![]() |
-- Моўны маніторынг--
1997 Ліпень Пра рашэньне педагагічнага калектыву Беларускага гуманітарнага ліцэя сёньня інфармаваў дырэктар ліцэя Уладзімір Колас на прэсавай канферэнцыі, якая была скліканая адміністрацыяй і бацькоўскаю радай гэтай навучальнай установы ў сувязі з распаражэньнем прэзідэнта №182РН ад 1.07.1997. Сп. Колас сказаў, што ў выпадку, калі ўлады не адмовяцца ад свайго рашэньня пазбавіць ліцэй вучэбнага будынку, ліцэй выйдзе са структуры міністэрства адукацыі. "Калі мы не патрэбныя нашай дзяржаве, то такая дзяржава непатрэбная нам".
Пра гэтае рашэньне калектыву ліцэя паведамляецца і ў распаўсюджаным сёння прэс-рэлізе. Працоўны калектыў зьвярнуўся ў прафсаюз работнікаў адукацыі, Свабодны прафсаюз педагогаў, да міжнародных арганізацыяў з разьлікам на канкрэтныя захады прафесійнай салідарнасьці. Працягваюць змаганьне за правы сваіх дзяцей і бацькі ліцэістаў. Яны перадалі свой зварот дэлегацыі Вярхоўнага Савета 13 скліканьня на перамовах з адміністрацыяй прэзідэнта, якія аднавіліся ў Менску пры пасярэдніцтве ЕЭС. У звароце бацькі просяць парляментарыяў зрабіць сітуацыю з ліцэем прадметам абмеркаваньня на перамовах. Учора ўвечары ў ліцэі адбыўся агульны бацькоўскі сход, які прыняў шэраг сваіх дакументаў. Сёньня на прэс-канферэнцыі быў распаўсюджаны адкрыты ліст да прэзідэнта Лукашэнкі, у якім бацькі просяць кіраўніка дзяржавы захаваць за ліцэем яго цяперашні будынак. Як стала вядома з неафіцыйных крыніцаў, Адміністрацыя прэзідэнта мяркуе перадаць будынак ліцэя пад патрэбы дыпламатычнага корпусу, таму агульны сход бацькоў прыняў зварот да паслоў і дыпламатычных прадстаўніцтваў у Рэспубліцы Беларусь, у якім гучыць заклік "…адмовіцца ад прэтэнзіяў на дом №21 па вул. Кірава, дзе вучацца нашы дзеці і паведаміць аб гэтым кіраўніцтву справамі прэзідэнта Беларусі. Гэтым самым вы паспрыяеце захаваньню ўнікальнай навучальнай установы, якая выхоўвае высокія гуманістычныя і дэмакратычныя ідэалы, спрыяючы пабудове ў Беларусі адкрытага грамадства". Гэты зварот быў сёньня перададзены старшынём бацькоўскай рады сп. Крыштаповічам усім дыпляматычным прадстаўніцтвам Беларусі. Як і ўчора, сёння бацькі выйшлі на вуліцу перад будынкам ліцэя на асабістыя вулічныя акцыі. Сёньня да іх далучыліся і навучэнцы, якіх навіна аб прэзідэнцкім распаражэньні заспела ў Менску. З якімі думкамі і пачуцьцямі яны прыйшлі да ліцэю: "Я быў вельмі абураны і лічу гэта вялікім ударам па беларушчыне і справе беларускага адраджэньня. Фактычна існуе пагроза ліквідацыі адзінай навучальнай установы перадуніверсітэтскага тыпу, у якой поўнасцю ўсе прадметы выкладаюцца па-беларуску. Я хачу сказаць, што для мяне гэты ліцэй стаў другім домам, а настаўнікі - другой сям'ёй…" Дзеці спадзяюцца на посьпех сваіх дзеяньняў па абароне роднага ліцэя. Вулічныя акцыі бацькоў і ліцэістаў адбываліся пад пільным наглядам міліцыянтаў. Сёння яны пагражалі пратаколамі і судом […] Праз дзьве гадзіны пасля заканчэньня акцыі пратэсту бацькоў і ліцэістаў у будынак Беларускага гуманітарнага ліцэю ўварваліся трое афіцэраў міліцыі і не прадстаўляючыся запатрабавалі, каб намесьнік дырэктара ліцэю сп. Сідарэнка ехала з імі ў Ленінскі РАУС сталіцы. "Дзеля чаго?"