![]() |
-- Моўны маніторынг--
1997 Снежань
Як паведаміў рэдактар беларускамоўнага часопіса маладых літаратараў "Першацьвет" Алесь Масарэнка, Дзяржаўны камітэт па друку нядаўна паведаміў рэдакцыі аб немэтазгоднасці фінансавання часопіса ў 1998 годзе.
Дакумент падпісаны першым намеснікам старшыні Дзяржкамдруку Зіновіем Прыгодзічам і ў ім, у прыватнасці, гаворыцца, што гэтае рашэнне прынята "12 лістапада 1997 году на нарадзе ў намесніка прэмер-міністра Рэспублікі Белаврусь". Хаця ў лісце не ўдакладняецца, у якога менавіта, але па звестках Алеся Масарэнкі, размова ідзе аб Уладзіміры Замяталіне. Генадзь Барбарыч, газета "Пагоня" 04.12.97 г. Будзённая з'ява для сённяшніх беларускіх гарадоў і мястэчкаў - аднаўляючы камерцыйную рэкламу фірмы і установы паўсюль мяняюць беларускамоўныя надпісы на рускамоўныя. Гэтая тэндэнцыя агульная. Яе з аднолькавай ахвотай падхапілі як сусветная карпарацыя "Philips" з ейнымі шматметровымі рэкламнымі шчытамі на менскіх вуліцах, так і самы апошні райспажыўсаюз пры афармленні ўбогіх вясковых крамаў. Чым кіруюцца камерсанты і гарадскія ўлады, уводзячы гэтыя яўна дыскрымінацыйныя ў адносінах да беларускай мовы меры?
Відавочна, што дэклараваная нават у лукашэнкаўскай канстытуцыі 1996 году роўнасць беларускай і расейскай моваў гэтымі і падобнымі да іх крокамі зводзіцца на нішто. На першы погляд сённяшнія ўлады проста ўхіліліся ад гэтай праблемы, маўкліва патураючы таму, што чыноўнікі і камерсанты адвольна трактуюць норму канстытуцыі. Прынамсі пра новы закон аб мовах, які хаця б часткова спыніў татальную русіфікацыю грамадскага жыцця размовы ніхто не вядзе. Аднак гэта негалоснае патуранне - толькі адзін бок медаля. З другога боку на розных узроўнях чыноўнікі розных рангаў і ведамстваў падпісваюць дакументы, якія па сутнасці зяўляюцца прысудам для будучыні мовы. Адзін з апошніх красамоўных прыкладаў - урадавая пастанова, якая прадпісвае, што на ўпакоўцы тавараў, якія прадаюцца ў Беларусі, абавязкова павінна быць назва і анатацыя на беларускай або расейскай мовах (маецца на ўвазе пастанова Савета Міністраў №536 ад 21.05.97г. "Об утверждении требований на продукты питания..." - заўв. склад.). Чыноўнікам, якія стваралі гэты дакумент, нічога не каштавала хаця б у імя фармальнай роўнасці замяніць злучнік "або" злучнікам "і" і абавязаць вытворцаў і камерсантаў змяшчаць дзве анатацыі на абедзьвух мовах. Аднак быў выкананы менавіта першы варыянт, пры якім беларуская мова вынішчаная з афармлення тавараў. Вялізныя аб'ёмы турэцкага, польскага, расейскага шырспажыву, якія прадаюцца на беларускім рынку суправаджаецца анатацыямі на расейскай, укараінскай, літоўскай, фактычна на ўсіх мовах народаў Усходняй Еўропы, акрамя беларускай. Гэтая відавочная дыскрымінацыя не толькі прыніжае нацыянальны гонар беларусаў. Старчваецца адзін з нямногіх каналаў, на якім можна было штодня ненавязліва даносіць цікавасць да мовы, падтрымліваць жыццё ў гэтым марудна паміраючым на нашых вачах арганізме. Зразумела, камерсанты кіруюцца найперш эканамічнымі інтарэсамі. З гэтага пункту гледжання беларуская мова ў рэкламе, магчыма, не самая выйгрышная, аднак не толькі гэта прымушае ісці на такія крокі. Ва ўмовах сённяшняй беларускай рэчаіснасці мова, як і пры камуністычным рэжыме, ўсё больш відавочна становіцца інструментам палітыкі. Беларускамоўнасць ператвараецца ў сінонім палітычнай нядобранадзейнасці, нелаяльнасці. Ані ў кіраўніцтве прэзідэнцкай адміністарцыі, ані ва урадзе, ані ў парламенце ніхто з чыноўнікаў высокага рангу не адважваецца публічна штодня карыстацца беларускай мовай ці афармляць дакументы па-беларуску. Гэты парадак аўтаматычна распаўсюджваецца на ўсю піраміду ўлады. А ўслед за гэтым і на гаспадарчы механізм, у тым ліку і на жорстка залежны ад дзяржавы прыватны бізнэс. Пры гэтым ніводзін дзяржаўны ворган не звяртае ўвагі на тое, што гэтым самым непрыкрыта грэбуецца замацаваны у канстытуцыі дзяржаўны статус беларускай мовы. Якраз у гэтым праяўляецца цынізм аўтараў рэферэндуму 95 году. Фармальнае раўнапраўе моваў было патрэбнае ім для вынішчэння мовы беларусай. Валянцін Жданко, радыё "Свабода" 14.12.97 г. Раней у Заводскім раёне г. Менска дзе-нідзе з'яўляліся шыльды, аб'явы па-беларуску. Шмат у якіх крамах, магазінах было аўдыё-візуальнае асяроддзе. Напрыклад, універмаг "Беларусь" поўнасцю адпавядаў сваёй назве. Зараз такога не скажаш. Зараз назіраецца змена шыльдаў на расейскую мову. Быў магазін "Мэбля", стаў - "Мебель", быў праспект "Партызанскі", стаў - "Партизанский" і г. д.
