![]() |
-- Моўны маніторынг--
1997 Жнівень Пасля афіцыйнага адкрыцця з'езда (Другога з'езда беларусаў свету - заўв. склад.), пасля гімна "Магутны божа" зварот прэзідэнта А. Лукашэнкі да ўдзельнікаў з'езду зачытаў намеснік міністра культуры У. Рылатка. Зала гула, як вулей, а пасля прэзідэнцкага сцвярджэння, нібыта ў Беларусі "вольна гучыць беларуская мова", - узарвалася: "Ганьба!"
Газета "Літаратура і мастацтва" 01.08.97 г. Сёньня Цэнтральны пляц Менску апусьцеў. Ад гэтага дня гарвыканкам не дазволіў праводзіць у цэнтры беларускай сталіцы акцыі пратэсту супраць прэзідэнцкага распаражэньня №182 РН, паводле якога фактычна ліквідуецца Беларускі гуманітарны ліцэй. Але людзі, не ведаючы пра забарону пікету, прыйшлі на Цэнтральны пляц, каб выказаць сваю салідарнасьць з абаронцамі ліцэю. Трэба сказаць, што за час гэтай акцыі, якая доўжылася ад 18 да 31 ліпеня, штодзённа па чатыры гадзіны, у падтрымку патрабаваньняў ліцэістаў, бацькоў і педагогаў свае подпісы паставілі больш за пяць тысячаў чалавек. 1-га і 4-га жніўня пікет дазволены, але толькі ля будынка ліцэя. Грамдскі камітэт абароны ліцэю актыўна выкарыстоўвае гэты невялікі шанец для далейшага інфармаваньня людзей аб спробе ўладаў зьнішчыць апошні астравок беларускасьці ў школах краіны.
Але трохтыднёвыя пратэсты далі толькі адзін станоўчы вынік - Міністэрства адукацыі стала раздаваць дырэкцыі вусныя абяцанкі, што ліцэй захаваецца ў наступным навучальным годзе. І за гэты час улады знойдуць для ліцэя іншае падыходзячае месца. Пры гэтым міністэрства ставіць абавязковую ўмову, каб дырэктар падпісаў акт перадачы будынка ў ведамства Ціцянкова. Бацькі навучэнцаў і педагогі расцэньваюць гэту ўмову адназначна: перадаваць будынак навучальнай установы ў іншае ведамства забараняе закон "Аб адукацыі", таму падобны подпіс дырэктара будзе азначаць парушэньне закону. Але справа не ў подпісе. Перадаўшы будынак, міністэрства перастае быць гарантам існаваньня ў ім ліцэя. […] Бацькі не атрымалі адказу на свае звароты ні ад прэзідэнта, ні ад яго падначаленых. Нежаданьне Адміністрацыі прэзідэнта ісьці на дыялог з бацькамі парадзіла іх рашэньне перайсці ад інфармацыйных да больш актыўных форм пратэсту. На ўчарашнім агульным бацкоўскім педагагічным і навучэнскім сходзе прагучала прапанова распачаць у будынку ліцэю галадоўку. Прапанова была падтрыманая сходам. […] Дарэчы, на папярэдні сход прыйшлі прадстаўнікі міжнароднай праваабарончай арганізацыі Назіранне за выкананнем правоў чалавека. Старшыня рады гэтай арганізацыі Джанатан Спэнсэр, выступаючы на сходзе сказаў, што ён паставіць пытаньне аб ліцэі падчас сваёй сустрэчы з кіраўніцтвам краіны. […] Бацькамі накіраваны зварот да міністра аховы здароўя Беларусі, у якім зьвяртаюць увагу гэтай дзяржаўнай асобы на тое, што бацькі ліцэістаў, выкладчыкі і найперш навучэнцы пазбаўлены летняга адпачынку і знаходзяцца пад моцным псіхічным прэсінгам. У звароце ўтрымліваецца просьба скарыстаць усе магчымасьці міністра, каб зрабіць адпаведны ўплыў на прэзідэнта і яго атачэньне і пакінуць нарэшце ў спакоі калектыў ліцэя і яго навучэнцаў". Валянціна Аксак, радыё "Свабода" 01.08.97 г. Генадзь Бураўкін, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны
Праз год пасля абрання першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь колькасць школаў з рускай мовай навучання павялічылася, напыклад у Гомельскай вобл. з 14,5% да 60, 3%, Віцебскай - з 18, 3% да 42,9%, Магілёўскай - з 17, 2% да 42, 9%. І гэта тэндэнцыя, гэты працэс усё больш набіраюць сілу. Калі б у мяне былі сённяшнія лічбы, яны былі б яшчэ больш непрыемныя. Таму я хацеў папрасіць паважанага Аляксандра Рыгоравіча, калі яму ягоныя памочнікі кладуць на стол паперы з чуллівымі словамі старой прапаганды аб шчаслівым жыцці і росквіце беларускай мовы, даражыць сваёй пасадай прэзідэнта і не падпісваць нахабную відавочную хлусню.[…]
