Пра арганізацыю
 - мэты і задачы
 - рэгіянальныя структуры
 - кіраўнічыя органы
 - дзейнасць у 2001 годзе
 - дзейнасць у 2002 годзе
Маніторынг (моўны)
СМІ пра нас
Мы ў СМІ (публікацыі)
Статыстыка
 - перапіс
 - адукацыя
Афіцыйная перапіска
Дакументы
Стратэгія развіцця мовы
Гісторыя Беларусі. Асобы
Газета 'Наша слова'
БНУ
 - канцэпцыя
 - перапіска
СМІ пра БНУ
Беларускі відэаклуб



Да галоўнай Пошта
Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны


-- Моўны маніторынг--



1996  Люты

    Маці Юлі Краўчук жадала, каб яе дачка вучылася ў беларускамоўнай школе. Калі падышоў час паступаць у першы клас, яна, не думаючы, аддала дзяўчынку ў гімназію, дзе выкладанне вяліся на роднай мове. Але перад пачаткам гэтага навучальнага года жанчына даведалася, што матэматыка ў другім класе будзе выкладацца па-руску. Яе адчаю не было канца. Спачатку яна спрабавала абразуміць настаўніцу і дырэктара школы: навошта ў беларускамоўным класе выкладаць матэматыку па-руску, потым хадзіла ў Міністэрства адукацыі, звярталася ў газеты. Але памкненні чалавека так і засталіся памкненнямі. Клас з беларускамоўнага ператварыўся ў руска-беларускі.
    Уладзімір Жулёў з Віцебска даслаў ліст у "Народную волю". "Мая дачка вучыцца ў беларускім 4-м "а" класе. Памятаю, як два гады назад бацькі пераводзілі ў яго сваіх дзяцей з рускамоўных. На алімпіядах і іншых спаборніцтвах дзеці падтрымлівалі адзін аднаго: "Беларусы - уперад!" А потым на бацькоўскіх сходах пачалі абмяркоўваць пытанне: ці ёсць такая неабходнасць - вучыць дзяцей на беларускай мове. І калі вясною гэта былі рэкамендацыйныя прапановы зверху, то цяпер у школе супраць волі і выкладчыкаў, і бацькоў, і вучняў насаджаецца выкладанне на рускай мове".
Марыя Нарэйка, газета "Народная воля" 01.96 г.

    25 студзеня ў будынку факультэту беларускай філалогіі Гарадзенскага ўніверсітэту адбыўся сход, на якім прысутнічалі некалькі дзесяткаў выкладчыкаў усіх ВНУ Горадні, дырэктары беларускамоўных школ і прадстаўнікі гарадской арганізацыі ТБМ. Пасля двухгадзіннага абмеркавання праблем беларускамоўнага навучання і вышэйшай школы, была створана новая грамадская арганізацыя - Таварыства беларускай вышэйшай школы.
    Мэта арганізацыі - спрыянне развіццю на Беларусі адукацыі нацыянальнай па форме ды зместу і еўрапейскай па ўзроўню. У склад ТБВШ увайшло больш 30 выкладчыкаў з усіх ВНУ Горадні. Абрана рада з 5 чалавек. Старшынём стаў прафесар медінстытута, доктар медыцынскіх навук Алесь Астроўскі, намеснікам - прафесар універсітэту доктар юрыдычных навук Мікалай Сільчанка. […]
    У звароце да старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі ў прыватнасці гаворыцца: «Паважаны Сямён Георгіевіч...
    Праз 5 гадоў у ВНУ Горадні ў большасці пачнуць навучацца студэнты, якія атрымалі сярэднюю адукацыю на беларускай мове. Такім чынам да 2000 года ВНУ нашай краіны павінны быць падрыхтаваны да таго, каб даць вышэйшую адукацыю па любой спецыяльнасці на беларускай мове. Нагадаем, што гэтага ж патрабуе і заканадаўства. […]
    У сувязі з гэтым, звяртаемся да Вас з просьбай аказаць садзеянне працэсу беларусізацыі Вышэйшай школы і ўзяць яго пад асабісты кантроль. Мы просім разгледзець дадзеную праблему на спецыяльным паседжанні Вярхоўнага Савету і прыняць адпаведную праграму, разлічаную да 2000 году».
Газета «Пагоня» 02.02 96 г.

