-- Дакументы --
Заява Рэспубліканскай Рады ТБМ
ад 10 сакавіка 2002 г.
"БТ-2 павінен стаць нацыянальным каналам!"
Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны падтрымлівае ідэю адкрыцця ў краіне другога тэлевізійнага канала. Аднак мы лічым, што гэтае рашэнне мае сэнс і дасць плён толькі пры той умове, калі, у адрозненне ад першага канала, БТ-2 будзе сапраўды нацыянальным.
Па нашым глыбокім перакананні, новы тэлевізійны канал павінен стаць актыўным чыннікам беларускай культуры, дзе роднае слова тытульнай нацыі зойме законнае паўнапраўнае месца. У выпадку, калі нехта з удзельнікаў перадач не ведае беларускай мовы або не карыстаецца ёю, нормай павінна стаць практыка перакладу, прынятая ў падобных абставінах ва ўсім цывілізаваным свеце.
Мы лічым, што большасць праграм БТ-2 павінны мець асветны характар, шырока адлюстроўваць усе пласты культурнага жыцця Беларусі. Для іх стварэння варта прыцягнуць багаты творчы патэнцыял беларускай інтэлігенцыі, якая дасканала ведае гісторыю сваёй Радзімы і можа дакладна падказаць шляхі адраджэння роднай мовы і надання ёй рэальнага статусу мовы дзяржаўнай.
Трэба пакласці нарэшце канец антыбеларускім настроям і непісьменнай "трасянцы", якімі вызначаецца БТ-1, і зрабіць усё магчымае, каб на новым канале гучала ўзорная беларуская мова, а перадачы былі глыбока нацыянальнымі і па змесце, і па форме.
У гэтай высакароднай справе мы гатовы ўзяць самы актыўны ўдзел і аказаць усемагчымую дапамогу.
Прынята Рэспубліканскай Радай ТБМ
10 сакавіка 2002 г.
г. Мінск