваў у горадзе некалькі гадоў, ізноў пераведзены на рускую мову, нягледзячы на тое, што некаторыя бацькі прыходзілі ў гарана і патрабавалі для сваіх дзетак беларускамоўнага навучання. У дзіцячых садках горада праводзіцца так званы беларускамоўны дзень, калі выхавацелі, хто як можа, спрабуюць гаварыць з дзецьмі па-беларуску. А як яны "могуць", скончыўшы рускамоўныя вучэльні, здагадацца няцяжка. Ды, ўвогуле, гэта робіцца, як у савецкія часы "для галачкі". Такім чынам, гвалтоўная русіфікацыя сістэмы адукацыі гэта зусім не выдумка нацыяналістаў, а рэчаіснасьць… Аляксей Дзікавіцкі, радыё "Свабода" 22.06.98 г. Пікет пачаўся зь непаразуменьняў пікетантаў зь міліцыянтамі адносна месца ягонага правядзеньня. Удзельнікі пікету разгарнулі плякаты ў скверы насупраць Чэрвеньскага рынку, аднак пасля нядоўгіх спрэчак падпарадкаваліся патрабаваньням праваахоўнікаў і перайшлі ў сквер, што побач з рынкам. "Нам няма каго і няма чаго баяцца на сваёй зямлі і пад сваім небам!", "Матуліну ведайце мову, бо вы беларускі народ. Шануйце купалава слова, шануйце адвечны свой род!". Гэтыя ды іншыя эмацыйныя паэтычныя словы, а таксама канкрэтныя патрабаваньні: адкрыцьця нацыянальнага універсітэту, выкананьня канстытуцыйнага права вучыцца ў беларускіх школах напісаныя на плакатах. Мэты антырусіфікацыйнай акцыі тлумачыць адзін з арганізатараў, сябра суполкі БНФ Ленінскага раёна сталіцы Мікола Суслаў: "Вы бачыце, што на Беларусі зьнішчаецца беларуская мова. Таму мы прыцягваем увагу грамадскасьці, што няма роўнасьці паміж беларускай і рускай мовамі". Акцыя выклікае цікавасць мінакоў, якія ўступаюць у дыскусіі і нават спрэчкі з пікетантамі…
Валянціна Аксак, радыё "Свабода" 23.06.98 г. Карэспандэнт газеты "Літаратура і мастацтва" ўзяў інтэрв’ю ў кінарэжысёра Ю. Азаронка:
- …На нашай тэрыторыі руская мова дзейсніць відавочны дыскрымінацыйны ўплыў на беларускую. Няўжо вы лічыце, што двухмоўе ў нашай краіне рэальнае і паўнавартаснае? - Канечне. Напрыклад мая дачка вучыцца ў школе і вывучае абедзьве мовы. Спачатку я нават аддаў яе свядома ў беларускі клас. Бо, хаця жонка ў мяне і руская, і дома мы гаворым па-руску, жывём усё ж на гэтай зямлі. І мова родная - беларуская. Аднак дачцы маёй складана давалася матэматыка па-беларуску, і таму я павёў яе ў звычайны клас. Гэта просты бытавы прыклад, што неабходна толькі пазбягаць крайнасцяў. - Чаму ж тады ваша родная мова ў вашых фільмах гучыць пераважна з іранічнай аздобай? - У гэтым віна ў першую чаргу апазіцыйнай прэсы. Не толькі ў мяне, але і ў многіх ў перыяд 1993-1994 гадоў падобную рэакцыю выклікала татальнае насаджэнне беларускай мовы. Гэта стала правакацыяй. У двухмоўі відавочныя перавагі - ёсць выбар… Газета "Літаратура і мастацтва" 26.06.98 г. На пытанне карэспандэнта гезеты "Звязда" аб лёсе Беларускага гуманітарнага ліцэя міністр адукацыі В. Стражаў адказаў: "Па-першае, ў міністэрства і ўрада ніколі не было жадання скараціць магчымасці навучання на беларускай мове, у тым ліку і ў Беларускім гуманітарным ліцэі. Па-другое, ніякіх перашкод для далейшага навучання вучням Беларускага гуманітарнага ліцэя не існуе."
Газета "Звязда" 27.06.98 г. Інакш як дзікунства гэты крок улад успрыняць нельга. Сапраўды, 25 чэрвеня у адведзены час у будынку, які арандавала рэспeбліканскае Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, з'явіўся судовы выканаўца Уладзімір Скурат, прадстаўнік жыллёвага рамонтна-эксплуатацыйнага аб'яднання Алякcандр Кучук, панятыя і рабочая каманда. Як падлічыла намеснік старшыні ТБМ Людміла Дзіцэвіч, у першы дзень былі вывезены 2 тысячы вязак кніг (ад 10 да 20 экзэмпляраў у кожнай), а таксама мэбля, стэлажы, шафы, крэслы ды…апячатаны сейф.
Калі я наведаў офіс ТБМ, то ўжо завяршалася пагрузка падшывак газет за мінулыя гады, у тым ліку "Нашага слова", звязкі лістоў прыхільнікаў роднай мовы, якія яны яшчэ нядаўна адрасавалі на Румянцава, 13. Фармальнай падставай, альбо больш дакладней, - зачэпкай з'явілася запазычанасць аплаты за арэнду памяшкання. Аднак, як заўважыў старшыня таварыства вядомы паэт і грамадскі дзеяч Генадзь Бураўкін, праблема гэта існавала і раней. і ўсё ж такі змаглі разлічыцца за 1996 год, хаця дзяржава не выдзеліла для таварыства ніводнай капейкі на гэтыя патрэбы. Аднак з 1 студзеня мінулага года ў адносінах да ТБМ былі прад'яўлены вар'яцкія ўмовы арэнды - 10 долараў за квадратны метр плошчы. […] Сярод удзельнікаў пікета ў абарону ТБМ і сведкаў высялення даводзілася чуць, што зойме свабоднае памяшканне тэрытарыяльны ГАМ (гарадское аддзяленне міліцыі). Калі такое адбудзецца, то наспявае лагічнае пытанне: якога прыбытку чакае дзяржава ад міліцыі, што існуе за кошт падаткаплацельшчыкаў?[…] Шмат каго абурыла паспешлівае выкананне рашэння і загаду абласнога гаспадарчага суда менавіта ў той час, калі разглядаецца скарга ў Вышэйшым гаспадарчым судзе Рэспублікі Беларусь аб неправамернасці прынятага рашэння. І ў дадатак: адпаведная камісія Мінскага гарвыканкама разгледзела пытанне аб ільготнай арэнднай плаце для ТБМ і спрыяльна паставілася да просьбы таварыства. Дык ці не паспяшаліся "ініцыятары" з высяленнем? Віктар Свірко, газета "Народная воля" 30.06.98 г. ![]() Папярэдні месяц Наступны месяц
|
|||