    Рада Беларускага Хельсінскага камітэта выказвае сваю занепакоенасць тым, што згодна з загадам №439 ад 15 лістапада 1995 года ў пераліку абавязковых выпускных экзаменаў за курс сярэдняй школы адсутнчае экзамен па беларускай мове (пісьмова), у той час, як уведзены абавязковы пісьмовы экзамен па рускай мове. Гэта рашэнне, па перакананню БХК, супярэчыць духу і літары Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Законам аб мовах і аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Апрача таго, яно стварае Міністэрству адукацыі і навукі славу ведамства, якое аднаўляе русіфікатарскую палітыку, што праводзілася на Беларусі на працягу апошніх дзвюх старгоддзяў.
Газета «Звязда» 06.02.96 г.

    Дэпутат-камуніст Валерый Шчукін выступіў на сесіі Вярхоўнага Савету з запытам да прэмер-міністра, у якім абараняў правы грамадзян на вывучэнне беларускай мовы. На жаль, у новым парламенце адзінкі гавораць па-беларуску. Можна ўспомніць, што пастаянна выступаюць на роднай мове толькі Мечыслаў Грыб, Пятро Краўчанка ды Павел Знавец. Некаторыя, як Генадзь Карпенка, Аляксандр Дабравольскі, выступаюць так толькі ў асобных выпадках.[…]
    А тут камуніст, хоць і па-расейску, але абараняе беларускую мову. Выступ Валерыя Шчукіна быў актуальным. Дэпутат зазначыў, што згодна з законам "Аб адукацыі" ў якасці асноўнай мовы выхавання ў школах і дзіцячых садках устанаўліваецца беларуская. І гэты закон выконваўся на працягу чатырох гадоў. Але мінулай восенню Міністэрства адукацыі і навукі асноўнай мовай зрабіла расейскую. Больш таго на расейскую мову насільна пераведзены другія і трэція класы, якія вучыліся на беларускай. Міністэрства спасылаецца на вынікі рэферэндуму. Але рэферэндум пацвердзіў канстытуцыйнае права навучацца на расейскай мове, зазначыў Шчукін, але не забараніў усім жадаючым працягваць ці пачынаць вучыцца на беларускай.
    Міністэрства, працягваў дэпутат, павінна было вырашыць пытанні па адкрыцці рускамоўных класаў. Але праблему вырашылі іншым шляхам - перакрылі фінансаванне беларускіх класаў. Усіх паставілі перад фактам, што дзеці пераводзяцца ў расейскамоўныя класы, а нязгодных бацькоў выставілі за дзверы. Больш таго забаранілі адміністрацыям школ і аддзелам асветы агітаваць за навучанне дзяцей на роднай мове. Шчукін задаў прэмер-міністру чатыры пытанні, у тым ліку і аб тым, якія меры будуць прыняты да чыноўнікаў, што парушылі Канстытуцыю і закон.
Газета «Пагоня» 09.02.96 г.

Аляксандр Сасноўскі, міністр культуры
    Я считаю, что последние годы языковая проблема создавалась искусственно. Она была доведена до какого-то неразумного предела. Моя позиция не меняется с 1991 года: я еще тогда начинал говорить, что любой белорусский ребенок должен знать три языка - белорусский, русский и какой-нибудь из иностранных. Это идеальный вариант, мы работаем в этом направлении. К примеру, детские сады в новых микрорайонах мы старались оснастить лингафонными кабинетами, чтобы дети могли изучать иностранные языки, начиная с трехлетнего возраста.
Газета «Имя» 09.02.96 г.

    12 лютага 1996 г. Калегія Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь разгледзела прадстаўленыя Галоўным упраўленнем агульнай сярэдняй адукацыі матэрыялы аб неабходнасці ўнясення змен у Правілы пераводу, арганізацыі экзаменаў і выпуску вучняў агульнаадукацыйных школ Рэспублікі Беларусь у сувязі са зваротамі грамадскасці і з мэтай захавання пераемнасці ў правядзенні выпускных экзаменаў па беларускай і рускай мовах за курс сярэдняй школы і ўступных экзаменаў па гэтых прадметах у вышэйшыя навучальныя ўстановы і прыняла наступнае рашэнне:
    У 1995-96 навучальным годзе выпускнікі 11 (12) класаў здаюць шэсць экзаменаў, з якіх 4 з’яўляюцца абавязковымі; 2 - па выбару вучняў.
    Абавязковыя экзамены: беларуская літаратура (вусна), беларуская або руская мова (дыктоўка) - па выбару вучняў, замежная мова (вусна), матэматыка (пісьмова).
Газета «Настаўніцкая газета» 14.02.96 г.