- спыталася тая. "Там вы складзеце спіс тых ліцэістаў, які былі на акцыі пратэсту паводле нашага відэазапісу"- заявілі міліцыянты. Сп. Сідарэнка катэгарычна адмовілася. Міліцыянты з тым і сышлі з ліцэю паабяцаўшы заўтра зноў вярнуцца. Валянціна Аксак , радыё "Свабода" 14.07.97 г. Прэзідэнцкая "палата" перад адыходам у адпачынак прыняла ў першым чытанні папраўкі ў закон аб друку, а ўвосень павінна будзе канчаткова зацвердзіць іх. Ініцыятарам і аўтарам паправак зяўляецца доблесны палкоўнік Замяталін, які быў накіраваны Лукашэнкам на пасаду старшыні Дзяржаўнага камітэта па друку, каб "навесці парадак у гэтай сферы". […]
Для "Нашай Нівы" і іншых выданняў, якія карыстаюцца дарэформенным правапісам ("тарашкевіцай") ёсць адмысловая папраўка: "Не допускается искажение официальных норм используемого языка". Мікола Грынявіцкі, газета "Свабода" 15.07.97 г. Скандаваннем - Не аддадзім ліцэй - вымушаны былі выказаць сёньня свой пратэст сто ліцэістаў, выкладчыкаў і бацькоў, якім міліцыянтамі было забаронена выкарыстоўваць падчас пікетаваньня плякаты ў абарону Беларускага гуманітарнага ліцэя. Сутнасць канфлікту, які ўспыхнуў пасля прэзідэнцкага распараджэньня аб перадачы будунка ліцэя Упраўленьню справамі прэзідэнта дастаткова простая…
Куды ў гэтай сітуацыі павінны дзецца дзеці і выкладчыкі высьветліць не ўдалося. Міліцыянты, што сёньня з'явіліся ў кабінеце дырэктара ліцэя сп. Коласа, папулярна патлумачылі, што сёньняшняя акцыя можа быць расцэнена, як несанкцыянаваны пікет, з вынікаючымі з 5-га прэзідэнцкага дэкрэта наступствамі. Таму, узяўшыся за рукі ліцэісты моўчкі ачапілі будынак ліцэя жывым ланцугом, прастаяўшы такім чынам пад палячым сонцам больш за гадзіну. Адной дзяўчынцы ад сонца зрабілася кепска і яна згубіла прытомнасьць. Другая навучэнка 4-га курса ліцэя Ксеня Мурач на сёньняшнім пікеце не з'явілася, адыходзячы ад учорашняга стрэсу: учора ўвечары пад час расклейваньня інфармацыйных улётак "Адміністрацыя прэзідэнта Лукашэнкі забірае будынак Беларускага гуманітарнага ліцэя" яна была затрымана міліцыяй. Тры гадзіны яе ўтрымлівалі і дапытвалі ў адзьдзяленьні міліцыі, што месьціцца ў будынку Адміністрацыі прэзідэнта. Пасьля чаго Ксеню ўтрымлівалі яшчэ дзьве гадзіны ў адным з гарадскіх аддзяленьняў міліцыі, дзе на яе быў складзены пратакол, які яна падпісаць адмовілася. На працягу пяці гадзін затрыманьня бацькам 16-гадовай дзяўчынкі ні аб чым не паведамлялася. Што ж прымушае ліцэістаў зьдзяйсняць гэтыя ўчынкі? Навучэнка першага курса Гончанка Вікторыя лічыць: "Гэта адзіны ліцэй, куды я магу пайсьці, ведаючы што мяне тут навучаць роднай мове. І я лічу, што гэта адзіны ліцэй, дзе вучаць сапраўды любіць радзіму"…Навучэнец 4-га курса ліцэя гаворыць: "Я пратэстую супраць гэтага распараджэньня прэзідэнта Лукашэнкі, які фактычна забірае наш будынак. Гэта - ганебнае распаражэнне. Мне здаецца ён павінен ганарыцца як прэзідэнт Беларусі, што ёсць такі ліцэй, а ён робіць такое паскудства…". Акрамя трох сотняў ліцэістаў і выкладчыкаў лёс установы хвалюе бацькоў, якія згуртаваліся у бацькоўскую раду. Наколькі плённай будзе барацьба бацькоў за канстытуцыйныя правы дзяцей? На гэта пытаньне адказвае адзін з самых актыўных сябраў бацькоўскай рады Уладзімір Арлоў: "Я далёкі