Кіраўнікі парламенту нядаўніх часоў Станіслаў Шушкевіч, Мечыслаў Грыб, Сямён Шарэцкі вялі пасяджэнні па-беларуску, а сённяшнія старшыні так званых палат не дазваляюць сабе апусціцца да "мужычай" мовы народа, які яны так смела збіраюцца весці да дабрабыту і росквіту. […] Чаму тыя дзяржаўныя дзеячы, якія свабодна валодаюць дзяржаўнай беларускай мовай, як, напрыклад, міністр замежных спраў Іван Антановіч дэманстратыўна перасталі карыстацца ёю ў сваіх выступленнях і на прэс-каанферэнцыях у Мінску?" Газета "Народная воля" 02.08.97 г. З'яўленьне сёньня а 16 гадзіне ля муроў Беларускага гуманітарнага ліцэя групы моладзі з плакатамі антыбеларускага зьместу канчаткова развеяла ілюзіі бацькоў наконт таго, што будынак ліцэя трапіў пад экспрапрыяцыю выпадкова. З'яўленьне прэтэндэнтаў на ўладаньне ліцэем не прымусіла сябе чакаць доўга. Але ідэнтыфікаваць людзей, якія трымалі плякаты: "Долой национализм в образовании", "Спасем детей от БНФ", было не так проста. Яны чамусці саромеліся прадставіцца. […]
Па зьнешняму выгляду і агрэсіўнай манеры паводзінаў можна было здагадацца, што ўдзельнікі пікета прадстаўляюць Беларускі патрыятычны саюз моладзі, што ў народзе ўжо атрымаў назву "лукамол". Гэта пацьвярджала і раптоўнае з'яўленьне на месцы падзеі здымачнай групы Беларускага тэлебачання якраз на працягу той паўгадзіны, што цягнуўся пікет. Заўважу, што двухтыднёвае пікетаваньне бацькоў і ліцэістаў Беларускае тэлебачаньне чамусьці не цікавіла. […] Патаемнасьць удзельнікаў сёньняшняй акцыі трывала нядоўга: да нас патрапіў дакумент Менскага гарвыканкаму, падпісаны намесьнікам старшыні гэтай установы сп. Гурыным, у якім Цэнтральнаму камітэту Беларускага патрыятычнага саюза моладзі дазваляецца "… 4-га жніўня правесьці пікетаваньне ля будынку ліцэя". Дакумент датаваны сёньняшнім днём…" Юрась Карманаў, радыё "Свабода" 04.08.97 г.. Нарэшце зрушыўся з "мёртвай кропкі" судовы працэс па зыску гарадзенца Юрася Мацко да СШ №10 і гарадскіх уладаў. 31 ліпеня суддзя Ленінскага раённага суду Гродна Таццяна Клімава пачала другі этап судовага пасяджэння, першая частка якога скончылася 29 траўня. З гарадскога і раённага выканкамаў прыйшлі паперы, у якіх улады папрасілі разглядаць справу без удзелу іх прадстаўнікоў. Дырэктар школы №10 спадарыня Вольга Валаховіч, таксама не знайшла магчымасці прысутнічаць на судзе. […]
Таццяна Клімава папрасіла Юрася Мацко паўтарыць свае патрабаванні. "Я хачу, каб мая дачка Агата вычылася на роднай мове", - сказаў бацька. Пракурор пацікавілася, ці лічыць ён, што эканамічны стан у дзяржаве дазваляе забяспечыць беларускамоўную адукацыю для некалькіх дзяцей у класе, бацькі якіх не згаджаюцца на перавод навучання на расейскую мову? - У нас такая багатая дзяржава! Можа дазволіць праводзіць грандыёзныя святкаванні, фестывалі. Я думаю яна мае магчымасць і аднаго чалавека вучыць па-беларуску, - адказаў спадар Мацко. - Але ваша дачка не адмаўляецца, каб яе вучылі па-расейску, - сказала Ірына Дзітчэня, - Вы павінны паважаць думку Агаты (дзяўчынцы 12 гадоў - аўт.). Пасля дыялогу паміж пракурорам і ісцом, суд заслухаў сведку - маці аднакласніцы Агаты Валянціну Вільчэўскую. Спадарыня Вільчэўская паведаміла, што ў 1991 годзе яны з мужам вырашылі паслаць дачку ў першы клас СШ №10. Школа спецыялізуецца на паглыбленым вывучэнні ангельскай мовы. Каб у ёй вучыцца першакласнікі павінны прайсці