Зварот
Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны да беларускіх рабочых
Шаноўнае спадарства!
Дарагія людзі працы!
Мы звяртаемся да ўсіх вас разам і да кожнага персанальна: да цябе - слесар і да цябе - электрык; да вас - рамонтнікі, наладчыкі, зборшчыкі; і да вас - будаўнікі, чыгуначнікі, шахцёры; мы звяртаемся да тых, хто сёння стаіць ля станка і штурвала ці сядзіць перад экранам кампутара, хто сваёй працай стварае дабрабыт народа, краіны і свой асабісты, але з кожным працоўным днём не багацее, а наадварот, становіцца ўсё больш і больш бяднейшы. Так будзе да таго часу, пакуль вы не ўспомніце, што вы - беларусы і што жывяце не дзе-небудзь, а тут - у Беларусі.
Паглядзіце на літоўцаў, эстонцаў, палякаў, чэхаў ды іншыя народы, якія 10 гадоў таму былі аднолькавыя з беларусамі жабракі. Але цяпер яны з кожным днём багацеюць, а беларусы - бяднеюць. Чаму? А таму што яны жывуць і працуюць на сваёй роднай мове, а значыць - для сябе і сваіх народаў.
Беларускую мову ўлада выгнала са школаў, фабрык і заводаў для таго, каб вашы дзеці і вы не адчувалі сабе гаспадарамі сваёй зямлі, а вынікі вашай працы каб належалі не вам, а суседу, на мове якога вам цяпер вызначылі жыць і працаваць.
Дарагія сябры!
Вяртанне да роднай мовы - гэта шлях да незалежнасці, а значыць - шлях да вашага дабрабыту. Жывіце, працуйце, размаўляйце, вучыце сваіх дзяцей па-беларуску, патрабуйце гэтага ад свайго начальства і ад уладаў Беларусі!
29 ліпеня 1999 года
Сакратарыят ТБМ