ад таго, каб выказваць аптымістычныя прагнозы, таму што мы ведаем шэраг асоб, якія ніколі сваіх распараджэньняў не адмянялі. Таму мне здаецца перамогай будзе якое-небудзь распараджэньне, каб гэты будынак застаўся за ліцэем… Гэта будзе азначаць, што над ліцэем будзе вісець дамоклаў меч і трэба будзе працягваць барацьбу." Паводле рашэньня агульнага бацькоўскага сходу акцыі пратэсту будуць адбывацца а 12 гадзіне штодня ля будынку ліцэя. Каб прадухіліць раптоўны захоп і апячатаньне навучальнай установы ў ліцэі арганізавана бесперапыннае дзяжурства бацькоў і выкладчыкаў. Юрась Карманаў, радыё "Свабода" 16.07.97 г. Пазбаўленьне ліцэя будынка створыць непераадольныя перашкоды і можа ў рэшце рэшт прывесьці да яго знікненьня. Такім чынам справа адраджэньня цудоўнай і старажытнай усходнеславянскай мовы зноў можа быць адсунутая на дзесяцігодзьдзі назад" - гэта цытата са звароту Ул. Коласа, дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэю да кіраўнікоў коледжаў міжнароднай супольнасьці.
А ці ёсць рэакцыя міжнароднай супольнасьці на змаганьне педагогаў і навучэнцаў за свае законныя правы вычыць і вучыцца ў будынку нумар 21 па вул. Кірава, які адбірае сваім распараджэньнем прэзідэнт Лукашэнка? Гаворыць дырэктар ліцэю: "Пакуль прайшло не так шмат часу, каб чакаць шырокага розгаласу. Былі званкі пераважна з Польшчы.[…] Быў званок з Варшаўскай акадэміі ад прафесара, пана Чартарыйскага. Ён з'яўляееца старшынёй польскага нацыянальнага камітэта коледжаў міжнароднай супольнасьці. Мы з ім калегі, бо я - старшыня Беларускага камітэта. Гэта міжнародная адукацыйная арганізацыя аб'ядноўвае больш за сто краін свету.[…]. Бацькі развезлі лісты па пасольствах замежных краін, якія знаходзяца ў Мінску, бо нас наведваў прадстаўнік Адміністрацыі прэзідэнта, які займаецца дыпляматычным сэрвісам, і з яго слоў нам стала вядома, што па аднаму з варыянтаў тут мяркуецца размясьціць нейкую дыпляматычную місію, таму бацькі зьвярнуліся з заклікам да пасольстваў адмовіцца ад прэтэнзіяў на гэты будынак і паведаміць аб гэтым Адміністрацыі прэзідэнта. Валянціна Аксак, радыё "Свабода" 16.07.97 г. Алесь Рымша, старшыня Наваполацкай суполкі ТБМ
Апошнім часам у нашым горадзе пачасціліся выпадкі абразы нацыянальнай годнасці беларусаў. Пасля сумнавядомых прэзідэнцкіх "рэферэндумаў " гэта не невіна. Але каб не быць галаслоўным, згадаю загад №135, выдадзены 16 красавіка 1997 г. дырэктарам Наваполацкай ЦЭЦ У. Лебедзевым. Спадар Лебедзеў, ураджэнец Іванаўскай вобласці Расіі, фактычна забараніў ужыванне беларускай мовы ў сценах Наваполацкай ЦЭЦ, спасылаючыся пры гэтым на артыкул 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. […]
Мы звярнуліся да пракурора г. Наваполацка даць прававую ацэнку вышэйпамянёнаму дакументу. У сваім звароце да пракурора нагадалі, што ні за часамі Сталіна, ні за часамі нямецка-фашысцкай акупацыі ўлады не наважваліся даваць пісьмовыя загады, якія б забаранялі ўжыванне нашай роднай беларускай мовы. Газета "Народная воля" 17.07.97 г. Указам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 387 Замяталін Уладзімір Пятровіч назначаны намеснікам прэмер-міністра. У сферу яго абавязкаў уключаюцца пытанні адукацыі, культуры, навукі і інш.
