Заява сакратарыята ТБМ аб дыскрымінацыі беларускай мовы ў войску
10 гадоў мінула з моманту прыняцця Закона аб мовах. Рэспубліка Беларусь стала незалежнай дзяржавай, але беларуская мова цалкам ігнаруецца ў беларускім войску. Вайсковая прысяга на вернасць Радзіме прымаецца навабранцамі на мове суседняй дзяржавы. У беларускім войску адсутнічаюць статуты на роднай мове. Вайсковая падрыхтоўка і ўся выхаваўчая праца вядзецца выключна па-руску, у беларускім войску не гучыць беларуская вайсковая песня. Адзіная вайсковая газета "Во славу Родины" таксама рускамоўная. Паколькі бальшыня нашых хлопцаў набіраецца ў войска з невялікіх гарадоў і вёсак, дзе ў паўсядзённым жыцці дамінуе беларуская мова, лічым непрымальным стан рэчаў, калі падчас вайсковай службы яны падвяргаюцца дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце.
У сувязі з гэтым Таварыства беларускай мовы патрабуе ад Урада Рэспублікі Беларусь зрабіць наступнае:
1) Стварыць у кожнай вайсковай частцы беларускамоўныя батальёны, для кіравання імі падабраць афіцэраў, якія валодаюць беларускай мовай у аб'ёме, неабходным для правядзення выхаваўчай працы і вайсковай падрыхтоўкі.
2) Перакласці на беларускую мову вайсковыя статуты.
3) Забяспечыць усе вайсковыя часткі тэкстам прысягі на беларускай мове, і ўрачыстасці з нагоды прыняцця навабранцамі прысягі на вернасць Радзіме праводзіць на мове тытульнай нацыі нашай краіны.
4) Узнавіць курсы беларускай мовы для афіцэрскага складу.
5) Надаць газеце "Во славу Родины" статус дзвюхмоўнай і прадугледзець, каб не менш за 50% матэрыялаў друкавалася па-беларуску.
Сакратарыят ТБМ.
4 траўня 2000 г.