складанае тэставанне. У горадзе толькі дзве гарадскія ўстановы такога ўзроўню. На пачатку дзевяностых гадоў гарадскія ўлады вырашылі адну з іх: СШ №14, пакінуць рускамоўнай, а СШ №10 паступова перавесці на беларускую мову. Валянціну Вільчэўскую гэта задавальняла. Яна хацела, каб дачка вучылася на роднай мове, таму, як усе таты і мамы першакласнікаў, напісала адпаведную заяву, але ад самага пачатку вучобы, настаўнікі і частка бацькоў пачакі казаць, што пасля чацьвёртага класу, дзяцей пачнуць вучыць па-расейску і ці не лепш скасаваць беларускамоўнае навучанне адразу. Па словах сведкі, апрацоўка дзяцей і іх родных вялася на працягу чатырох гадоў. Але клас, у якім вучылася яе дачка, заставаўся беларускамоўным. Нарэшце на апошнім бацькоўскім сходзе, класны кіраўнік паведаміла, што "хутчэй за ўсё" з пятага класу адбудзецца пераход на расейскую мову, і параіла падрыхтаваць да гэтага дзяцей. Пасярод школных канікулаў адбыўся яшчэ адзін сход. На ім прысутнічала сем бацькоў, у тым ліку і муж спадарыні Вільчэўскай. Усім было прапанавана напісаць заявы пра жаданне перамены мовы навучання дзяцей. Тады на гэта згадзіліся толькі тры чалавекі. Але з першага верасня 1996 году ўсіх пяцікласнікаў пачалі вучыць па-расейску. Праз некалькі тыдняў адбыўся бацькоўскі сход. Дырэктар школы сказала бацькам зноў напісаць заявы пра мову навучання. Большасць згадзілася з пераходам на расейскую мову. Нязгодным паведамілі, што школа не мае эканамічнай магчымасці ствараць клас для меньшасці." Дзьмітры Кісель, газета "Пагоня" 05.08.97 г. Навучэнцы гуманітарнага ліцэя наважыліся на апошні крок у шэрагу акцый па абароне будынка гэтай навучальнай установы. А 12 гадзіне, выстраіўшыся ў шэрагі 18 ліцэістаў рушылі да адміністрацыі прэзідэнта з тым, каб перадаць у рукі першай афіцыйнай асобы дзяржавы 5375 подпісаў, сабраных у пікетах у абарону ліцэя. Ліцэісты наважыліся на даволі рызыкоўны крок, пра што сьведчыць разгон акцыі журналістаў (у абарону арыштаваных журналістаў ОРТ - заўв. склад.) ля будынка рэзідэнцыі.
Сёньня ўсё абыйшлося. Дайшоўшы да будынка адміністрацыі ліцэісты вылучылі са сваіх шэрагаў пяць прадстаўнікоў, якім і было даручана кантактаваньне з прэзідэнтам. […] Навучэнка 3-га курса ліцэя Марыя Шахаўцова заявіла: "Да каго яшчэ нам зьвяртацца, калі распараджэнне аб перадачы нашага будынка падпісана самім прэзідэнтам. Мы хочам ведаць пра што ён думаў, калі падпісваў гэты дакумент. […] Спадзяваньні на тое, што прэзідэнт выйдзе, каб прыняць такі важны на думку ліцэістаў аргумент, як подпісы, не апраўдаліся. Да пяцёх ліцэістаў выйшаў начальнік галоўнага ўпраўленьня грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзідэнта Міхаіл Падгаіны. Вынікам працяглай размовы з ліцэістамі стала заява: "З 1-га верасня вы пачнеце навучальны год у гэтым будынку […]"" Юрась Карманаў, радыё "Свабода" 07.08.97 г. Заява віцебскай рады БНФ, якая накіроўваецца ў масмедыя, нацыянальныя і замежныя праваахоўныя арганізацыі выклікана апошнім інцыдэнтам. […] У Віцебску з дыягназам - сатрасеньне мазгоў і шматлікія закрытыя траўмы цела з нейрахірургічнага адьзьдзяленьня абласнога шпіталя толькі што выпісаўся віцяблянін Зьміцер Піменаў. Па звестках, атрыманых віцебскай радай БНФ, цяжкія цялесныя пашкоджаньні сп. Піменаву нанесены невядомымі ў міліцэйскай форме. Паводле заявы сп. Піменава ў пракуратуру, гумавыя дубіны абрынуліся на яго толькі за тое, што ён адказаў па-беларуску. Сябры віцебскай рады БНФ абураны фактам ужываньня такіх "тэхнічных сродкаў навучаньня па-расейску" і такімі паліцэйскімі аргументамі, ад якіх чалавек апынаецца на шпітальным ложку."