Замяталін У. П. Нарадзіўся ў г. Туле ў 1948 годзе, рускі. Скончыў Данецкае ваенна-палітычнае вучылішча, служыў намеснікам камандзіра роты асобага батальёна па палітычнай частцы ў ГДР. У 1983 годзе закончыў ваенна-палітычную Акадэмію імя Леніна. Далей праходзіў службу ў Беларускай вайсковай акрузе. Апошнія пасады - начальнік ваенна-палітычнага аддзела акругі, нам. начальніка ўпраўлення інфармацыі Мінабароны. У 1994 годзе - прэс-сакратар старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь В. Кебіча. З 1995 года - у адміністрацыі прэзідэнта, спачатку начальнікам Галоўнага ўпраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі, затым нам. кіраўніка Адміністрацыі. Са студзеня 1997 г. - старшыня Дзяржаўнага камітэта па друку. Газета "Звязда" 17.07.97 г. Сёньня ліцэісты з бацькамі, якія з канца мінулага тыдня трымаюць абарону будынка ліцэя намерваліся правесьці акцыю, каб прыцягнуць увагу мінчукоў. Аднак з самага ранку міліцыянты ахоўвалі вароты, якія вядуць на тэрыторыю навучальнай установы і пускалі толькі па ім адным вядомым прыкметам. Тыя, каму пашчасьціла, ўзялі ў рукі падручнікі, глёбусы, партрэты беларускіх пісьменьнікаў, слоўнікі і рушылі да варотаў, але ім перагарадзілі шлях […]
Ліцэісты і бацькі ўсё ж рушылі іншым шляхам. Трымаючы вучэбныя дапаможнікі прайшліся па вуліцах Маркса, Леніна, Кірава […]. Калёну на паўдарозе сустрэў і суправаджаў міліцэйскі "Газік" нумар МН 0227, а калі яна павярнула на вуліцу Камсамольскую. А 13.37 пачаліся першыя затрыманьні (чутны крыкі людзей, потым скандаваньне: "Ганьба! Ганьба…".) Пад'язджае аўтобус з нумарам 1605. Міліцыянты акружаюць калону. Зь яе выхопліваюць людзей, пераважна ва ўзросце. Адзін чалавек уцякае, яго ловяць, цягнуць у аўтобус, спрабуюць пасадзіць, але не ўдаецца. Вядуць маладую дзяўчыну, яе адцягвае (ад міліцыянтаў - заўв. склад.) дарослы мужчына. Аўтобус ад'язджае і адвозіць арыштаваных. Калёна ўжо неарганізавана працягвае рух да будынку ліцэя па вул. Кірава. Міліцыянты зноў выхопліваюць чалавека з калёны. Гэпа сп. Крыштаповіч, яго цягнуць асобна ад калоны. Усяго за некалькі хвілін было схоплена тры чалавекі: Анатоль Паласенка, Сяргей Крыштаповіч і Алесь Станішэўскі. Вярнуўшыся да будынку ліцэя многія з бацькоў не змаглі патрапіць туды, бо на яго прыступках міліцыянты фільтравалі каму можна а каму нельга. Ужо там быў затрыманы Алесь Калбаска, кандыдат гістарычных навук. Міліцэйскі нарад стаяў ля варот ліцэю, якія ліцэісты замкнулі. У ліцэі ішла нарада аб далейшых дзеяньнях. Адзін з выпадковых прахожых папярэдзіў асаджаных у будынку, што пачуў па міліцэйскай рацыі загад схапіць яшчэ чатырох. Алесь Хмяльніцкі, радыё "Свабода" 17.07.97 г. Аб сітуацыі з будынкам паведаміў дырэктар ліцэя Ул. Колас, які вярнуўся з