    6 лютага створаны арганізацыйны камітэт Таварыства беларускай школы. Мэта гэтай грамадскай культурна-асветнай арганізацыі - абарона правоў навучання па-беларуску, дапамога беларускамоўным навучальным установам, а таксама распрацоўка канцэпцыі беларускай нацыянальнай адукацыі. На пытанне карэспандэнта - чым вклікана неабходнасць стварэння Таварыства беларускай школы адказвае старшыня аргкамітэта, кандыдат філалагічных навук Алесь Лозка: «Перш за ўсё рэзкім пагаршэннем стану нацыянальнай школы на Беларусі. Калі ў апошняе чатырохгоддзе становішча больш-менш выпраўлялася (павялічвалася колькасць класаў і школ з беларускай мовай навучання, узрос прэстыж роднай мовы ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах), то затым адбыўся вялікі скачок назад.[…] Непакоіць таксама, што апошнім часам ад бацькоў і асобных педагогаў усё часцей можна пачуць скаргі на дыскрымінацыю беларускамоўнага навучання. Падобнае немагчыма ўявіць ні ў адной цывілізаванай краіне свету.
    Атрымліваецца, што на рэферэндуме народ прагаласаваў за роўнасць моў, а на справе здарылася наадварот: статус беларускай мовы ў грамадстве як быў нізкім, так і несправядліва працягвае зніжацца далей...»
Газета «Звязда»15.02.96 г.

Сойм Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне»
Заява аб антыбеларускай палітыцы ўраду ў галіне адукацыі
    Палітыка ўраду Лукашэнкі ў сферы адукацыі скіраваная на знішчэнне гістарычнай памяці і мовы беларускага народу. Робіцца ўсё, каб беларуская мова стала чужою для наступных пакаленняў беларусаў.
    Чарговым крокам у гэтым кірунку стаў загад міністра адукацыі, паводле якога ў спісе абавязковых пісьмовых выпускных экзаменаў за курс сярэдняй школы адсутнічае дзяржаўная беларуская мова. У той жа час выпускнікі абавязаныя пісьмова здаваць расейскую мову. Гэта зроблена свядома, каб адкінуць беларускую мову як навучальны прадмет у шэраг «непатрэбных» і непрэстыжных, каб выціснуць яе з сістэмы адукацыі, каб знішчыць беларускую нацыянальную школу. Сойм БНФ, абараняючы інтарэсы, законныя правы і будучыню беларускай нацыі, патрабуе спыніць дыскрымінацыю беларускай мовы ў школе і ў сістэме адукацыі ў цэлым. Патрабуем адмены дыскрымінацыйнага загаду.
Газета «Пагоня» 16.02.96 г.

    Мікола Анцыповіч у газеце "Літаратура і мастацтва" піша, што ў Міністэрстве адукацыі пачалі узнаўляць "…русіфікацыю ў сістэме школьнай адукацыі. Прыкладам можа быць гісторыя з выхадам кніжкі з лірычным назовам "Ручеёк" ("Учебное пособие по русскому языку для школ с белорусским языком обучения"). Па рэкамендацыі міністэрства яна была выдадзена масавым тыражом, між тым, як афіцыйна руская мова ў беларускамоўных школах вывучалася толькі з другога класа…Пачынаючы з 1994 года, калі адбылася змена кіраўніцтва нашай краіны, "Ручеёк" ператварыўся ў шырокую раку русіфікацыі, бо Міністэрства адукацыі прыдало яму статус абавязковага падручніка. Крыху больш года назад на прыёме ў міністра адукацыі В. Стражава бацькі, настаўнікі, выкладчыкі ВНУ задавалі яму пытанне аб падставах такога рашэння. Адказ быў кароткім - каб пазбегнуць дыскрымінацыі рускай мовы і навучыць красамоўству…
    Наступным этапам вяртання да старой тэндэнцыі была паспешлівасць, з якой кінуліся ў міністэрстве прыстасоўваць вынікі майскага рэферэндуму да сістэмы адукацыі…Быў створаны прэцэдэнт у сусветнай практыцы - надзяліць бацькоў правам выбару мовы навучання. Як забяспечваўся гэты "выбар" у 1995 годзе, сведчыць мноства парушэнняў, у тым ліку і канстытуцыйных, што выявіліся ў пераводзе вучняў адміністрацыйным шляхам з беларускай мовы навучання на рускую. Нават камуністычная фракцыя ў Вярхоўным Савеце (дэпутат В. Шчукін) запатрабавала ад Міністэрства адукацыі звестак і матывацыі гэтага пераводу."
Мікола Анцыповіч, газета "Літаратура і мастацтва" 16.02.96 г.