Леанід Сіманаў, г. Віцебск, радыё "Свабода" 07.08.97 г. Пастаянная камісія па адукацыі, навуцы і культуры Мінгарвыканкама пад старшынствам дэпутата І. І. Кірвеля атрымала адказ на свой ліст на імя старшыні Мінгарвыканкама Ул. Ярмошына, дзе гаварылася:
"На сённяшні дзень склаўся катастрафічны стан з беларускамоўным навучаннем у школах г. Мінска. З 230 агульнаадукацыйных школ горада беларускамоўнымі засталіся 17. Сітуацыя ўскладняецца тым, што з мэтай эканоміі фінансавых сродкаў сярэдняя напаўняльнасць па школе павінна быць не менш 30 чалавек. У выніку ў першую чаргу скарачаюцца беларускамоўныя класы. Гэта прыводзіць да нестабільнасці ў грамадстве, што вымушае бацькоў шукаць абарону сваіх правоў у розных інстанцыях, у тым ліку ў праваабарончых арганізацыях Свету. Зыходзячы з вышэйсказанага дэпутацкая камісія па адукацыі, навуцы, культуры і маладзёжнай палітыцы разгледзела данае пытанне, вырашыла: 1. Прасіць гарвыканкам да 1 жніўня прыняць рашэнне па захаванню беларускамоўных класаў без уліку напаўняльнасці беларускамоўных класаў пры падліку агульнасярэдняй напаўняльнасці па школе. 2. Правесці тлумачальную работу з адміністрацыямі школ аб недапушчэнні змянення мовы навучання ў класах, якія раней навучаліся на беларускай мове. 3. Вызначыць у кожным мікрараёне школы са статусам беларускамоўных і забяспечыць іх рэальнае функцыянаванне." Упраўленне адукацыі разгледзела гэты ліст па даручэнню намесніка старшыні Мінгарвыканкама Гурына В. В. і начальнік упраўлення Варывода У. М. даў адказ, дзе ў асноўным, пералічваецца дзе і ў якім абёме існуе беларускамоўнае навучанне. Акрамя таго пішацца што "Беларускамоўныя класы ў асноўным не расфарміроўваюцца нават з малой напаўняльнасцю, чаго нельга сказаць пра класы з рускай мовай". Таксама паведамляецца, што "Рашэннем Мінгарвыканкама №574 ад 10 ліпеня 1997 года была зацверджана сетка навучальных устаноў г. Мінска на 1997/98 навучальны год. Дадзенае рашэнне было ўзгоднена з дэпутацкай камісіяй па адукацыі". На самой справе такога ўзгаднення не было." В.Палсцюк, 08.08.97 г. Навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэя: Багдан Арлоў, Віктар Мухін, Вераніка Панасевіч, Ірына Жукава, Юлія Курцава, Пётр Сароўскі, Юля Беразнёва і інш.
Мы, навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэя, прагледзеўшы 4 жніўня а 21-й гадзіне рэпартаж Беларускага тэлебачання з пікету так званага Беларускага патрыятычнага саюза моладзі каля будынка нашай навучальнай установы, былі абураны яго неабектыўнасцю, прадузятасцю і лічым абразай беспадстаўныя выказванні пікетоўшчыкаў і каментатара сп. Л. Кавалёвай у адрас нашага ліцэя, і ў прыватнасці ў адрас нашага любімага выкладчыка сп. Л. П. Баршчэўскага" Газета "Народная воля" 09.08.97 г. Старшыня камісіі па культуры, адукацыі і НТП палаты прадстаўнікоў нацыянальнага схода Уладзімір Плецюхоў у інтэрвю сказаў: "...Я не сумняваюся, што сёння няма ніводнага выпадку, каб каму-небудзь забаранялі навучаць сваё дзіця на беларускай мове. Зразумела, адразу пасля рэферэндума, калі змянілася палітыка ў гэтай галіне, працэнт беларускамоўных класаў зменшыўся. Але, калі ўзяць дынаміку за апошнія два гады, то зноў назіраецца рост.""
Газета "Звязда" 09.08.97 г. Гарадзенскі журналіст Сяргей Астраўцоў, які прысутнічаў на першых паседжаньнях судовага працэсу па зыску сп. Ю. Мацко да СШ №10 і гарадзенскіх уладаў, даў інтэрв'ю радыё "Свабода", дзе, у прыватнасьці сказаў:
"…Судзьдзя Нікольская (яе потым замянілі) заявіла, што судоўніцтва ў Беларусі вядзецца толькі на расейскай мове і таму, калі ісцец будзе адказваць на беларускай, то патрэбны перакладчык. Тут, па-сутнасці, ўсё абсурдна: калі абедзьве мовы дзяржаўныя, то чаму судоўніцтва ажыцьцяўляецца толькі на адной. Абсурдная сама патрэба перакладу з адной дзяржаўнай мовы на другую дзяржаўную. Як патлумачыла судзьдзя, каб усе ўдзельнікі працэса разумелі пра што ідзе мова. Хаця ўсе адказчыкі: дырэктарка школы, дзьве прадстаўніцы органаў адукацыі ды і сама судзьдзя заяўлялі, што беларускую мову яны разумеюць. Атрымліваецца, што не разумела толькі сакратарка, якая вяла пратакол. Значыць яна не адпавядае сваёй пасадзе. Але ўсё, пра што я кажу, што выклікае маю нязгоду было б немагчыма ў дзяржаве прававой, дэмакратычнай. […]. Перакладчык запрошаны быў, прычым судзьдзя двойчы папярэдзіла яго аб крымінальнай адказнасці, калі ён не так нешта перакладзе і ўзяла з яго падпіску. […] Беларуская мова пастаўлена ў відавочна няроўныя ўмовы для судоўніцтва. На судзе, акрамя перакладчыка спатрэбіўся яшчэ і прадстаўнік афіцыйнай прэс-службы, якога таксама тэрмінова выклікалі. Бо, як заявіла прадстаўніца гарана, журналісты незалежных масмедыя (нас там было пару чалавек) аднабакова бачаць працэс і не так, як трэба асьвятляюць падзеі, якія адбываюцца ў рэспубліцы. Самым цяжкім і непрыемным быў допыт дзяўчынкі, на якім мы не маглі прысутнічаць, але судзьдзя паведаміла пра ягоны зьмест. Дзяўчынку распытвалі на якой мове яна размаўляе дома, у школе, з сябрамі. Агату спакваля схілялі, каб яна сказала, што яна размаўляе пераважна па-расейску і што ёй увогуле усё-адно на якой мове вучыцца - беларускай ці расейскай. У гэтай школе, дарэчы, паглыблена вывучаецца англійская мова, але нікому не прыходзіць да галавы распытваць школьнікаў, ці размаўляюць яны па англійску ў школе ці на вуліцы. Трэба адзначыць і такі зусім не бяскрыўдны момант: судзьдзя зазначыла з пэўнай сатысфакцыяй, што дзяўчынка добра ведае Тургенева і Чэхава, а вось аўтараў і назвы зь беларускай літаратуры назваць ня здолела. Заставалася толькі зрабіць вывад, што, маўляў, беларуская мова грубая, мужыцкая, і беларуская літаратура побач з расейскай нічога не вартая. Самае галоўнае. Мяркуючы па ўсім, Агата, відаць адчула, што ва ўсёй гэтай справе беларускай мовай пагарджаюць як другараднай, побач з расейскай, на якой ёй напэўна давядзецца працягваць вучобу. Я перакананы, што ў дзяўчынкі на ўсё жыцьцё застанецца незалечная траўма, адчуваньне ніжэйшасьці беларускай мовы…"" Сяргей Астраўцоў, г. Гародня, радыё "Свабода" 13.08.97 г. Суд Ленінскага раёну Гродна пад старшынствам суддзі Таццяны Клімавай і пры ўдзеле пракурора Ірыны Дзятчэні 12 жніўня вынес вырак: "В иске Мацко Юрию Викторовичу о восстановлении обучения Мацко Агаты, 1985 года рождения, в СШ №10 на белорусском языке обучения в соответствии с договором, заключенным в 1991 году, отказать".
Судовы працэс у Ленінскім раённым судзе Гродна па зыску спадара Юрася Мацко да СШ №10 і гарадзенскіх уладаў цягнуўся два с паловай месяцы. Ні ў БССР, ні ў Рэспубліцы Беларусь падобных спраў ніколі не было. Звычайна беларусы пакорліва пагаджаліся з адмовай адміністрацыі школы і адукацыйных уладаў навучаць дзяцей па-беларуску. Юрась Мацко першы паспрабаваў шукаць праўду ў судзе. У аўторак на пятым па ліку судовым паседжанні, калі суддзя Таццяна Клімава прадаставіла яму апошняе слова, спадар Мацко сказаў: "Я беларус, жыву ў Беларусі, аддаў сваю дачку ў беларускую школу. Як так можа быць, што зараз у гэтай школе няма месца для беларускага дзіцяці? Незразумела што адбываецца ў дзяржаве, чаму мне даводзіцца звяртацца ў суд, а ў судзе мне патрэбен перакладчык... Звяртаю ўвагу суда - скарга, якая тут разглядаецца, не толькі мая. Такіх людзей, як я, шмат на Беларусі. Прашу, каб рашэнне было прынята згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь". Перад вынясеннем выраку суд выслухаў пракурора Ірыну Дзятчэню. Яна адразу папярэдзіла прысутных у зале суду журналістаў: "Калі маё заключэнне будзе інтэрпрэтавана не ў той рэдакцыі, што я выклала, я буду змушана звярнуцца ў суд". Пасля гэтага папярэджанная спадарыня Дзятчэня сказала, што зыск Юрася Мацко не можа быць задаволены. У пацверджанне сваіх словаў яна прывяла такія аргументы: "Згодна са змяненнямі і дапаўненнямі Ў Канстытуцыі РБ ад 27 лістапада 1996 году дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь зияўляюцца як расейская, так і беларуская. Бацькі і дзеці маюць права выбару. Сапраўды ў 1991 годзе паміж бацькамі і СШ №10 