Міністэрства адукацыі […]. Перад абедам сустрэча з міністам Стражавым нарэшце адбылася. Гэта была не першая спроба сустрэца са школьным міністрам. Ул. Колас: " […] Я расказаў аб тым, што бацькі настроены вельмі рашуча і нам нават даводзіцца іх стрымліваць. Міністр сказаў, што і для яго гэта распараджэньне з'явілася нечаканасьцю. Што пакуль канкрэтнага рашэньня пра наш далейшы лёс у яго няма, тым не менш, настроены ён аптымістычна, што размова не ідзе пра ліквідацыю ліцэя і папрасіў пачакаць да панядзелка".
Тым часам з неафіцыйных крыніц стала вядома, што ўчора ў міністра Стражава былі наведнікі з Адміністрацыі прэзідэнта, у тым ліку Аляксандр Сьцяпук, які неаднойчы прыходзіў у ліцэй з невядомымі дырэктару мэтамі. Факт гэты міністр пацвердзіў, але не паінфармаваў дырэктара ліцея адносна сваіх перамоваў. […] Навучэнцы ж ліцэю прынялі свой зварот да сусьветнай грамадскасці, дзе гаворыцца: "Наш ліцэй - адзіная навучальная ўстанова перадуніверсітэтскага тыпу ў Беларусі, дзе паглыбленае выкладаньне ўсіх дысцыплінаў вядзецца на роднай беларускай мое. Тут пануе дух узаемапавагі і дыялёгу. Ты вольны казаць тое, што думаеш. Мы вельмі цэнім гэтыя вартасьці. Менавіта яны ўласцівыя дэмакратычнаму грамадству. […] Наш абавязак - захаваць гэты асяродак беларускасьці і абараніць ліцэй. Гэта ўжо не першая спроба пазбавіць нас будынка. Мы, навучэнцы ліцэя заяўляем, што будынак - наш і мы будзем змагацца за яго ўсімі магчымымі сродкамі. Мы звяртаемся да сусьветнай грамадскасьці з заклікам падтрымаць нас у барацьбе." Журналісты разыходзіліся са сходу групамі, бо на выхадзе зь ліцэю дзяжурылі аўтобусы, ў якіх сядзелі дужыя брытагаловыя хлопцы. Валянціна Аксак, радыё "Свабода" 17.07.97 г. Заяўку на правядзеньне пікетаў бацькоўская рада падала ў Гарвыканкам адразу ж як даведалася аб прэзідэнцкім распаражэньні №182рн - 12 ліпеня, аднак праз два дні высьветлілася, што яе там згубілі, яшчэ праз дзень чыноўнікі сказалі бацькам, што заяўка напісана не па той форме. Усе прэтэнзіі чыноўнікаў задавальняліся аператыўна. Настойлівасьць заяўшчыкаў не спадала і вось сёньня нарэшце навучэнцы і бацькі маглі спакойна, без боязі быць разагнанымі і зьняволенымі выйсьці да сценаў роднага ліцэю на акцыі пратэсту. […]
Улады спрабавалі ўгаварыць бацькоў пачакаць да панядзелка, калі, маўляў, будзе нейкае канкрэтнае рашэньне. Аднак сход грамадскага камітэту абароны ліцэю выказаўся за неадкладны выхад на акцыі пратэсту. Пасля 12 гадзіны з вокнаў будынка па вул. Кірава 21 залунаў бел-чырвона-белы лёзунг "Не аддамо ліцэй!", а ўздоўж сценаў выцягнуўся шчыльны ланцужок хлопцаў і дзяўчатаў. Плякаты ў іхніх руках выяўлялі рашучы настрой у абароне іх канстытуцыйнага права вучыцца на роднай мове ў адзінай беларускай сярэдняй навучальнай