Пра арганізацыю
 - мэты і задачы
 - рэгіянальныя структуры
 - кіраўнічыя органы
 - дзейнасць у 2001 годзе
 - дзейнасць у 2002 годзе
Маніторынг (моўны)
СМІ пра нас
Мы ў СМІ (публікацыі)
Статыстыка
 - перапіс
 - адукацыя
Афіцыйная перапіска
Дакументы
Стратэгія развіцця мовы
Гісторыя Беларусі. Асобы
Газета 'Наша слова'
БНУ
 - канцэпцыя
 - перапіска
СМІ пра БНУ
Беларускі відэаклуб



Да галоўнай Пошта
Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны


-- Моўны маніторынг--



1996  Сакавік

    Сітуацыя з беларускай мовай, як вядома, увогуле ў рэспубліцы вельмі трагічная. Пасля рэферэндуму пачалося масавае скарачэнне беларускіх класаў, усе дзяржаўныя ўстановы перавялі справаводства на рускую мову. Хаця Закон аб мове ў рэспубліцы ніхто не адмяняў. У дадатак да гэтага быў адменены абавязковы экзамен па беларускай мове ў сярэдняй школе.
    З новенькімі кніжкамі Закону аб мове Рэспублікі Беларусь дэпутаты з'явіліся на сустрэчу з міністрам (адукацыі - заўв. склад.). Якія прэтэнзіі прагучалі ў адрас паважанага міністэрства і асобы, што яго ўзначальвае? Дэпутат Знавец, напрыклад, быў вельмі эмацыянальны і рэзкі ў выказванні сваіх думак. "Вы вядзеце нашу сістэму адукацыі да знішчэння", - катэгарычна заявіў ён міністру. Дэпутат Свірыд праявіў большую лагоднасць. "Мы, беларусы, павінны клапаціцца пра беларускую мову", - далікатна зазначыў ён.
    Дэпутат Шчукін назваў Васіля Стражава нядобрасумленным чалавекам, які пагарджае законам. […]
    Фракцыя камуністаў беларускага парламента канстатавала, што ў рэспубліцы ажыццяўляецца непрадуманая дзяржаўная палітыка ў адносінах да беларускай мовы.
Таццяна Антонава, газета "Звязда" 06.03.96 г.

    Фрагмент гутаркі Алеся Карлюкевіча з дэпутатам Вярхоўнага Савета Вольгай Абрамавай:
    - Памятаеце, аднойчы вы не зусім удала адкрылі веснічкі ў палітычны агарод, калі агучылі ці то свой праект, ці то свае пагляды адносна двухмоўя.
    - І зноў жа мы вяртаемся да свабоды выбару. Якраз яна і ў супярэчнасці з ідэяй дзяржаўнага прымусу ў сферы мовы. Мне ў аднолькавай ступені несімпатычныя і тая прымусовая беларусізацыя, якая мела месца пасля 1991 г., і тое, што не прадастаўляецца права бацькам, зарыентаваным на беларускасць, вучыць сваіх дзяцей на роднай мове. Вось выказаны тады мной праект якраз і грунтаваўся на гэтай ідэі. Акрамя таго, была адзначана і неабходнасць эканамічнага спрыяння развіццю мовы карэннай нацыі. І яшчэ было падкрэслена, што ўладныя структуры павінны паказваць прыклад валодання дзвюма мовамі.
    Агледзьцеся навокал. Тое, што ў нас вандруе па старонках беларускай перыёдыкі, сцвярджае пра аднамоўе, як ледзь не найпершы грунт дзяржаўнасці, не адпавядае рэчаіснасці, калі браць пад увагу сусветны вопыт. Магу прывесці прыклады, калі нармальныя суверэнныя незалежныя краіны маюць дзве, а то і чатыры дзяржаўныя мовы. Далікатнае моўнае пытанне нельга было штурмаваць «на ура», нельга было працаваць з мовай так, як гэта рабілася на працягу 1990-х гадоў.
    - Значыць, вы лічыце, што на рэферэндуме вынікі моўнага пытання адпавядаюць жыццёвай рэчаіснасці, адлюстроўваюць усенароднае меркаванне?
    - Адбылося тое, што павінна было адбыцца. Вынікі рэферэндуму - натуральная рэакцыя людзей на ўзнікшую сітуацыю. Калі ідэя выклікае масавую падтрымку людзей, то не лічыцца з гэтым нельга. Не лічыліся ў свой час з настроямі людзей бальшавікі. Не лічыліся любыя дыктатары, не лічыліся гвалтаўнікі.
    - Добра, дапусцім з вамі можна пагадзіцца наконт натуральнай рэакцыі. Але ж і тое, у якім стане знаходзіцца мова карэннай нацыі, гэта відавочна. І калі не жадаць згубы беларускай мове, то нешта ж важнае, радыкальнае трэба рабіць...
    - А чаму б не згадаць Чэхію, калі пасля распаду імперыі працэс адраджэння мовы быў расцягнуты на дзесяткі гадоў? І яшчэ адна прыкмета. Прыедзьце сёння ў любую з краін былой Аўстра-Венгерскай імперыі - у вас не будзе ніякіх праблем у кантактах, калі вы валодаеце нямецкай мовай. Да гэтага часу нямецкая мова лічыцца мовай навукі. А зараз усе - і пасля рэферэндуму асабліва - павінны падтрымаць беларускую мову, зрабіць усё магчымае для яе развіцця.
Газета «Звязда» 07.03.96 г.