Рада ТБМ правяла аналіз стану выкарыстоўвання беларускай мовы ў раёне і прыйшла да высновы, што яна поўнасцю і паступова выцясняецца з ужытку. Пра гэта быў накіраваны адпаведны ліст адміністрацыі раёна. І вось працытую вытрымку з адказу: "… пры ўзгадненні праектаў рэкламных установак, шыльдаў… архітэктурная служба раёна не перашкаджае… у свабодным выбары мовы…(згодна з арт.4 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб рэкламе" і арт.12 Закона "Аб мовах".)" Вось вам і ўраўніванне мовы ў правах. Мікола Лавіцкі, тэрміст Мінскага аўтазавода, газета "Наша слова" 15.12.97 г. Кіраўнікі Гарадзенскага гарвыканкаму напярэдадні сесіі гарсавету па тэлефоне запрасілі прыняць удзел у папярэднім абмеркаванні праектаў плану і бюджэту на 1998 год прадстаўнікоў найбольш уплывовых палітычных партыяў і грамадскіх рухаў[…] Старшыня гарвыканкаму Анатоль Пашкевіч і старшыня гарсавету Фёдар Гудзей не хавалі свайго задавальнення, калі ў зале паседжанняў з'явіўся старшыня гaрадской Рады БНФ Сяргей Мальчык. […] Сяргей Мальчык у адказ зачытаў сумесную заяву Рады БНФ "Адраджэнне" і Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Сутнасць яе заключалася ў тым, што нельга супрацоўнічаць з сіламі, якія здзейснілі летась канстытуцыйны пераварот, саджаюць у турму падлеткаў, закрываюць газеты, садзейнічаюць поўнаму выкараненню роднай беларускай мовы. […] Да канца зачытаць заяву Сяргею Мальчыку не далі. А. Лабовіч, газета "Пагоня" 19.12.97 г. Выдавец і перакладчык Зміцер Колас: "Значна скарочаныя штаты выдавецтваў. У першую чаргу скарачалі тых спецыялістаў, якія былі актыўнымі ўдзельнікамі беларусізацыі выдавецкай справы. Менавіта таму скарацілася колькасць беларускамоўных выданняў і ў першую чаргу выданняў перакладной літаратуры. Так у Беларусі перастаў выдавацца беларускамоўны альманах "Далягляды", але на яго месцы (так можна сказаць) пачаў выдавацца штомесячны рускамоўны часопіс "Всемирная литература". На яго грошы ёсць, на "Далягляды" - чамусці не знайшлося. Апроч таго практычна заглухла цудоўная серыя "Скарбы сусветнай літаратуры", выдаваная ў выдавецтве "Мастацкая літаратура".
Журналіст Сяргей Шупа: "Кніга Васіля Быкава "Сцяна", якая мелася выйсці ў дзяржаўным выдавецтве "Мастацкая літаратура", выпала з тэматычнага плану на адпаведны год. На яе не хапіла дадатковых сродкаў. Гэтую кнігу ўзялося выдаваць недзяржаўнае выдавецтва "Наша Ніва" і , як можна было спадзявацца, пры перарэгістрацыі выдавецтву "Наша Ніва" не была працягнутая ліцэнзія. Яе прадстаўнік нібыта не здаў адпаведнага іспыту." Радыё "Свабода" 21.12.97 г. Настаўнік гісторыі старадарожскай школы №2, пісьменнік Віталь Юрэвіч у рэгіянальнай філіі ТБМ адказвае за наладжванне сустрэч з вядомымі прадстаўнікамі беларускай літаратуры. Мясцовая вертыкаль сарвала такую сустрэчу ў лістападзе паміж старадарожскімі школьнікамі і народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам. Паводле Віталя Юрэвіча чыноўнікі пабаяліся магчымых заклікаў Ніла Гілевіча да школьнікаў берагчы і шанаваць роднае слова. […] Віталь Юрэвіч сказаў, што забарона на прыезд вядомых пісьменнікаў, наступ на беларушчыну ў рэгіёне зыходзіць ад канкрэтнага чыноўніка, які курыруе раённыя сістэмы адукацыі, культуры, намесніка старшыні райвыканкама Альберта Міхайлава. […]
Віталь Юрэвіч: "Мабыць у нас няма ніводнага дырэктара школы, які хацеў бы перавесці школу на рускую мову. Усе з вялікім разуменнем ставяцца да мовы. Але вось прыклад, пра які расказаў дырэктар нашай школы. У нас існуюць класы, якія з першага года навучання займаюцца на беларускай мове. Сёння яны дайшлі да 7-га класа. У наступным годзе павінны вывучаць фізіку, але існуе праблема: падручнікі, нягледзячы на заявы, на розныя просьбы, прыходзяць на рускай мове з Мінску…". Максім Лабжанец, радыё "Свабода" 29.12.97 г. ![]() Папярэдні месяц Наступны месяц
|
|||