установе перадуніверсітэтскага тыпу: "Рукі прэч ад ліцэю!", "Умом вас не понять" і інш. У гэты ж час на выхадзе зь ліцэйскага двара свой пікет выставілі бацькі. […] Старшыня бацькоўскай рады Сяргей Крыштаповіч […] пракаментаваў учорашні жорсткі разгон ліцэйскай акцыі: "Спробы канфліктаваць з уладамі не мелі ні бацькі ні дзеці". Валянціна Аксак, радыё "Свабода" 18.07.97 г. У заключны дзень правядзення пятага Міжнароднага фестываля духоўнай музыкі "Магутны божа" "…на вачах у людзей ля касцёла амонаўцы заламалі рукі і затрымалі старшыню Магілёўскай гарадской рады БНФ Цурпанава. Разам з ім былі затрыманыя прахожыя, якія толькі пыталіся ў міліцыянтаў, за што тыя забіраюць чалавека. У аддзяленні міліцыі на ўсіх былі складзены стандартныя пратаколы аб нашэнні незарэгістраванай сімволікі і непадпарадкаванні "законным патрабаванням" міліцыянтаў. Амонаўцы паводзілі сябе надзвычай жорстка. У аднаго з затрыманых, 30-гадовага Ігара Шарага яны адабралі акуляры і пагражалі яму "запереть в КПЗ, чтобы научился разговаривать на русском языке". Усім затрыманым пагражаюць штрафы."
Сымон Глазштэйн, г. Магілёў, газета "Свабода" 18.07.97 г. Каб разабрацца ў сітуацыі з беларускім ліцэем мы звязаліся з начальнікам Упраўленьня грамадска-палітычнай інфармацыі пры адміністрацыі прэзідэнта Міхаілам Падгайным, які заявіў, што: "Передача лицея управлению делами президента еще не означает передачи (у карыстаньне - заўв. салад.) его кому-то другому. […] Лицей закрывать никто не собирается." […]
Але, ведаючы заступніцтва Міхаіла Падгайнага за "Радыё 101,2" і чым гэта "заступніцтва" скончылася, можна ацаніць верагоднасьць таго, што будынак застанецца ў распаражэньні гуманітарнага ліцэя. Значна большы давер выклікаюць рашучыя дзеяньні бацькоў, якія згодны ісці і ідуць на несанкцыяваныя пікеты, шэсці, арышты ды суды. З нагоды ўчорашняга арышту чатырох бацькоў Беларускі Хельсінскі камітэт прыняў сёньня заяву, у якой адзначаеццца: "Сваімі дзеяннямі афіцыйныя ўлады ў чырговы раз парушаюць асноўныя правы чалавека: права на атрыманьне адукацыі на роднай мове, права на мірныя сходы і шэсьці, права на бесперашкоднае выказваньне сваіх поглядаў, а таксама права на ўласнасьць". Юрась Карманаў, радыё "Свабода" 18.07.97 г. Акцыя (па абароне гуманітарнага ліцэя 17 ліпеня - заўв. склад.) была праведзена ў выглядзе звычайнай прагулкі, моўчкі, без лёзунгаў і плякатаў. Пратэстуючыя трымалі ў руках толькі падручнікі, глёбусы, мапы ды выявы дагістарычных людзей. І ўсё ж гэта не спыніла ўлады, якія далі загад аб затрыманьні некаторых удзельнікаў шэсьця і асуджэньні іх, як парушальнікаў грамадскага парадку. Незразумела толькі, як пратэстуючыя маглі парушыць гэты парадак проста ідучы па вуліцы і трымаючы ў руках навучальныя прылады.
