ЗВАРОТ
удзельнікаў мітынгу ТБМ імя Францішка Скарыны да гарадскіх уладаў Мінска
Мы, сябры і прыхільнікі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, звяртаемся да кіраўніцтва Мінгарвыканкама і прапаноўваем прыняць шэраг дакументаў па забеспячэнні рэальнага статуса беларускай мовы ва ўсіх сферах жыцця сталіцы, з улікам наступных меркаванняў:
1. У сталіцы павінен быць адчынены Нацыянальны беларускамоўны універсітэт.
2. У кожным мікрараёне не менш як адна школа павінна быць беларускамоўнай.
3. Ліквідаваць практыку невалодання дырэктарамі школ г.Мінска беларускай мовай, аднавіўшы курсавую падрыхтоўку кіраўнічых кадраў.
4. Для пазбягання дыскрымінацыі беларусаў па моўнай прыкмеце абавязаць супрацоўнікаў аддзелаў пісем у органах мясцовай улады на беларускамоўныя лісты даваць адказы па-беларуску.
5. Уся візуальная інфармацыя: шыльды, рэкламныя плакаты, афішы, назвы аб’ектаў - павінна падавацца найперш па-беларуску.
6. Абавязаць усіх дырэктароў дзяржаўных прадпрыемстваў абсталяваць будынкі шыльдамі на беларускай мове.
7. У выпадку перайменавання або надання новым вуліцам назваў выкарыстоўваць беларускую тэматыку і гістарычную тапаніміку. Адшукаць магчымасць надання вуліцам у цэнтры Мінска імён Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Адама Міцкевіча, Францішка Багушэвіча. Увесці ў адпаведную камісію гарвыканкама прадстаўніка ТБМ.
8. У гарадскім транспарце пры абвяшчэнні прыпынкаў выкарыстоўваць беларускую мову, ужываць аўтаабвяшчальнікі, калі вадзіцель не валодае мовай. Прадугледзець 10% надбаўку да заробку вадзіцелям за выкарыстанне беларускай мовы ў працы.
9. Увесці пасаду інспектара па культуры мовы ў пэўных аддзелах райвыканкамаў.
8 верасня 1999 года