была заключана дамова (па якой навучанне павінна было адбывацца па-беларуску. - Аўт.). Аднак згодна з думкай большасці бацькоў, клас быў пераведзены на расейскую мову. Бацькі прадстаўлялі інтарэсы сваіх дзяцей. Кожны мае права выбару." Пракурор ня лічыць, што падчас скасавання беларускамоўнага навучання ў 5"г" класе СШ №10 былі нейкія парушэнні. "Размовы, каб перавесці на расейскую мову навучання ішлі, але ніякага ціску не было", - сказала яна. Ірына Дзятчэня таксама сцвярджала, што адкрыць беларускамоўны клас, у якім бы вучылася менш 10 чалавек немагчыма. У доказ таго, што патрабаванне бацькі аднавіць навучанне яго дачкі Агаты Мацко на беларускай мове трэба адхіліць, яна прывяла сведчанне дзяўчынкі. (Агата сказала суду, што ёй усё роўна на якой мове вучыцца, але яна хоча застацца ў СШ №10. Юрась Мацко якраз і патрабуе, каб дачка працягвала навучанне ў гэтай школе, згодна з дамовай ад 1991 году. - Аўт.) Рашэнне суддзі Таццяны Клімавай амаль поўнасцю супала з заключэннем пракурора. Ленінскі раённы суд адмовіў Юрасю Мацко ў аднаўленні навучання дачкі па-беларуску ў СШ №10. Прадстаўнік спадара Мацко ў судзе, прафесійны юрыст Міхаіл Карчэўскі так пракаментаваў вырак: "Я хачу звярнуць увагу на 50 артыкул Канстытуцыі, у якім гаворыцца: Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносінаў. Дзяржава гарантуе, згодна з законам, свабоду выбару мовы выхавання і навучання. Калі звярнуцца да законаў пра правы дзіцяці, пра народную адукацыю, мы там знойдзем тое ж самае". Юрась Мацко мае намер абскардзіць рашэнне Таццяны Клімавай." Дзмітры Кісель, газета "Пагоня" 15.08.97 г. Генадзь Лавіцкі, беспрацоўны
На вытворчым аб'яднанні МАЗ ні з таго ні з сяго пазбавіліся ад мяне шляхам скарачэння пасады намесніка начальніка аддзела аховы працы. […] У аддзеле працягваюць зарабляць стаж супрацоўнікі, якія асуджаны судом за крадзёж заводскай маёмасці. За што ж тады скарацілі мяне? Бо я, бадай, адзіны з усяго кіраўніцтва завода - беларускамоўны. І, калі ты змагаешся за тое, каб дакументацыя вялася на дзяржаўнай беларускай мове, не ўсім гэта падабаецца. […] Я не думаў, што пасля 30-гадовай працы на заводзе да мяне так не па чалавечы паставяцца."
Газета "Народная воля" 15.08.97 г. Суд (у Гродне па зыску Юрася Мацко - заўв. склад.) палічыў прэтэнзіі бацькі Агаты неабгрунтаванымі, паколькі "у адпаведнасці з дзеючай Канстытуцыяй РБ (рэдакцыя ад 27.11.1996г.) перавод 5 "г" класа на рускую мову не супярэчыць арт.17, дзе ўказана, што дзяржаўнымі мовамі з'яўляюцца, як беларуская, так і руская".
Такім чынам суд фактычна прызнаў законнай дыскрымінацыю беларусаў на іх уласнай зямлі. Міхал Карневіч Сітуацыю каментуе старшыня Таварыства беларускай мовы, вядомы паэт Генадзь Бураўкін. "Пасля рэферэндуму чыноўнікі скіравалі свае сілы на паэтапнае выцісканне беларускай мовы з сістэмы народнай адукацыі". Так, напрыклад, калі ў 1995-96 навучальным годзе ў Гродне былі 27 беларускамоўных школ, то цяпер іх засталося толькі 3. У Мінску два гады таму 130 школ мелі статус беларускіх, а сёлета іх засталося ўсяго 17. Праз год пасля абрання прэзідэнтам Лукашэнкі колькасць рускамоўных школ павялічылася ў Гомельскай вобласці з 14,5% да 60,3%, у Віцебскай з 18, 3% да 42, 9%, у Магілёўскай з 17,2% да 42,9%. "Дзяржава выдаткоўвае вялікія сродкі на ўтрыманне паліцэйскага апарату, розных патрыятычных саюзаў, правядзенне святаў і фестываляў, а на беларускую школу грошай у яе не знаходзіцца, - зазначыў Бураўкін. - Людзям у свядомасць падспудна ўбіваецца думка, што беларускамоўнага навучання дамагаецца невялікая кучка дзівакоў, а ўсе нармальныя людзі хочуць вучыцца па-руску. Інакш, як дыскрымінацыяй грамадзянаў па нацыянальнай прыкмеце такія паводзіны ўладаў не назавеш, і прыклад Агаты Мацко вельмі карсамоўны ". [...]" Альгерд Невяроўскі, газета "Свабода" 19.08.97 г. Ганна Шарамецьева
Жыву на Беларусі, а размаўляць, гаварыць па-беларуску мне раптам забаранілі. І не дзе-небудзь, а ў... судзе Першамайскага раёна ( г. Мінска - заўв. склад.).