Расказвае трэнер спартовай школы Алесь Станішэўскі: "[…] Сілы былі надта няроўныя, нават, калі б і хацелі аказаць супраціўленьне. Усё адбылося вельмі хутка: раз - і там". - А якія меры фізічнага ўзьдзеяньня былі да вас прынятыя, каб зацягнуць у аўтобус? - Падхапілі за рукі - і туды. І ўсё! - Пабоеў няма? - На мне няма. Зьвяртаю ўвагу на "дыпламатычны" адказ майго субяседніка. Чаму ён сьцвярджае, што ў яго на твары не бачна пабоеў, хаця шматлікія сведкі затрыманьня Станішэўскага расказвалі, што міліцыянты запіхваючы яго ў аўтобус, болі яго па галаве і цягалі за валасы. А потым уся працэсія бачыла, як у аўтобусе сп. Станішэўскі сядзеў, закрыўшы твар рукамі. Толькі пасля суда я змог адказаць на пытаньне, чаму затрыманыя не выказвалі асаблівых прэтэнзій да міліцыянтаў. Справа ў тым, што акрамя абвінавачваньня ў парушэньні пятага прэзідэнцкага дэкрэта, удзельнікам акцыі было інкрымінавана аказаньне злоснага супраціўленьня міліцыі. А гэта ўжо арт. 166 адміністрацыйнага кодэкса, які цягне на некалькі сутак арышту. Атрымліваецца, што паспрабуй заявіць, што цябе білі, і ты сам ускосна пацвердзіш, што ты супраціўляўся міліцыі, інакш навошта было цябе біць. Алег Груздзіловіч, радыё "Свабода" 18.07.97 г. Напэўна самай вялікай сенсацыяй багучай прыёмнай кампаніі стала цікаўнасць заўтрашніх студэнтаў да спецыяльнасці "беларуская мова і літаратура": Так у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце конкурс на яе склаў 9,3(!) чалавека на месца.
Надзея Нікалаева, газета "Звязда" 25.07.97 г. Сяргей Дубавец
В "послужном списке" администрации Лукашенко не только экономическая стагнация, политическая неразбериха, создание примитивной модели власти; не только запрещенные средства информации, репрессированные политики и журналисты, не только арестованные деятели культуры, закрытые национальные школы, оскорбительные выпады в адрес белорусского языка и так далее. В этом списке книги. Причем книги лучших белорусских авторов.( речь идет о запрещении издания нового сборника прозы Василя Быкова "Сцяна", а так же книге Владимира Орлова "Адкуль наш род", которой и посвящена статья Сергея Дубавца - заўв. склад.). […]
Сначала в "Настаўніцкай газеце" появляется официальная заметка под названием "У Міністэрстве адукацыі": "У апошні час у рэспубліцы рознымі выдавецтвамі выпускаюцца кнігі, якія не праходзілі экспертызу ў Міністэрстве адукацыі... Асобныя з гэтых выданняў не адпавядаюць мэтам школьнай гистарычнай адукацыі". Готов поспорить, что в упомянутом министерстве нет ни одного специалиста по истории Беларуси, способного полемизировать с Орловым. Не зря ведь в заметке содержится ничем не подкрепленный приговор: "не адпавядае мэтам".[…] Далее в игру вступает печально известный полковник Заметалин. Он пишет письмо другому крупному администратору и патриоту власти социологу Е. Бабосову следующее письмо: "Просим рассмотреть названую книгу и дать заключение по вопросам искажения исторических фактов, тенденциозности, разжигания национальной розни и межконфессиональных конфликтов, неприятия современной государственной символики Республики Беларусь в содержании книги, для принятия решения о правомерности распространения данного издания в книготорговой сети и в школах республики". Сам этот документ пример тенденциозности и юридической некорректности. Полковник не знает презумпции невиновности. Он спрашивает, отвечая: как вы думаете, это плохая книга? Коначно, вторит ему Бабосов, очень плохая... Вот строки из ответа Бабосова. "Основное содержание книги чрезмерно политизировано и идеологизировано с субъективистски-предвзятых, враждебных России и русскому народу позиций..." Возрождается та система уничтожения книг, которая существовала при Сталине или Гитлере в 30-е годы. Сначала автора клеймят в прессе, потом книгу запрещают, потом запрещенные книги сжигают на костре. Газета "Свабода", 25.07.97 г. Міністры, усё атачэнне пры прэзідэнце, кіраўнікі прадпрыемстваў, старшыні калгасаў, дырэктары большасці школ, інжынерна-тэхнічны персанал заводаў і фабрык, як правіла адказваюць на пытанні рэпарцёраў на расійскай мове, або на "трасянцы", што найбольш характэрна для кіраўнікоў вёскі. Тое самае чуеш і на тэлебачанні. Зрэдку павее роднай гаворкай, калі перад мікрафонам ці тэлекамерай выступаюць работнікі культуры - артысты, пісьменнікі, кіраўнікі самадзейных творчых калектываў. […] Нядаўна ў інтэрв'ю рэспубліканскаму радыё чыноўнік з кіраўнічага апарату Белдзяржуніверсітэта, адказваючы на пытанні па праблемах сёлетняга набору студэнтаў, размаўляў толькі на расійскай мове, хоць пытанні яму задаваліся па-беларуску.