Сакратарыят ТБМ імя Ф. Скарыны
Заява
    Днямі сярэднія школы нашай краіны атрымалі чарговы Зборнік нарматыўных дакументаў Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь (№12 за 1995 г.), дзе змешчаны Правілы пераводу,арганізацыі экзаменаў і выпуску вучняў агульнаадукацыйных школ Рэспублікі Беларусь, зацверджаныя загадам міністра адукацыі і навукі.
    Як сведчаць пункты 27, 28 Правілаў, з гэтага году для выпускнікоў уводзіцца новы абавязковы экзамен - руская мова (пісьмова). Дзяржаўная беларуская мова застаецца сярод неабавязковых для здачы дысцыплін у адным шэрагу з мовамі нацыянальных меншасцяў.
    Такі крок Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь на чале з міністрам В. Стражавым паказаў сутнасць антынацыянальнай і русіфікатарскай дзейнасці міністэрства. Дзеянні яго кіраўніцива цалкам упісваюцца ў шэраг папярэдніх захадаў, накіраваных на паслядоўнае выгнанне беларускай мовы з сістэмы школьнай адукацыі. Ідзе поўнае разбурэнне сеткі беларускамоўных школ, спыняецца выданне падручнікаў на беларускай мове. […]
    Паколькі палітыка Міністэрства адукацыі і навукі груба парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, мы лічым, што Вярхоўны Савет павінен запатрабаваць ад міністра В. Стражава няўхільнага выканання адпаведных палажэнняў Асноўнага закону нашай краіны.
Газета «Пагоня» 16.02.96 г.

    Фрагмент інтэрв’ю Таццяны Падаляк з памочнікам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Алегам Слукой:
    - Алег Георгіевіч, мы з вамі размаўляем па-беларуску, але ж родная мова апошнім часам гучыць рэдка на радыё, тэлебачанні. У двухмоўных газетах значная перавага аддаецца матэрыялам «рускім». Ці не страцім мы мову?
    - Ніколі! У 1906 годзе ў Беларусі адбылася цікавая з’ява - Янка Купала пачаў выдаваць газету «Наша ніва» на беларускай мове. Гэта быў узлёт беларускай мовы, з таго часу, нягледзячы на цяжкасці, яна развівалася даволі моцна і змястоўна. І зараз раённыя газеты выходзяць па-беларуску, мову вывучаюць і ў школе, і ў ВНУ. У нашай сітуацыі спяшацца не трэба. Гады чатыры назад, калі пачалося прымусовае ўкараненне беларусізацыі, нарабілі больш дрэннага, чым добрага. Такія працэсы трэба рэгуляваць душой і сэрцам, а не салдацкай выпраўкай. Беларуская мова, як мова еўрапейская, будзе развівацца ў нашай суверэннай дзяржаве.
    - Чаму Прэзідэнт так рэдка гаворыць па-беларуску?
    - На мой погляд, галоўнае - што ён ведае родную мову.
Газета «Звязда» 17.02.96 г.

    Урыўкі з лістоў старшыні Вярхоўнага Савета С. Шарэцкаму:
    Галіна Вінцэвіч, г. Мінск: Мова кансалідавала жыхароў Беларусі сваім адраджэннем, а пасля рэферэндуму - раз"яднала. Пасля рэферэндуму сапраўдным беларусам стала вельмі няўтульна на роднай зямлі.
    Аляксандр Жалкоўскі, г. Ліда: Быў нядаўна ў Вашым родным Лаўрышаве. Настаўнікі школы, якую ў Вашу бытнасць пабудавалі, таксама моцна ўстрывожаны лёсам матчынай мовы. Наша агульная думка такая: мове роднай не акрыяць, пакуль на ёй не загавораць кіраўнікі краіны, пакуль па-беларуску не стане гаварыць горад. На вёску тут надзея слабая: яна сама сябе не можа ўратаваць...
    Прызнаюся, Сямён Георгіевіч, што я, як і мае многія таварышы ў Лідзе і Навагрудку, здзіўлены і расчараваны Вашым намерам весці сесіі ВС на дзвюх мовах, а фактычна - на адной... Няўжо прафесару і члену некалькіх акадэмій цяжэй старшынстваваць на беларускай мове, чым паважанаму мной і сёння М. Дземянцею?
Газета «Звязда» 17.02.96 г.