Прызнаюся шчыра: рускай мовай я таксама валодаю. Але калі трэба штосці адстойваць, упэўніваць у правільнасці сваёй пазіцыі, даказваць (словам, калі даводзіцца хвалявацца), мне лягчэй за ўсё тлумачыць на роднай беларускай, якую я, як кажуць, усмактала з малаком маці. Таму вы павінны зразумець мае адчуванні, калі суддзя - спадар Н. Лаўронаў - у час судовага разбірацельства па іску да мяне з боку былога супруга (звычайная грамадзянская справа) перайшоў на крык, лямант [...] і патрабаваў, каб я абараняла сябе толькі па-руску. Калі я адмовілася, то ён спыніў слуханне справы на няпэўны тэрмін. Цяжка сказаць, што я перажыла і што адчуваў пакрыўджаны знявагай да маці мой дарослы сын, які прысутнічаў у судовай зале. Такія адносіны "законніка" Н. Лаўрова мяне абразілі. Ён пасягнуў на маё канстытуцыйнае права гаварыць на роднай (да таго ж - дзяржаўнай) мове.[...] Хто ж абароніць нас, грамадзян Беларусі, ад свавольства, самадурства, дэспатызму ў судах, ад такіх суддзяў, як спадар Н. Лаўронаў? Ці ім дазволена ўсё? Таму не вельмі я спадзяюся і веру ў справядлівасць вырашэння маёй "справы", хаця і накіравала заяву да старшыні Першамайскага суда г. Мінска А. Крапінчыку." Газета "Народная воля" 19.08.97 г. Сочачы за выступленнямі прэзідэнта Лукашэнкі, я шмат разоў лавіў яго на публічнай хлусні. [...]
Бяру ў рукі 134-ы нумар "Звязды" і ў артыкуле "Суайчыннікі даведаліся праўду аб Беларусі" чытаю: "...кіраўнік дзяржавы... спыніўся на ініцыятывах Беларусі і яе пазіцыі па... развіцці беларускай мовы...". Прачытаўшы прыведзеныя словы з брыдкасцю прамовіў: "Ах, як жа вы, шаноўныя, адурманьваеце сваіх і чужых!" Бацькі і дзеці школы № 41, навучэнцы Гуманітарнага ліцэя і іх родныя шукаюць абароны ад навіслага ўдушэння, родная беларуская мова ўдушана ў нацыянальнай школе ўсіх узроўняў, беларускамоўныя класы скарочаны да катастрафічнага стану, родную мову прагналі як з кабінета дырэктара саўгаса, так і з кабінета прэзідэнта краіны, распачалі напад на беларускую гісторыю...і тут такія "ініцыятывы"!" В. Скараход, г. Мінск, газета "Народная воля" 20.08.97 г. У сваім інтэрвю газеце "Звязда" заг. Галоўнага ўпраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі, былы заг. пададдзела ЦК КПСС Уладзімір Сеўрук на пытанне карэспандэнта: "...Адкуль жа ён возьмецца (нацыянальна акрэслены спажывец беларускіх кніг і часопісаў - заўв. склад.), калі нават школы беларускія зачыняюцца?" адказвае: "На мой погляд ідзе працэс ураўнаважання моўнай сітуацыі. Гэта не адміністратыўны адкат. Маўляў, так вырашыў прэзідэнт, такая ўрадавая палітыка. Проста трэба лічыцца з рэаліямі адносінаў у грамадстве, настроямі людзей, з вынікамі рэферэндумаў.""
Газета "Звязда" 21.08.97 г. Вадзім Гарэцкі, старшыня Згуртавання беларускў свету "Бацькаўшчына" у сваёй прамове на Другім з'ездзе беларусаў свету казаў: "Ва ўрадзе беларускай мовы не чуваць - такую раскошу дазваляюць сабе толькі Мінкультуры і Мінадукацыі, ды і тое ўсё радзей. Нашы сучасныя заканадаўчыя органы - Савет Рэспублікі і Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага схода Рэспублікі Беларусь - зусім цураюцца роднага слова. Усюды дакументацыя вядзецца амаль толькі па-руску. Кіраўнік дзяржавы за тры гады толькі тры разы і выступіў па-беларуску""
Газета "Народная воля" 22.08.97 г. В. Пономаренко, г. Мінск
От "белоруса" услыхал еще один "перл": "На что мне этот белорусский язык - что, мне в магазине хлеба не дадут?" (Имелось в виду - если он знать его не будет.) Наверное, такая муть специально вбивается в головы людям, чтобы вызвать стойкую аллергию на язык белорусов."
Газета "Свабода" 22.08 97 г. Пяць тыдняў адпачынку ў сьценах ліцэя, пяць тыдняў груканьня бацькоў у дзверы высокіх чыноўнікаў дзяржавы, сёньня, нарэшце прынесьлі доўгачаканы вынік: паперчына, якой дамагаліся дзеці, бацькі ды педагогі, сёньня ўручана намесьніку дырэктара ліцэя Лявону Баршчэўскаму.