Васіль Стражаў, міністр адукацыі і навукі
    У 1989 годзе ў першыя класы з беларускай мовай навучання пайшло 19%, а ў 1995 годзе - амаль 40%. Адсюль выснова - грамадства не толькі падтрымлівае беларускую мову, але і жадае, каб дзеці вучыліся на беларускай мове. Таму перад намі паўстае задача, каб мы забяспечылі выбар мовы не толькі ў сярэдняй школе, але і далі права выбіраць мову навучання ў іншых навучальных установах. Зразумела, што за адзін год, за апошнія гады гэтага нельга было зрабіць, таму што не было адпаведнай беларускамоўнай падрыхтоўкі ў выкладчыкаў, было шмат іншых стрымліваючых фактараў […] На пераход да беларускай мовы навучання трэба мець перспектыву, трэба спланаваць нашу працу, каб знайсці аптымальныя шляхі.
Газета «Звязда» 12.03.96 г.

    С. Калякін, кіраўнік фракцыі камуністаў у Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь
    Карыстаючыся выпадкам, хачу яшчэ раз выказаць адносіны камуністаў да моўнай прабламы ў нашай рэспубліцы, якія дакладна сфармуляваны ў Праграме ПКБ: "Партыя выступае за прызнанне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у якасці дзяржаўных беларускай і рускай моў… будзе актыўна працаваць над развіццём беларускай і іншых нацыянальных моў, усямерна развіваць культуру народа без насілля і дыскрымінацыі…". Менавіта з гэтага пункту гледжання ішла гаворка са В. Стражавым аб становішчы беларускай мовы ў сістэме адукацыі. […]
    А вось ніякай канстатацыі факта, што зараз "у рэспубліцы ажыццяўляецца непрадуманая дзяржаўная палітыка ў адносінах да беларускай мовы", як гэта піша Т. Антонава, на сустрэчы не было. Магчыма, так лічыць аўтар, але да фракцыі камуністаў у Вярхоўным Савеце гэта не мае дачынення.
Газета "Звязда" 21.03.96 г.

    30 сакавіка 1996 года ў Доме літаратара прайшла канферэнцыя "Дыскрымінацыя беларускай мовы на Беларусі: гістарычны, палітычны і лінгвістычны аспекты", арганізаваная Таварыствам беларускй мовы сумесна з беларускім ПЭН-цэнтрам, Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына», Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў, Беларускай асацыяцыяй ахвяраў палітычных рэпрэсій, БНФ «Адраджэнне» і інш.
В.Палсцюк, 30.03.96 г.

    Група бацькоў, выкладчыкаў, грамадскіх дзеячаў звярнулася з лістом да старшыні выканкама г. Мінска Ул. Ярмошына з патрабаваннем захаваць статус беларускамоўных школ, спыніць іх ліквідацыю, падтрымаць беларускамоўную школу. Там жа выказвалася жаданне сустрэцца з прадстаўнікамі ТБМ, ТБШ і Гарадскога бацькоўскага камітэта беларускамоўных школ і класаў г. Мінска. На сустрэчу Ярмошын не згадзіўся.
    У гэты ж час лісты аналагічнага зместу былі адпраўлены на адрас Старшыні Вярхоўнага Савета 13 склікання С. Шарэцкага і Прэм’ер-міністра М. Чыгіра, дзе бацькі апісваюць працэс разбурэння беларускамоўнай школы і лічаць, "… што віна за такую сітуацыю і тую атмасферу непрыняцця беларускай мовы, што запанавала ў многіх школах, у першую чаргу кладзецца на міністра В. Стражава, які дзейнічае згодна сённяшняй палітычнай кан’юнктуры." І патрабавалася ад вышэйшых інстытутаў дзяржаўнага кіравання "…прадухіліць дыскрымінацыю беларускай мовы ў галіне адукацыі". С. Шарэцкі згадзіўся сустрэцца з групай бацькоў.
В. Палсцюк, 30.03.96 г.


Уверх
Папярэдні месяцНаступны месяц