    "Ганьба русіфікатарам з Міністэрства адукацыі Беларусі", "Не - абавязковаму экзамену па рускай мове ў сярэдняй школе". З гэтым і іншымі плакатамі прадстаўнікі БНФ 15 лютага пікетавалі Міністэрства адукацыі і навукі, аб тым папярэдне паведамілі ў гарвыканкам сталіцы. У гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН старшыня камісіі БНФ па адукацыі Іван Саверчанка паведаміў, што асноўнае патрабаванне ўдзельнікаў пікета - забеспячэнне з боку дзяржавы магчымасці атрымаць адукацыю па-беларуску ў сярэдняй школе, прафесійна-тэхнічным вучылішчы, вышэйшай навучальнай установе.
БелаПАН, газета "Свабода", 20.02.96 г.

    Днямі ў Віцебску прайшоў сход грамадскасці горада, дзе людзі выказалі заклапочанасць становішчам беларускай мовы, яе ўціскам, што затармазіла працэс адраджэння беларускай мовы ў сферы ўсяго грамадскага жыцця і прынялі заяву. Па сутнасці, як адзначаецца ў заяве віцяблян у абарону беларускай мовы, зноў пачалася русіфікацыя, накіраваная на паступовую асіміляцыю, замаскіраваную разважаннямі, цяпер ужо аб славянскім адзінстве.
    У Віцебску, пішацца ў заяве, у мінулым навучальным годзе па-беларуску навучаліся ў школах 3300 вучняў, у тым ліку 698 амаль у сарака першых класах. Сёлета іх адпаведна, каля 200, і толькі пяць першых класаў. Адзіная гімназія са статусам беларускамоўнай пераходзіць на рускую мову. Зачыняюцца беларускамоўныя групы і дзіцячыя садкі, а колькасць дзяцей, што выхоўвалася па-беларуску, зменшылася ў параўнанні з леташнім утрая. Расфарміроўваюць беларускамоўныя класы, якія па некалькі гадоў працавалі на беларускай мове, і не таму, што бацькі не жадаюць вучыць там сваіх дзяцей, а таму, што так ім "раяць".
Газета "Звязда" 20.02.96 г.

    У канцы студзеня гарадзенскім Таварыствам беларускай вышэйшай школы распачаты збор подпісаў пад зваротамі да Старшыні Вярхонага Савету Беларусі С. Шарэцкага, міністра адукацыі В. Стражава, старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму А. Дубко. Нягледзячы на тое, што збор подпісаў прыйшоўся на час зімовых канікул, пад зваротам падпісаліся 73 выкладчыкі ўсіх ВНУ Гародні. Большасць іх - прафесары і дацэнты, дактары і кандыдаты навук. Навукоўцы прапануюць паскорыць беларусізацыю вышэйшай адукацыі ў сувязі з тым, што праз пяць гадоў большасць школьнікаў (у прыватнасці, на Гарадзеншчыне) закончаць беларускія школы, а працягнуць адукацыю на роднай мове не будуць мець магчымасці.
Газета «Пагоня» 23.02.96 г.

    Вось які загад (№8 ад 25.1.1996 года) з’явіўся ў аддзеле народнай адукацыі Баранавіцкага райвыканкама.
    «Аб пераводзе другога класа Русінаўскай школы на расійскую мову.
    У сувязі з заявамі бацькоў навучэнцаў другога класа Русінаўскай СШ аб навучанні дзяцей на рускай мове, што пацвярджаецца іх пісьмовай заявай, і дзеля выканання Закона Рэспублікі Беларусь аб правах дзіцяці
Загадваю

    з 1.02.1996 г. перавесці 2-гі клас Русінаўскай СШ з беларускай мовы на рускую.»
    Загад падпісаў Васіль Мікалаевіч Краўчук.
З. Сіцька, газета «Наша слова» 28.02.96 г.


Уверх
Папярэдні месяцНаступны месяц