Намесьнік міністра адукацыі сп. Купцоў пісьмова паведамляе, што Беларускі гуманітарны ліцэй, застаецца ў будынку па Кірава 21 ў 1997/1998 навучальным годзе. Аднак у першым пункце сказана, што дзеля тэхнічнага абслугоўваньня і захаваньня будынак усё ж перадаецца гаспадарчаму ведамству адміністрацыі прэзідэнта. Прадстаўнік гэтай структуры сёньня наведаўшыся ў ліцэй, заявіў намесьніку дырэктара ліцэя Лявону Баршчэўскаму, што будынак цікавіць іх, як помнік архітэктуры. Нагадаем, што гэты будынак быў адмыслова пабудаваны дзеля гімназіі яшчэ ў 19 ст. І сапраўды ўяўляе сабой архітэктурную каштоўнасьць. Далей сп. Сьцяпук заявіў, што прэтэнзіі на будынак з боку маладзёжных арганізацыяў, якія існавалі да гэтага, адхіленыя і што ніхто не будзе дадаткова падсяляцца ў гэты будынак. […] Вусныя запэўніваньні аб пастаяннай вучобе у цяперашнім будынку іхніх дзяцей атрымалі ўчора і прадстаўнікі бацькоўскай рады ад намесніка прэм'ер-міністра краіны Уладзіміра Замяталіна. Менавіта ад яго пазіцыі залежыць лёс як Беларускага гуманітарнага ліцэю, так і ўсіх іншых нацыянальных установаў і арганізацыяў краіны. Бацькі і дамагаліся на мінулым тыдні сустрэчы са сп. Замяталіным. Учора такая сустрэча адбылася. У часе працяглай гутаркі, якая не была простай, бацькі ўрэшце пачулі тое, што хацелі: Беларускі гуманітарны ліцэй пры змене ўласніка будынка застаецца назаўсёды на Кірава 21. Настойлівая просьба даць пісьмовыя гарантыі скончылася тым, што сп. Замяталін абяцаў даць адпаведныя даручэньні Міністэрству адукацыі." Валянціна Аксак, радыё "Свабода" да 25.08.97 г. Каля кінатэатра "Кіеў" 25 жніўня адбыўся пікет Таварыства беларускай мовы з мэтай прыцягнуць увагу грамадскасці да парушэння лінгвістычных правоў грамадзян, якія карыстаюцца беларускай мовай. У пікеце брала ўдзел каля 50 чалавек. Пастаянна ўспыхвалі дыскусіі, вёўся збор подпісаў за адкрыццё беларускамоўнага універсітэта (сабрана 80 подпісаў), а таксама за вызваленне журналістаў ОРТ - Паўла Шарамета, Зміцера Завадскага і Аўчыннікава Яраслава з-за кратаў."
Л. Мухіна, 25.08.97 г. Д. Стрыгун
Зусім невыпадкова, што туляк Замяталін, у сваім адміністратыўным запале забараніць слова праўду пра мінулае Беларусі, звярнуўся па дапамогу да разанца Бабосава.
Фактычна ў выпадку з забаронай кнігі Ул. Арлова мы маем справу з адкрытым духоўным катаваннем беларускай культуры і нацыянальнай годнасці. Выканаўцы гэтай бруднай справы, вядома ж не разлічваюць на падзяку беларускага народа. Ды яна і не патрэбная ім, бо іхні клопат не пра Беларусь." Газета "Свабода" 26.08.97 г. Міністэрства адукацыі распаўсюдзіла загад пра канфіскацыю са школьных бібліятэк кнігі Ул. Арлова "Адкуль наш род"."
Газета "Пагоня" 29.08.97 г. У інтэрв'ю газеце "Пагоня" загадчык аддзела адукацыі г. Гродна Ларыса Папянюк сказала "Тэндэнцыя навучання дзяцей на беларускай мове з першага класа значна паменшылася. Нават з беларускіх школаў бацькі пераводзяць дзяцей у рускія. Тлумачэнні тут вельмі простыя: людзі не бачаць перспектываў беларускай мовы. Паўсвету гаворыць на ангельскай мове.""
Газета "Пагоня" 29.08.97 г. Вучань 8-га класа Рыгор з г. Гродна
Ёсць у мяне знаёмы хлопчык. Выдатнік, а па рускай - 3. Адчувае нянавісць да рускай мовы. А чаму? З-за гвалтоўнага насаджэння, толькі ўжо не беларускай, а рускай мовы навучання. Правучыўшыся без праблем тры гады па-беларуску, быў "вызвалены з палону беларусізацыі". Цяпер вучыцца пa-руску. Спачатку гэта мова выклікала ў яго смех (Чаму пішам "молоко", кажучы "малако"?), потым нянавісць ("Гэту мову я вучыць не буду!"). […] А ўжо ж было, было бачна шчасце беларускай мовы, усюды чулася жывая размова з выкарыстаннем роднага слова. Тры гады таму я нярэдка заўважаў, што першакласнікі ў непасрэдных зносінах размаўляюць па-беларуску, і быў упэўнены, калі на роднай мове ўжо гавораць дзеці, "працэс пайшоў". Так, пайшоў. І быў спынены вызваляльнікамі "ад гвалтоўнага насаджэння беларускай мовы"
Газета "Народная воля" 30.08.97 г. ![]() Папярэдні месяц Наступны месяц
|
|||