Міхась Кутнявіцкі, г. Слуцк, газета "Народная воля" 25.07.97 г. Напярэдадні Другога з’езда беларусаў свету група яго дэлегатаў - выкладчыкаў беларускіх школ у замежжы, дзеячоў культуры сустрэлася з міністрам адукацыі Васілём Стражавым, які, у прыватнасці сказаў: "…Калі мы будзем параўноўваць колькасць вучняў, што прыйшлі летась у першы клас на беларускую мову навучання, з тымі лічбамі, што былі, напрыклад, у 1993-м і 1994-м гадах, то зразумела, яна значна паменшылася. Амаль што ў два разы. Але калі параўноўваць сённяшнюю сітуацыю з той, якая была ў 1988-м, то ўжо павелічэнне будзе ў два разы. Так што тут важная кропка адліку.
Але ж нельга не згадзіцца, што сітуацыя не такая простая. Зараз я растлумачу. Фактычна лічбы 1993-га і 1994-га гадоў атрымаліся пад прымусам. І тое, што гэта так - сведчыць рэферэндум 1995 года. Спадабаўся ён каму ці не спадабаўся, вынікі былі адназначныя, і там была выяўлена воля народа. Нельга пад прымусам выхоўваць любоў да роднай мовы. Як адначасова і нельга выхаваць гэтую любоў, негатыўна ставячыся да рускай мовы. Вось аб чым фактычна сведчылі вынікі рэферэндуму. І прынцыповая розніца паміж лічбамі 1993-га і 1996 гадоў - гэта тое, што бацькі тых дзяцей, якія пайшлі ў школу ў 1996 годзе, зрабілі свой выбар свядома. І колькасць колькасць людзей, якія свядома выбіраюць беларускую мову, у параўнанні з 1988 годам, рэальна ўзрасла ўдвая. […] Зразумела я не магу адказваць за тых дырэктараў і настаўнікаў, якія хацелі сабе зрабіць больш лёгкае жыццё, каб у іх былі толькі рускія ці беларускія класы. Але не трэба на гэтай падставе рабіць агульныя вывады пра дзяржаўную палітыку ў галіне мовы. Гэта палітыка была заўсёды накіравана на падтрымку нацыянальнай мовы. Зараз мы ў такім становішчы, калі аб моўных праблемах можна спакойна і разважліва пагаварыць і зрабіць пэўныя захады па паляпшэнню сітуацыі. Дарэчы ў мяне нядаўна была размова з нашым прэзідэнтам наконт існуючых праблем. Ён сказаў, што таксама заклапочаны становішчам спраў у галіне адукацыі, думае, як падтрымаць беларускую мову, даць ёй імпульс для развіцця, і чакае пэўных прапаноў з боку дзяржаўных структур." Газета "Звязда" 26.07.97 г. ![]() Папярэдні месяц Наступны месяц
|
|||